Далучыцца да акцыi можа кожны.
Жыхары Гомеля далучыліся і прынялі актыўны ўдзел у Марафоне салідарнасці, які ладзіўся грамадскай прыёмнай праваабарончага цэнтра "Вясна" з 20 па 25 жніўня як тыдзень падтрымкі палітычных вязняў. У выніку на адрас палітвязняў падпісана звыш сарака паштовак, якія 27 жніўня накіраваны вязням беларускай пенітэнцыярнай сістэмы, паведамляе "Гомельская вясна".
Спіс палітычных вязняў
Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.
12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.
7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).
Адбывае пакаранне ў бабруйскай папраўчай калоніі № 2.
Адрас: ПК-2, атрад № 9.
вул. Сікорскага 1, г. Бабруйск,
Магілёўская вобласць, 213800
Міхаіл Жамчужны – грамадскі актывіст, асуджаны 10.07.2015 г. судом Віцебскай вобласці да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных абавязкаў тэрмінам на 2 гады і 8 месяцаў.
3 ліпеня 2017 г. этапаваны ў папраўчую калонію № 9 ў Горках.
Адрас: ПК-9,
вул. Дабралюбава 16, г. Горкі,
Магілёўская вобласць, 213410.