Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Новы ўрад: бязлітасны і бессэнсоўны

31.08.2018 политика
Новы ўрад: бязлітасны і бессэнсоўны

Ні на што, апроч спрэчак, наш урад не ўплывае.

Шматлікія эксперты не перастаюць варажыць, чаго чакаць ад новага ўраду, апантаныя эканамісты выдаюць парады Румасу, з нагоды новага кабміну спрачаюцца нават бабулі на лавах ля пад’езда.

Як па мне, дык усё гэта — бессэнсоўная валтузня. Ці, як кажа наш правадыр, «мышкаванне». Лепей бы заняліся нечым больш карысным.

Так, замест Кабякова прыйшоў Румас. Кажуць, ён «рыначнік» і банкір. Ну і што? Рыначнікам і банкірам ён быў на пасадзе віцэ-прэм’ера ў 2010–2012 гадах. Кажуць, тады ён вельмі спрачаўся наконт уключэння грашовага станка ў час крызісу 2011 года з памочнікам Лукашэнкі па эканоміцы Сяргеем Ткачовым. Які вынік тых спрэчак? Выкід пустых грошай на «подкуп выбаршчыкаў» у 2010 годзе адгукнуўся тым самым валютным крызісам і ці не самай катастрафічнай дэвальвацыяй у 2011-м, пасля чаго ўрад — і Румас у тым ліку — пайшоў у адстаўку.

Гэта азначае што? Дэ-факта, гэта азначае, што ні на што, апроч спрэчак, наш урад не ўплывае.

Возьмем, да прыкладу, папярэдні ўрад Кабякова. Гэты ўрад быў прызначаны пасля такога ж валютнага крызісу 2014 года, амаль пад Новы год, 27 снежня. Што добрага ці дрэннага адбылося з таго часу? Чым гэты ўрад запомніцца?

За гэты час была да адназначнай велічыні ўтаймаваная інфляцыя і праведзена дэнамінацыя, у выніку чаго ў нас з’явіліся манеты. Але гэта, хутчэй, заслуга не ўрада, а Нацыянальнага банка, які праводзіць даволі жорсткую манетарную палітыку. Манеты і інфляцыя — гэта іх дасягненні, а не ўрада.

У час прэм’ерства Кабякова быў распрацаваны і паспяхова сканаў падатак на дармаедства. Разумныя людзі адразу пасля з’яўлення гэтай ідэі казалі: такая схема працаваць не будзе. Але ідэя сыходзіла персанальна ад Аляксандра Рыгоравіча, і ўрад, нават разумеючы ўсю яе нягегласць і абсурднасць, узяўся за яе рэалізацыю. Да чаго гэта прывяло — усім вядома.

«За Кабяковым» быў падпісаны дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі і чарговы дэкрэт аб лібералізацыі ўмоваў вядзення бізнесу. Зноў жа, Кабякоў і Ко маюць да гэтых дакументаў дачыненне толькі апасродкаванае. Галоўны і асноўны крок зрабіў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым мы, шчыра кажучы, пакуль не бачым істотных вынікаў ані ад першага, ані ад другога дакумента, хаця падпісаныя яны былі 9 месяцаў таму, а ўступілі ў дзеянне ўжо паўгода як.

Дык чым нам запомніцца прэм’ерства Кабякова? У чым заслуга ўжо мінулага Саўміну альбо яго правалы? А ні ў чым. Апроч дзіравага даху на адным з аршанскіх прадпрыемстваў.

Ці ёсць падставы меркаваць, што вынікі дзейнасці ўраду Румаса будуць значна лепшымі (ці горшымі), чым вынікі амаль чатырохгадовай працы ўрада Кабякова?

Скажам шчыра — падстаў ніякіх. Па-першае, усе рашэнні ў краіне прымае адзін чалавек. Усе мы гэтага чалавека ведаем, і гэта не Румас. Па-другое, прызначаючы новы ўрад, кіраўнік краіны сказаў адкрытым тэкстам: ніякіх рэформаў, ніякай шокавай тэрапіі. Развівайце, што ёсць, працягвайце мадэрнізацыю, і гэтак далей. А гэта азначае, што карт-бланш на рэформы, на рэалізацыю сваіх ідэй урад Румаса не атрымае.

Па-трэцяе, сам Румас, прадстаўляючы калектыву Міністэрства эканомікі іх новага кіраўніка, зазначыў: «Я чакаю ад вас і ад вашай каманды новых ідэй… Разам з тым мне вельмі б хацелася, каб новыя прапановы не былі чыста тэарэтычнымі і адарванымі ад жыцця, а каб яны выдатна спалучаліся з нашай рэчаіснасцю і ўкараненне іх не прыводзіла да нейкіх шокаў».

Па факце гэта азначае, што Румас, можа быць, і ведае варыянты выхаду Беларусі на нармальны шлях развіцця эканомікі. Але ўсе гэтыя інструменты шокавыя, а іншых ідэй у яго няма. Вось ён і звяртаецца па дапамогу да Мінэканомікі. А калі ў прэм’ера ад пачатку няма ідэй, і ён просіць іх збоку — гэта нармальна?

У нашых умовах — нармальна, бо Румасу адразу пастаўленая невыканальная задача: і каб працавала эканоміка, і вырас дабрабыт насельніцтва, і каб нічога ў эканоміцы не змянілася.

Калі ж новы прэм’ер раптам узбрыкне і пачне ажыццяўляць «шокавыя» ідэі, то яго «банкірства» апынецца не плюсам, а мінусам. У нашай рэальнасці менавіта банкір лягчэй за ўсіх аказваецца на лаве падсудных. Асабліва, калі гэта былы кіраўнік Банку развіцця, які, па патрабаванні зноў жа Лукашэнкі, фінансаваў знакамітыя стратныя дзяржпраграмы ў галіне мадэрнізацыі і АПК. Тут заўсёды знойдзецца, да чаго прычапіцца.

Так што ніякіх зрухаў ці прарываў ад ураду Румаса чакаць не даводзіцца. Хутчэй за ўсё, новы ўрад — чарговы «хлопчык для біцця» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Тады кіраўнік Беларусі ў чарговы раз «адставіць» урад і спіша на гэтых нібыта «рыначнікаў» усе правалы.

Бадай, адзінае, што Румас можа цяпер зрабіць, — гэта ажыццявіць сваю даўнюю мару і запусціць у Беларусі айчынны спартыўны тэлеканал. Але ці гэтага чакаюць ад прэм’ера?

Сяргей Пульша, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]