Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як Стэфан Баторый выклікаў цара Івана на дуэль

28.08.2018 общество
Як Стэфан Баторый выклікаў цара Івана на дуэль

Гicторыя Лівонскай вайны.

Прагнучы прарвацца ла Балтыйскага мора, Маскоўская дзяржава ў 1558 г. напала на Інфлянты (Лівонію) - канфедэрацыю з пяці прыбалтыйскіх княстваў. Войскі Івана IV захапілі Нарву і Дорпат (Тарту). Спадзеючыся на падтрымку, інфлянцкі магістр прызнаў сябе васалам Вялікага Княства Літоўскага. Гетман Мікалай Радзівіл Руды павёў ліцьвінскія палкі на дапамогу суседзям.

У 1562 г. маскоўскія ваяводы ўступілі на тэрыторыю нашай дзяржавы і, ужываючы тактыку выпаленай зямлі, дайшлі да Віцебска, Дуброўны, Воршы, Копысі і Шклова. Пра паход на Віцебск маскоўскі летапісец занатаваў: «Астрог узялі ды папалілі, і пасады ў горада ўсе папалілі, і людзей у астрозе многіх пабілі, і вёскі з сёламі папалілі ды паваявалі». Ад таго часу галоўным тэатрам баявых дзеянняў у Інфлянцкай вайне сталі беларускія землі.

Захоп Полацка

Прапанова гаспадара Жыгімонта Аўгуста пра ўзаемны адвод войскаў не задаволіла Івана IV, які меў намер захапіць Полацак - тады найбуйнейшы і найбагацейшы горад Вялікага Княства. На пачатку 1563 г. асноўныя сілы маскоўцаў на чале з Іванам Жахлівым узялі яго ў аблогу. 60-тысячнай варожай ардзе з 200 гарматамі супроцьстаяў зусім невялікі гарнізон ваяводы Станіслава Давойны. Гетман Радзівіл меў толькі 3,5 тысячы кавалерыі з 20 гарматамі і не мог дапамагчы палачанам. Нягледзячы на гэта, абаронцы адмовіліся скласці зброю. Яны гераічна трымаліся больш за два тыдні і аднойчы нават наважыліся на начны вылаз, каб адбіць у непрыяцеля гарматы. Аднак сілы былі занадта няроўныя. Ваявода Давойна спярша мусіў вярнуць сваіх людзей у замак, а пасля сёмага варожага прыступу капітуляваў.

Парушыўшы абяцанні, Іван IV абвясціў палоннымі не толькі жаўнераў але і ўсіх жыхароў. Італіец Аляксандр Гваніні, які тады быў віцебскім ваенным камендантам, пісаў у кнізе «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі», што захопнікі вывелі з Полацка ў Масковію 50-тысячны палон, у тым ліку ўсю шляхту. Некалькі тысяч не вытрымалі дарогі і загінулі ад марозу і голаду. Расейскія стральцы вынішчылі ў горадзе ўсіх каталікоў, а юдэяў - ад старых да немаўлятаў - патапілі пад лёдам Дзвіны і Валовага возера.

Страта Полацка была для Вялікага Княства Літоўскага надзвычай цяжкім ударам. Распачаліся перамовы аб міры, але яны не далі плёну: Масква не хацела вяртаць Полаччыну, а Вільня не згаджалася ад яе адмовіцца. Захоп фарпоста еўрапейскай цывілізацыі і жорсткасць расправы з абаронцамі і мірнымі жыхарамі Полацка выклікалі гучны рэзананс у іншых краінах. «Лятучыя лісткі» з апісаннем трагедыі выходзілі па-нямецку, па-ангельску, па-французску, па-чэшску, па-лацінску, па-галандску ў розных гарадах Еўропы ад Любека да Ліёна.

Бітва на Вуле

У студзені 1564 г. вораг распачаў новую ваенную кампанію. Дзве расейскія арміі з боку Полацка і з-пад Смаленска павінны былі злучыцца пад Воршай і рушыць на Менск, Наваградак і Вільню. Але захопніцкія планы сарвалі вялікі гетман Мікалай Радзівіл Руды і палявы гетман Рыгор Хадкевіч.

25-тысячнае войска маскоўцаў на чале з Пятром Шуйскім рухалася левабярэжжам ракі Вулы быццам па сваёй зямлі, нават не высылаючы наперад дазораў. Ваявода быу упэўнены, што ліцьвінскія харугвы, у якіх агулам было не болей за 8 тысяч ваяроў не адважацца ўступіць у бітву. Аднак увечары 26 студзеня каля вёскі Іванск паблізу Чашнікаў гетман Радзівіл з аддзелам адборнай конніцы атакаваў маскоўскі авангард.

Пасля кароткай сечы ліцьвіны пачалі адступаць, завабліваючы праціўніка за сабой. Гэта адкрыла прастору для раптоўнага ўдару нашых галоўных сілаў па варожай калоне. Стральцы не паспелі ні надзець брані, ні стаць у баявыя шыхты. Кінуўшы абоз, яны ў паніцы рассеяліся па полі і спрабавалі ратавацца ўцёкамі. Лава нашай кавалерыі секла маскоўцаў, не даючы ім апамятацца.

У месяцовым святле ліцьвіны некалькі міляў пераследвалі рэншткі разгромленага войска. Дабіваць захопнікаў дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Пад сякерай простага селяніна з Іванска скончылася жыццё самога ваяводы Шуйскага. Ад куляў, шабляў і дзідаў у бітве на Вуле (яе называюць таксама бітвай на Іван-полі) палегла дзесяць тысяч акупантаў і гэтулькі сама патанула ў рацэ. У Полацак вярнулася толькі пятая частка маскоўцаў. 3 нашага боку страты склалі некалькі сотняў палеглымі і параненымі. Сярод камандзіраў вылучыліся ваяры з славутых беларускіх родаў Ян Хадкевіч, Раман Сангушка, Багдан Саламярэцкі, Мікалай Сапега, Юрай Тышкевіч, Богуш Карэцкі, Юрый Зяновіч.

На падзеі 1564 г. гісторык і паэт Мацей Стрыйкоўскі адгукнуўся паэмаю «Бітва на Вуле». Гэты твор сярод іншых цікавых дэталяў паведамляе, што звесткі пра паход маскоўцаў гетман Радзівіл атрымаў ад набліжанага да яго праваслаўнага святара, які няраз пабываў у Полацку з таемнымі паручэннямі, «выкарыстоўваючы хітрасць Адысея».

Праз тыдзень пасля тае перамогі адбылася яшчэ адна важная для далейшага ходу вайны бітва. Пад Воршай амсціслаускі ваявода Юрай Осцікавіч і аршанскі стараста Філон Кміта-Чарнабыльскі малымі сіламі здзейснілі імклівую атаку на перадавы полк 50-тысячнага войска ваяводы Пятра Абаленскага-Сярэбранага. Ваеннай хітрасцю нашы камандзіры злолелі пераканаць ворагаў, што на іх напала ўсё пераможнае войска Радзівіла. Маскоўцы пакінулі абоз на 25 тысяч вазоў з тысячамі коней і спехам адступілі да Смаленска.

У выніку зімовай кампаніі 1564 г. была адноўленая ваенная раўнавага паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўшчынай і пачалося пазіцыйнае супроцьстаянне з лакальнымі сутычкамі.

Вяртанне Полацка

Стэфан Баторый меў шматстайныя таленты дзяржаўнага дзеяча, але найперш застаўся ў нашай гісторыі як выдатны палкаводзец. Адразу пасля каранацыі ен прысягнуў што заўсёды будзе асабіста ўзначальваць войска і верне захопленыя Маскоўшчынай землі. Дарэчы, Баторый пасылаў Івану IV выклік на дуэль, але маскоўскі князь маладушна адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што не лічыць абранага манарха роўным яму, які сеў на трон «по божию изволению».

Галоўнай мэтаю гаспадара было вяртанне Полацка. Добра падрыхтаваўшыся да паходу, Баторый з 40-тысячнай арміяй улетку 1579 г. падышоў да старажытнай крывіцкай сталіцы. Пасля трох тыдняў неверагодна цяжкай аблогі і некалькіх прыступаў Полацак быў вызвалены. Пад камандаваннем вялікага князя знаходзіліся таксама вугорскія, нямецкія і польскія палкі, аднак найбольшую мужнасць выявілі ліцьвінскія аддзелы Сцяпана Збаражскага, Мікалая Дарагастайскага, Юр'я Зяновіча і Яна Глябовіча. Адборную конніцу прывёў пад полацкія сцены сын героя Аршанскай бітвы 1514 г. князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі.

Неўзабаве нашае войска авалодала ўсімі пабудаванымі на поўначы Беларусі варожымі фартэцамі, якія маскавіты лічылі непрыступнымі. Затым Баторыевы ваяры ўзялі Вяліж, Невель, Усвят, Вялікія Лукі. Далейшыя наступальныя дзеянні былі спыненыя пад Псковам. Зняўшы з яго аблогу, Баторый пайшоў на перамовы з Масквой.

Вынікі вайны

Падпісанае ў 1582 г. Ям-Запольскае замірэнне засведчыла цяжкую паразу Маскоўскай дзяржавы. Яна адмаўлялася ад заваяваных раней інфлянцкіх і беларускіх абшараў, вяртаючы пры гэтым сорак гарадоў. У складзе Вялікага Княства Літоўскага замацоўваліся не толькі Полаччына, але і іншыя нашы землі, прыкладам Невель і Вяліж, захопленыя маскоўцамі яшчэ ў часе вайны 1500-1503 гг.

Разам з тым для Вялікага Княства Інфлянцкая вайна мела нялёгкія наступствы. Яна сталася прычынай вымушанай вуніі з Польшчай, што несла небяспеку страты суверэнітэту.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ

1558-1582 гг. Інфлянцкая (Лівонская) вайна.

1562 г. Масковія распачала ваенныя дзеянні супраць Вялікага Княства Літоўскага.

1563 г. Войскі Івана IV захапілі Полацак.

26 студзеня 1564 г. Перамога над маскоўцамі на рацэ Вуле.

Жнівень 1579 г. Вызваленне Полацка.

1582 г. Ям-Запольскае замірэнне.

Уладзімір Арлоў, Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]