Мовазнаўца і перакладчык тлумачыць, у чым галоўная загана цяперашняй сыстэмы адукацыі ў Беларусі.
Лявон Баршчэўскі тлумачыць «Радыё Свабода», у чым галоўная загана цяперашняй сыстэмы адукацыі ў Беларусі, заяўляе, што расейскай мове аддаецца абсалютны прыярытэт, і тлумачыць, як дзяржава робіць беларускамоўную адукацыю штучнай і другараднай.
Улада прапанавала посткаляніяльную мадэль з крэольскім адчуваньнем сьвету
— Калі б вас папрасілі некалькімі тэзісамі вызначыць на сёньня самую галоўную, прынцыповую праблему беларускай адукацыі, — што б вы выдзелілі?
— Па-першае, павінна быць канцэпцыя пабудовы нацыянальнай сыстэмы адукацыі. Гэтую канцэпцыю распрацоўвалі ў 90-я гады, дастаткова шырока. Але потым ад яе новая ўлада цалкам адмовілася, а ўзамен нічога не прапанавала. Дакладней, прапанавала посткаляніяльную мадэль з крэольскім адчуваньнем сьвету. І гэтая мадэль таксама доўга ня выжыла. Таму далей пайшла мадэль ідэалёгіі — з пачатку 2000-х. Але будаваць ідэалёгію дзяржаўнасьці, не выкарыстоўваючы падмурак культуры і мовы, — таксама аказалася правалам.
Потым пайшло проста хаджэньне ў фарватэры нечых ідэяў. Радыкальная «рубінаўская» (ад прозьвішча Рубінаў) рэформа 2008 году была відавочна падказаная небеларускімі экспэртамі. Гэта быў відавочны вонкавы ціск — «чаму ў Расеі 11-гадовая сыстэма адукацыі, а вам трэба 12-гадовая?» У выніку гэтая жахлівая рэформа 2008 году адкінула нашу сыстэму адукацыі на дзясяткі гадоў назад.
— Паводле палітолягаў і сацыёлягаў, сыстэма адукацыі і нацыянальныя СМІ — галоўныя чыньнікі фармаваньня сучаснай нацыі. Каго ў Беларусі фармуе беларуская сыстэма адукацыі?
— Днямі Міністэрства адукацыі зацьвердзіла 39 узораў вокладкі дзёньнікаў, якія могуць выкарыстоўвацца ў навучальных установах. І на 25 вокладках — спартовыя сымбалі, алімпійскія кольцы і ўсё падобнае. Скарына на трох вокладках, на адной — Пётар Мсьціславец. На астатніх нейкае безаблічнае жытняе поле, трактар, камбайн. І тут адразу відаць прыярытэты гэтай сыстэмы адукацыі: ніякага нацыянальнага выхаваньня, ніякіх інтэлектуалаў — толькі спорт, сельская гаспадарка. Абы людзі ня думалі, а фізычна нешта выконвалі.
— То бок сучасная беларуская сыстэма адукацыі не выхоўвае крытычнага мысьленьня ў навучэнцаў — таго, што ляжыць у аснове эўрапейскай адукацыі, асабліва вышэйшай?
— Гэта і ёсьць галоўная хіба беларускай адукацыі. Яна, па-першае, не выхоўвае ніякага крытычнага мысьленьня. Стандарты аднолькавыя, падручнікі аднолькавыя. Уніформа падобная, зацьверджаная Міністэрствам адукацыі паводле ўзору.
Зь іншага боку, праблемы і з кампэтэнцыяй. Частка гэтых ведаў цалкам адарваныя ад рэчаіснасьці, трансьлююцца нейкія паняцьці і рэчы, актуальныя 50–60 гадоў назад. Скажам, прадмет «чарчэньне», калі дзеці ўмеюць на кампутары стварыць нашмат больш складаныя фігуры, чым ім прапануюць маляваць у сшытку ці альбоме, — гэта выглядае анахранізмам. І так далей. То бок не выхоўваецца ані крытычнае мысьленьне, ані кампэтэнтнасны падыход.
Беларускага няма ў календары Міністэрства адукацыі
— Вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы ня раз казала пра неабходнасьць замацаваньня сувэрэнітэту, асабліва пасьля падзеяў 2014 году, пасьля якіх загаварылі нават пра пэўную «мяккую беларусізацыю». Але пры гэтым не адбываецца ніякіх прабеларускіх пазытыўных зьменаў у сыстэме адукацыі. Чаму?
— Улада ці сама паставіла, ці ёй нехта паставіў пэўныя рамкі. «Паняцьце сувэрэнітэт — гэта асабістая ўлада, якой вы можаце і пазбавіцца». Таму выхад за гэтыя межы пазначаны чырвонымі сьцяжкамі. Міністэрства адукацыі ніяк не адзначыла 100-годзьдзе БНР. Гэта зразумела, бо яны прызнаньне БНР успрымаюць як сваю ідэалягічную паразу.
Але нават мерапрыемстваў да стагодзьдзя БССР асабліва няма. Вось стагодзьдзе камсамолу, паколькі ён быў абвешчаны ў Расеі, — дык сам міністар адукацыі ўзначальвае аргкамітэт, ён засядае, праводзіць імпрэзы. Але як што датычыць беларускага — дык гэтых рэчаў зусім няма ў календары Міністэрства і аддзелаў адукацыі.
Мне не зразумела, на чым будаваць ідэю сувэрэнітэту — калі не на гэтым? Калі не на ўласнай гісторыі, павазе да таго, што рабілі нашы продкі?
— Беларусь тры гады таму «авансам» прынялі ў Балёнскі працэс, але краіна не зрабіла фактычна нічога, чаго патрабуе ўдзел у гэтым працэсе, у эўрапейскай вышэйшай адукацыі. Як гэта ўдаецца беларускім чыноўнікам?
— Эўрапейскія чыноўнікі вельмі цярплівыя. Яны выстаўляюць «дарожную мапу». Ім пішуць рапарты, што мы «рабілі зрухі» ў нейкай галіне. Але істотна і сутнасна — у такіх рэчах, як раскрыцьцё межаў для студэнцкага абмену, унутранае самакіраваньне ўнівэрсытэтаў — тут ніякіх крокаў няма. Насамрэч Беларусь толькі фармальна і ўмоўна прысутнічае ў Балёнскім працэсе.
Калі ўлада пабудаваная па вэртыкальным прынцыпе, там не застаецца месца для акадэмічных свабодаў
— Адмыслоўцы падлічылі, што ў сфэры акадэмічных свабодаў з 9 грамадзка значных задачаў пакуль ня выкананая ніводная. У пэўны момант, відаць, тыя ж эўрапейскія чыноўнікі пачнуць ставіць пытаньні: «Што азначае ваша прысутнасьць у Балёнскім працэсе?» Увогуле, самакіраваньне ў беларускіх унівэрсытэтах — гэта магчыма пры цяперашняй палітычнай уладзе?
— Пытаньне рытарычнае. Калі ўлада пабудаваная па вэртыкальным прынцыпе, там не застаецца месца для акадэмічных свабодаў. Вярхоўная ўлада прызначае рэктараў, узгадняе прарэктараў. Прыватныя навучальныя ўстановы ня могуць атрымаць ліцэнзію, калі Міністэрства адукацыі ня ўзгодніць пасаду рэктара. Пра якія тут можна казаць акадэмічныя свабоды?
— Улада апошнія гады шмат кажа пра падтрымку беларускай мовы. У менскія гімназіі стаяць чэргі, каб туды запісацца — то бок нельга сказаць, што туды ніхто ня хоча ісьці. Чаму ўлады, нягледзячы на свае словы, не ідуць на пашырэньне колькасьці беларускамоўных навучальных установаў?
— Сама пастаноўка працы ў сыстэме адукацыі заведама пабудаваная на тым, што расейскай мове аддаецца абсалютны прыярытэт. Сёньня 31 жніўня. 8-я клясы ўсе пераходзяць на новыя праграмы і падручнікі. Калі падручнікі на расейскай мове ўжо падрыхтаваныя, надрукаваныя і завезеныя ў школы, то падручнікаў на беларускай мове не надрукаваная нават палова. А завезеныя ў школы — толькі 3–4 пазыцыі. Я не кажу ўжо пра атлясы, электроннае забесьпячэньне.
Гэта красамоўна кажа пра стаўленьне, што гэта другарадная адукацыя, нешта другога гатунку. Калі ж казаць пра якасьць — беларускамоўныя падручнікі перакладныя, перакладзеныя непрафэсіяналамі, нейкімі карэктарамі, жахлівай мовай. Гэта адаб’е ахвоту навучацца нават у тых бацькоў, якія пазытыўна ставяцца да беларускамоўнага навучаньня. Падручнік для 8-й клясы па мастацтве, дзе цэнтральнае месца павінна займаць беларускае мастацтва, — пішацца па-расейску, перакладаецца няякасна на беларускую мову.
Які можа быць вынік? Толькі далейшае адбіваньне ахвоты навучацца па-беларуску. Бо ўсё робіцца для ўспрыняцьця беларускамоўнай адукацыі як ненатуральнай, штучнай. Гэта дзесяцігодзьдзямі навязваецца бацькам, якія вядуць сваіх дзяцей у гэтыя навучальныя ўстановы. Фармальна — так, ёсьць беларускамоўныя навучальныя ўстановы. Ёсьць нават чэргі туды. Але калі бацькі сустракаюцца зь якасьцю, калі настаўнікі кажуць гэтым бацькам «падручнікі ў вас беларускія, но мы будем детям объяснять по-русски, и вообще это несерьёзно», то, адпаведна, гэты нішчыць тыя рэшткі беларускамоўнай адукацыі, якія былі створаныя ў 90-я гады.