Лявон Тарасэвіч завяршыў грандыёзную выставу ва Ўроцлаве.
Беларус Лявон Тарасэвіч — адзін з самых вядомых, дарагіх і незвычайных мастакоў у Польшчы. У Вэнэцыі ён зрабіў дыван-карціну, па якой мог гуляць кожны ахвочы. У Варшаве для аднаго твору выкарыстаў 24 тоны пяску, а ў іншым польскім горадзе на 200 кв. м. Тарасэвіч стварыў лябірынт жывапісу і люстраў, паведамляе «Радыё Свабода».
У інтэрвію Свабодзе мастак распавёў пра сваю найноўшую працу, пасьля якой вырашыў узяць адпачынак.
Сёньня Лявон Тарасэвіч жыве паміж Варшавай і роднымі Валіламі на Падляшшы. Мастак, як і музыка, лічыць Тарасэвіч, павінен быць там, дзе можна сьпяваць і дзе гэта кагосьці цікавіць. У польскай сталіцы ён выкладае ў Акадэміі мастацтваў і адкрывае свае выставы. На Беласточчыне, за 20 км ад беларускай мяжы, гадуе аздобных курэй. Іх у яго каля 200. І не абы-якія. Тры гады таму на чэмпіянаце ў Францыі Тарасэвіч атрымаў узнагароду за японскую расу. У лістападзе ён бярэ сваіх курэй на эўрапейскую выставу ў Данію.
Экспазыцыя Тарасэвіча адбывалася ў Музэі архітэктуры. Гэта адзіны музэй у Польшчы, цалкам прысьвечаны архітэктуры. Выстава складалася з трох частак, якія паказвалі эвалюцыю мастака — ад традыцыйных карцінаў на палатне і паперы праз інсталяцыі ў інтэр’еры музэю да адаптацыю музэйнага саду.
«Многія працы мне было прыемна пабачыць самому. Карціны для выставы пазычалі ў Нацыянальным музэі, варшаўскай галерэі Zachęta і беластоцкай галерэі Arsenał, прыватных калекцыях. Некаторыя зь іх нават з маіх студэнцкіх часоў», — кажа Тарасэвіч.
Зрэшты, менавіта ў студэнцкі пэрыяд і адбыўся пераход мастака да незвычайнага стылю. На другім курсе Варшаўскай акадэміі мастацтваў прафэсар параіў Тарасэвічу працаваць дома. Малады мастак пачаў пісаць карціны ў падваршаўскай мясцовасьці Фаляніца і сам нечакана для сябе адкрыў своесаблівы стыль.
«Я паказваю прыроду зь як мага большай доляй сынтэзу. Раблю гэта сучаснай манэрай жывапісу. Мае працы маюць характар сузіраньня. Мы, мастакі, якія выйшлі зь Вялікага Княства Літоўскага, заўсёды былі моцныя колерамі і духоўнасьцю. Таму мой стыль даволі натуральны для нашых абшараў. У Польшчы, напрыклад, жывапіс сымбалічны, адчуваецца вялікі ўплыў каталіцтва, канфлікты з Бэрлінам і Масквою. У маіх працах гэтага няма», — тлумачыць мастак.
«Гэта была найцяжэйшая праца»
Але гэтым разам каталіцтва ўсё ж было прысутнае ў працы Тарасэвіча. Фонам. Музэй архітэктуры, дзе праходзіла яго выстава, раней быў бэрнардынскім кляштарам. Менавіта першая функцыя гэтага месца натхніла Тарасэвіча на незвычыйны экспэрымэнт.
«У месцы, дзе некалі стаяў алтар, я зрабіў драўляную скрыню, зь якой выцякала чырвоная фарба. Яна пералівалася і выцякала ў апсыду. У апсыдзе былі 12 шчытоў, якія былі падключаныя да электрычнасьці і сьвяціліся чырвоным колерам. Потым праз калідор усё пераходзіла ў райскі сад, дзе калісьці адпачывалі і маліліся манахі. Гэтыя сьцяжыны пераходзілі з аднаго колеру ў іншы і па іх можна было хадзіць», — распавядае мастак.
Працу ва Ўроцлаве Лявон Тарасэвіч называе найцяжэйшай за апошні час. Гэты найноўшы мастацкі твор — рознакаляровы кляштарны сад — застанецца ў музэі.
Тарасэвіч дадае, што ўлюбёных колераў ня мае. Калі ён пачынае працаваць над тэмай, то бярэ ў працу тое, што лічыць патрэбным. Часам яны вельмі каляровыя, а іншым разам чорна-белыя і шэрыя. Ніякага правіла проста не існуе. У Музэі архітэктуры наведнікі змаглі гэтую насычанасьць ня толькі пабачыць, але і ў літаральным сэнсе па ёй пахадзіць.
«У беларускай мове ёсьць цудоўны выраз — выяўленчае мастацтва. Бо мастак толькі выяўляе, а думкі паўстаюць у грамадзе, дзе жыве чалавек. Гляньце, што рабілі Марк Ротка, Шагал, Малевіч. Гэта моцна адрозьніваецца ад таго, што мы можам пабачыць у той жа Польшчы. У нас больш містыцызму, сынтэзу, задумлівасьці, чым у цэнтры Эўропы», — гаворыць Тарасэвіч.
«У Віцебску мой росьпіс замалявалі»
У Польшчы Лявон Тарасэвіч стварыў графічны знак роднай Беласточчыны — Падляскага ваяводзтва. Гэта выява зубра ў форме рознакаляровай мазаікі. А якой, паводле Тарасэвіча, магла б быць выява Беларусі?
«Калі я думаю пра Беларусь, то першае, што прыходзіць мне ў галаву, — нешта народнае. Я, напрыклад, здалёк адрозьню ўкраінскую, расейскую і беларускую вышыўкі. Я думаю, што трэба пераасэнсаваць народную вышыўку і зрабіць з гэтага зыходны пункт», — кажа мастак.
У Беларусі Лявон Тарасэвіч быў апошні раз два гады таму. Ён чытаў лекцыю ў Акадэміі мастацтваў. Але на творчую працу ў Беларусі ў мастака няма ані часу, ані жаданьня. Адбіла ахвоту выстава ў Палацы мастацтваў і праблемы зь Міністэрствам культуры і тагачасным віцэ-міністрам Уладзімерам Рылаткам.
«Я аддаў на гэта шмат сілы, але нічога ня выйшла. Пасьля гэтага ў Беларусі я больш нічога не рабіў. Яшчэ ў 1990-я размалёўваў калёны ў Віцебскім мастацкім музэі, а яны гэта ўсё замалявалі. Я лічу, што трэба выкарыстоўваць свае сілы там, дзе нешта ўдаецца зрабіць і дзе гэта можа застацца. Жыцьцё адно і час адзін. Але беларускія мастакі едуць у сьвет, вучацца ў нармальных акадэміях. Таму няма чаго яшчэ наракаць», — кажа Тарасэвіч.