Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Былі ўсе – не стала ніводнага

28.08.2018 культура
Былі ўсе – не стала ніводнага

Сення Генадзю Бураўкіну магло б споўніцца 82 гады.

Дзень народзінаў Генадзя Бураўкіна.

У апошнія месяцы ягонага жыцця мы сустракаліся амаль штодня. Ці перамаўляліся, калі сустрэцца не выпадала, па тэлефоне.

Ён патэлефанаваў, калі яго перавялі з мінскага шпіталю ў “ракавы корпус”. У Бараўляны, дзе, нягледзячы на ўсе супакаенні дактароў (“Тут лепшая дыягностыка, мы проста паглядзець, якасныя аналізы зрабіць”), ён усё зразумеў.

– Ляжу, жыццё перабіраю, – сказаў ён на маё звыклае “як пачуваешся”? – Што зрабіў так, а што не так, што напісаў, і што ўжо не напішу, дзе пабываў, а дзе ўжо не буду... – І, мусібыць, каб не такімі сумнымі былі гэтыя пераборы, скончыў. – Што выпіваў, і чаго ўжо не вып’ю...

– Цяжка ўявіць нешта такое, чаго б ты не выпіваў... – не прыдумаў я лепшага, каб падтрымаць яго, жарту, і ён прыняў той жарт, сказаўшы, што раней і сам так лічыў, але сёння ўспомніў, што напой гэтакі ёсць: тэкіла.

«Тады чакай...» – збегаў я ў краму і праз паўтары гадзіны быў у Бараўлянах. Але пакуль ехаў, яго перавялі ў палату рэанімацыі, куды мяне з тэкілай не пусцілі.

Прыйшоў я да Генадзя з той самай пляшкай тэкілы ўжо тады, калі яго прывезлі са шпіталю дахаты. Быў пачатак вясны, і для таго, каб дарабіць недаробленае, напісаць недапісанае і выпіць невыпітае, заставалася ў яго менш за тры месяцы.

Ён быў слабы. Юля (жонка) дапамагла яму сесці ў ложку. На маё пытанне пра тэкілу сказала: “Цяпер ужо ўсё можна. Дый каб нельга было, усё адно ж ён зробіць так, як вы дамовіліся”.

Нарэзала і прынесла лімон, соль, кілішкі. Я наліў. Ён лізнуў дробку солі, урачыста, амаль рытуальна выпіў... Зажмурыўся, заеў скрыдлікам лімона... Смакуючы, памаўчаў, паварушыў, злізваючы рэшткі смаку, губамі, расплюшчыў вочы і сказаў: “Чакаў большага...”

Гэтыя два словы на парозе смерці падаліся мне глыбокай метафарай.

Усе мы чакаем большага. Ад усіх і ўсяго. Ад бацькоў, каханых, сяброў, жыцця...

Ад Бога.

А трэба было б – ад сябе. Каб было што даць сябрам, каханым, якія таксама чакаюць ад нас большага…

Ён аддаў усё, што меў.

На фота:

Ён і Яна. Генадзь і Юля.

На лецішчы, дзе пісалася апошняя кніга.

Бураўкін, Быкаў, Барадулін. Былі ўсе – не стала ніводнага.

Уладзiмiр Някляеў, Facebook

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]