20 фактаў пра Масея Сяднёва.
1 верасьня Масею Сяднёву — 105 гадоў. Яго вершы хвалілі Янка Купала і Якуб Колас. Галоўныя кампартыйныя ідэолягі ад літаратуры Міхась Клімковіч з Андрэем Александровічам пісалі пра яго як пра таленавітага творцу, але гэта не ўберагло яго ад арышту. Потым ён, аднак, прызнаваўся, што менавіта ў турме адчуў сапраўдную творчую свабоду.
Свой трагічны лёс (сталінскія лягеры, разлука з каханай і сынам, забойства маці партызанамі) ператварыў у літаратуру. Два яго аўтабіяграфічныя раманы «І той дзень надышоў» і «Раман Корзюк» унікальныя для беларускай прозы спалучэньнем займальнай вострасюжэтнасьці, гратэску, сьмелай эротыкі, фантасмагарычных вобразаў, у аснове якіх ляжыць праўдзіва-трагічны зьмест, паведамляе «Радыё Свабода».
1. Баяўся згубіць цнатлівасьць
«...маці (...) баіцца, каб я ня зьбіўся з дарогі, заставаўся чыстым, (...) Боязь (...) маці дзіўным спосабам перадалася і мне — я й сам баяўся ўліпнуць дзе-небудзь, бярогся, ня йшоў на збліжэньне да такой ступені, калі мог-бы ўжо пераступіць мяжу. (...) Канешне, было тут і іншае — ідэалізацыя жанчыны як катэгорыі чыста эстэтычнай. Змалку бачыў у ёй толькі нябеснае, не цялеснае, толькі прыгожае, да чаго нельга дакрануцца, псаваць. І ўжо будучы дарослым, хоць і даведаўся аб жанчыне болей, — не хацеў разбураць, разьвенчваць створанага мною раней вобразу» (Сяднёў М. І той дзень надышоў. / Патушаныя зоры. 1991).
2. У сталінскія часы публікаваў іранічна-крамольныя вершы
Напрыклад, у «Полымі рэвалюцыі» (1934, № 6) надрукаваў верш «Зь пісьма дзяўчыны», дзе гумарыстычна пераасэнсаваў прымаўку «Тамбовский волк тебе товарищ». Сяднёў піша пра гордую беларуску, што ня можа дараваць аднавяскоўцу, які паехаў вучыцца ў Тамбоў, дзе яго спакусіла мясцовая дзяўчына: «Сумавала. У Тамбове, / Добра знаю я, цяпер / Ходзіш зь мілаю ты новай / Пасядзець на шумны сквэр. / Прыяжджай да нас з Тамбова, / І ты ўбачыш тады сам, / Што цяпер каханак новы / Да мяне прыходзіць у сад. / Як прыедзе толькі з поля, / Спыніць трактарны матор. / Ён такі харошы, Толя, / Хоць да раньня зь ім прастой». Як бачна, у вершы выразна чытаецца сьмелая ідэя: той, хто зьяжджае ў Расею, ператвараецца ў чалавека, ня вартага даверу.
3. У юнацтве адкрыта дэклямаваў антыкалгасныя дрындушкі
«...у 1932 годзе (...) працаваў у калгасе. Тады была вясна і вялася прапаганда „звышраньняй“ сяўбы. Прыяжджаў з раёну ўпаўнаважаны і націскаў на сельсавет, каб было засеяна некалькі гектараў і ён мог паслаць зводку ў раён. А пагоды не было! Але ўсё роўна: грэчку сеялі ў дождж. Дзяўчаты і хлопцы сеялі, я баранаваў і сьпяваў такую частушку: „Сатварылі ў нас калгасы, / Сатварылі на бяду. / Заставілі ідыёты / Грэчку сеяць у ваду“. Частушку гэтую падхапілі і пачалі сьпяваць. А ўпаўнаважаны, які нічога не разумеў у сельскай гаспадарцы, кажа: „Хто гэта сачыніў?“ Дзяўчаты ня ведалі, што са мною маглі зрабіць, і паказваюць: „Ён“. Мяне — у сельсавет. Праўда, абышлося: несьвядомы яшчэ, вучань...» (Барыс Сачанка. Масей Сяднёў: «Я толькі кропля ў акіяне». // Маладосьць. 1990. № 9).
4. Яго публічнае чытаньне калгасьнікам «Пiсьма беларускага народа вялiкаму Сталiну» (1936) выклікала скандал
«Я чытаў занадта хутка, гнаў — як-бы перада мною сядзелі самі паэты, якія яго напісалі. Чытаў з запалам, натхнёна, спадзеючыся, што такім спосабам я дасягну найбольшага эфэкту. Ды ня тут тое было. Напачатку, можа якую хвіліну-дзьве, мяне слухалі ўважліва, а потым, калі стаміліся ад майго малачэньня, перасталі слухаць, пачалі гаманіць, кідаць рэплікі, (...) сьмяяцца. (...). Старшыня, расчырванелы, заклікаў да парадку, але гэта яму мала ўдавалася (...). Чытаньне маё перарывалася. (...) ...Сход выйшаў з-пад кантролю (...). Дзяўчаты пырскалі ад сьмеху, нешта паказвалі мне на пальцах, а я яшчэ болей бянтэжыўся (...). Асабліва я быў зьбіты з тропу, калі дайшоў (...) да радка «і дзяўчаты ходзяць у шаўку». Выбухнуў сьмех. Дзяўчаты, што стаялі збоч, былі ня толькі не ў «шаўку», а босыя. «Глядзеце, як надзеў іх Сталін — проста вуліцу мятуць шоўкам». (Сяднёў М. І той дзень надышоў. / Патушаныя зоры. 1991).
5. Яго арыштавалі празь верш Якуба Коласа
«Помню один эпизод 1936 года. Шло обсуждение проекта сталинской Конституции. Я тогда готовился к семинару „по Коласу“. И выписал у поэта о николаевской Конституции: „Канстытуцыю далі, / Адчынілі дзьверы, / I... ў астрог нас павялі, / I таўкуць бязь меры“. Вышел в институцкий коридор, а тут очередное объявление — приглашение на собрание по поводу сталинской Конституции. Я возьми и процитируй коласовские строки... И это стало известно в НКВД. Кто донес? Может, друг, с которым вместе готовился к семинару» (Галина Айзенштадт. «Я прыйшоў...» // Знамя юности. 17 мая 1990 г.).
6. У менскай турме яго творчасьць нагэтулькі спадабалася прэм’ер-міністру БНР Аляксандру Цьвікевічу, што ён надрапаў адзін зь вершаў Сяднёва на сьцяне камэры
«Родныя, ня плачце пры ўспаміне, не загіне ваш бяздомны сын. Я прыйду з далёкае чужыны, змучаны выгнаньнем на спачын. Утаю я сэрца свайго раны, абаб’ю з адзеньня пыл сваіх дарог, і прыйду нязломным я і стану на даўно пакінуты парог...» — эти строки Масей Седнев написал еще в 1936-м, сидя в минской тюрьме. Их запомнил и прочел мне недавно Василь Хомченко. (...) Из камеры, в которой он сидел вместе с Седневым, Хомченко перевели в другую, где он познакомился с известным белорусским ученым Александром Ивановичем Цвикевичем и прочел ему стихотоврение Масея, признавшись, что эпитет после слова «прыйду» он забыл. И тогда Цвикевич подумал и предложил: «Пусть будет „нязломным“. А потом, найдя какой-то гвоздик, выцарапал на стене мелко-мелко целиком текст стихотворения» (Галина Айзенштадт. «Я прыду з далёкае чужыны...» // Знамя юности. 15 августа 1989 г.).
7. У турме натхняў зьнявераных паэтаў не закідаць творчасьць
«Студэнт, зямляк, быў паэт-пачатковец [маецца на ўвазе Масей Сяднёў. — В. Дэ Эм.], але ўжо шмат друкаваўся, багата ведаў на памяць вершаў сваіх і чужых, чытаў іх нам. Там жа ў камэры ён складаў новыя вершы, якія мы калектыўна абмяркоўвалі, хвалілі або крытыкавалі. Для мяне, рабфакаўца, такія разборы былі вельмі цікавыя і запамінальныя. (...) Янка Туміловіч свае вершы чытаў неахвотна (...): — Я вершы ўжо даўно не пішу, відаць, і не напішу больш. — Будзеш пісаць і напішаш нямала, — рашуча не згаджаўся зь ім студэнт [Сяднёў. — В. Дэ Эм.]. — Ты ж паэзіяй жывеш, ну дык і жыві ёю. Толькі не адкладвай, не цягні, пішы ўсюды, і тут пішы. Вось табе інструмэнт. — Ён даў Туміловічу агрызак алоўка, кніжачку курыцельнай паперы» (Васіль Хомчанка. Успаміны ў час бяссоньніцы. / Стрэл у акно. 1988).
8. Верыў, што ў дзяцінстве яму дапамагала Маці Божая
«Адважыўся (...) я аднойчы пусьціць сваіх коней у чужы лог. Але мяне напаткала бяда: маіх падапечных палавілі, забралі, і дахаты я прыйшоў бяз коней, толькі зь цяжкімі аброцямі на плячы. У хаце яшчэ спалі. Я ня ведаў, што рабіць, я баяўся бацькі, ведаў, што ён мяне не пашкадуе. Не распрануўшыся, у чым прыйшоў з пашы, я ўкленчыў на падлозе, малюся, сьлёзна прашу Багародзіцу дапамагчы мне. Я прасіў яе і малітвамі, якім навучыў дзед, і сваімі словамі прасіў. Ажно чую — уваходзіць у хату дзед, нічога ня кажучы, падняў мяне з каленяў, узяў аброці і выйшаў з хаты. Змораны, я заснуў, а прачнуўся — дзед ужо з коньмі ў двары. Гэта Багародзіца дапамагла мне, я проста быў упэўнены ў гэтым» (Масей Сяднёў. Багародзіца. // Беларускі дайджэст. № 3. Сакавік 1999).
9. Не прымаў слоўнік Ластоўскага і мяккі знак у падоўжаных зычных, крытыкаваў Лёсіка і Тарашкевіча
«...вельмі блізкая маёй роднай гаворцы мова Гарэцкага і яго слоўнік мне вельмі падабаецца. А слоўнік Ластоўскага не прымаю, бо ў ім шмат палянізмаў, штучных слоў — усё гэта чужое для беларускай мовы» (С. Сачанка. Пісьменьнік і мова. Творчы пошук Масея Сяднёва. // Літаратура і мастацтва. 10 красавіка 1992 г. № 15). «Падручнік (...) Язэпа Лёсіка падабаецца мне больш, чым Тарашкевічаў. (...) Але правілы, якія прапаноўвалі Тарашкевіч і Лёсік, не былі бездакорнымі. Што я не прымаю ў старым беларускім правапісе? Славуты мяккі знак. (...) ...Ён ня ўсюды патрэбен. Напрыклад, у словах „жыццё“, „насенне“ мяккасць першых ц’ і н’ ужо пазначана наступным за ім мяккім гукам. Навошта ж тут яшчэ і мяккі знак? Не прымаю правапісу запазычаных слоў (як „монолёг“, „кляса“, „сыстэма“ (...)). Лічу, што чужаземныя словы ўжо асыміляваліся беларускай мовай, ня трэба спэцыяльна выдзяляць іх іншамоўнае паходжаньне» (С. Сачанка. Пісьменьнік і мова. Творчы пошук Масея Сяднёва. // Літаратура і мастацтва. 10 красавіка 1992 г. № 15).
10. Лічыў, што дзейнасьць БНФ ды іншых беларускіх апазыцыйных партыяў справакавала рэфэрэндум 1995 году
«Беларускі Народны Фронт (...) на чале зь Зянонам Пазьняком (...) не набраў сілы, каб быць фронтам, дзеля вузасьці свае палітыкі, апрыёры разьлічанай на канфрантацыю, а не на супрацоўніцтва з парлямэнтам. Прыгадаем выступленьні Фронту супраць Шушкевіча (...) У БНФ не было па-сутнасьці канструктыўнай праграмы (...) калі не лічыць дэклярацыйнасьці пра незалежнасьць і самастойнасьць Беларусі. (...) Антыруская палітыка БНФ ніяк ня ўлічвала рэальнай сытуацыі ў Беларусі. Бо сёньня, як-бы гэтага мы ні хацелі, нельга выклікаць моцных антырускіх настрояў у пераважнай бальшыні беларускага насельніцтва (...) Ня дзіва, што антыруская палітыка БНФ (...) працавала і працуе на парожнім хаду. (...) Антыруская палітыка апазыцыі завайстрыла да скрайнасьці моўнае пытаньне ў Беларусі і, мы схільны думаць, справакавала мэмарандум адносна рускай мовы. Ня толькі рускія, што жывуць у нашай дзяржаве, а і самі беларусы (...) угледзелі пагрозу для рускай мовы, пагрозу раптоўнага, татальнага выдаленьня яе з ужытку» (Масей Сяднёў. Нацыянальная палітыка і пытаньне міждзяржаўных дачыненьняў. // Беларускі дайджэст. № 9. Верасень 1999).
11. Быў перакананы, што з Расеяй трэба дамаўляцца
«З гэтым усходнім суседам вядзецца нешта накшталт халоднай вайны. Гэты сусед разглядаецца як галоўная перашкода на шляху пабудовы беларускай дзяржаўнасьці, і што пакуль ён існуе, ён будзе пагрозай для беларускай дзяржавы. Усё гэта бадай так. Але прыгадайма палітыку ЗША ў дачыненьні Савецкага саюзу падчас халоднай вайны (...) ЗША ня раз спрабавалі дамовіцца з СССР па тых ці іншых пытаньнях. Вось-жа ў сваёй нацыянальнай палітыцы мы ня можам ігнараваць „рускага пытаньня“, рускай праблемы. (...) Ад яго (...) залежыць, быць ці ня быць нашай дзяржаве. (...) Залежнасьць Беларусі ад Расеі вялікая. (...) Апазыцыйныя партыі мусяць не байкатаваць яе, а пачаць зь ёю сур’ёзныя, дзелавыя размовы» (Масей Сяднёў. Нацыянальная палітыка і пытаньне міждзяржаўных дачыненьняў. // Беларускі дайджэст. № 9. Верасень 1999).
12. Калі працаваў на Радыё Свабода, яго абвінавачвалі ў русафільстве
«Трэба прызнаць, што дзейнасьць Масея Сяднёва на «Свабодзе» не задавальняла. Да ранейшых (...) агульных абвінавачаньняў у русафільстве дадаліся канкрэтныя. Так, менавіта за ягоным дырэктарствам замест Менск пачалі ўжываць Мінск. Юрка Сянькоўскі, не называючы канкрэтных імёнаў, пісаў да Вітаўта Тумаша: «Тут пачынаюць задаваць тон людзі, якія стаяць на сумлеўных ідэйных пазыцыях... Запанавала палітычнае безгалоўе, русыфікацыя мовы, падхалімства...» (Лявон Юрэвіч. «Мугілёўскі мужычок». / Запісы. Беларускі інстытут навукі й мастацтва. 2013). У лісьце Аўгені Каранеўскай (12 сакавіка 1983 г.) чытаем: «У (...) нашых гутарках пра радыё ён наракаў на праф. Адамовіча за „выпады“ на яго за ўжываньне слова „Мінск“, і я ў гэтым выпадку была за Адамовічам. Настрой паправіўся, калі Сяднёў выказаў уласны погляд, што ў перадачах трэба біць доўбняй у галаву толькі антынародныя савецкія ўлады, а не дасягненьні народу, якія ён дабіваецца ціскам публічнае місіі» (Лявон Юрэвіч. Відымусы. 2015).
13. Крытычна выказваўся пра паэтаў-эмігрантаў
У лісьце да Яна Чыквіна (21.07.1996) адзначаў: «Алесь Салавей быў пераважна паэтам мэханістычным, у яго паэзіі няма адкрыцьця (...). Любіў карыстацца слоўнікам Ластоўскага, браў зь яго замыславатыя славечкі і ўводзіў іх у свае вершы, і тыя, абцяжараныя рэдкаўжыванай лексыкай, камянелі, а не жылі. (...) Рыгор Крушына граў на бірульках. Паводле Шапэнгаўэра, першы прызнак бяздарнасьці — гэта гульня ў мастацкія бразготкі бяз унутранага сэнсу ў іх. (...) ...Ці была [вышыня] у Крушыны ці Кавыля? У іх не было ні вышыні, ні заняпаду — яны былі і ёсьць роўныя, у іх, калі хочаце, не было „разьвіцьця“, у сэнсе нейкага апагея. У іх не было інтэнсіўнага паэтычнага існаваньня. (Гэта я ўжо, каб дабіць іх, бедных)» (Лісты Масея Сяднёва Яну Чыквіну. // Тэрмапілы. 2013, № 17).
14. Лічыў, што паняцьце «беларускі пісьменьнік» узьнікла пры камуністычным ладзе і зь яго падзеньнем фактычна загінула
У дзёньніку Сяднёва (4.01.95) знаходзім: «Паняцьце „беларускі пісьменьнік“ узьнікла фактычна толькі ў сувязі зь беларускай савецкай літаратурай. Раней такога паняцьця не было, як не было і паняцьця „беларуская літаратура“. Абодва гэтыя паняцьці зьявіліся ўжо ў савецкі час, калі паўстала патрэба (з ідэалягічных меркаваньняў) у заснаваньні беларускай літаратуры як гэткай, літаратуры прафэсійнай з прафэсійнымі пісьменьнікамі ў ёй. (...) У такой беларускай савецкай літаратуры, трэба сказаць, добра жылося беларускаму савецкаму пісьменьніку. (Несавецкіх беларускіх пісьменьнікаў савецкі рэжым адмёў.) (...) З упадкам яе [савецкай улады. — В. Дэ Эм.] беларускі савецкі пісьменьнік апынуўся, я сказаў бы, у трагічным палажэньні: як пісьменьнік ён скончыўся. Ягоная перабудова немагчымая. Ён склаўся ўжо так, што нанова нарадзіцца ён ня можа. Адсюль той трагізм, пра які я казаў. Беларускія савецкія пісьменьнікі ў масе сваёй — гэта быўшыя людзі, і да іх ня можа быць ніякіх прэтэнзій» (Сяднёў М. Выбраныя творы. 2014).
15. Не любіў, калі зь яго рабілі ахвяру сталінскага рэжыму
З пісьма да Станіслава Станкевіча (рэдактара часопіса «Беларус») з нагоды 50-гадовага юбілею: «Адна толькі ў мяне просьба — не рабеце, калі ласка, зь мяне дужа вялікай „ахвяры бальшавізму“, гэта было-б ужо занадта па-газэтнаму. Віцьбіч гэта любіць (...). Рабеце, калі ласка, зь мяне песьняра, а не ахвяру» (Лявон Юрэвіч. «Мугілёўскі мужычок». / Запісы. Беларускі інстытут навукі й мастацтва. 2013).
16. Панічна баяўся самалётаў
«Я ніколі ў сваім жыцьці не карыстаўся самалётам — баяўся, ды і не было патрэбы, маё жыцьцё да пэўнага часу было аселым. Але надышоў час, калі я мусіў ляцець. Унівэрсытэт у Мізулі (штат Мантана) выклікаў мяне на інтэрвію, і ў мяне не было іншага выйсьця, як толькі зьвярнуцца да самалёта. Жонка й дзеці ўгаварылі мяне, і я еду на аэрадром у Індыянапаліс. Праходжу патрэбную апрацоўку. Пачалі пускаць пасажыраў на пасадку, а я яшчэ ня бачу самалёта, але якая пакута! (...) Чакаем узьлёту. Я ўвесь у неймаверным напружаньні (...). Жонка нешта хоча сказаць мне, але я прашу яе, каб маўчала (...). Абуралі дзеці, што ўсё не спынялі сваіх гульняў. (...) Самалёт набірае разгон для ўзьлёту. (...) Я некуды праваліўся, мяне не было. Ачнуўся (...). Пройдзе хто (...) цяжкой хадой міма, баюся: гэта ж можа адбіцца на раўнавазе самалёта. (...) Жонка побач маўчыць, ведае: выклікаць мяне на гаворку немагчыма» (Масей Сяднёў. Што ёсьць Бог, або Як я спасьцігаў ісьціны. // Голас Радзімы. 8 сакавіка 2000 г.).
17. Быў першым сярод беларускіх пісьменьнікаў, хто ўвёў у творчасьць «лалітаўскія матывы»
«Ты доўга спакушаў мяне, Юзік. Тады яшчэ, калі стаяў на мосьце. Калі ляжаў у траве. Калі я падглядала цябе. Я ўжо любіла цябе тады. Я гэта ведаю толькі цяпер. А тады я ня ведала. Ды ты мяне не чапаў. Хацеў мяне, ды не чапаў. Шкадаваў мяне? Баяўся? Баяўся, што я — дзіця яшчэ? А я хацела, каб ты зачапіў мяне. Мне было прыемна, калі ты блізка сядзеў каля мяне ў нас за сталом. Калі, схіліўшыся над кніжкай, мы чыталі яе і я дакраналася тваёй шчакі сваім лёканам. Калі ты браў мяне на рукі, каб я не баялася грому. Я ня так баялася грому, а каб ты ўзяў мяне і ўтуліў. Я была зайздросная, што ты танцаваў у нас на вясельлі зь іншай жанчынай, а не са мной. Я падгледзела, куды ты пайшоў зь ёю і што рабіў зь ёю. Я хацела быць на мейсцы той жанчыны. Але ты тады, Юзік, не чапаў мяне. Толькі спакушаў, але не спакусіў» (Сяднёў М. І той дзень надышоў. / Патушаныя зоры. 1991).
18. Сьвядома падмаладзіў сябе, каб спадабацца будучай жонцы
«...год майго нараджэньня падаецца няправільна. Нарадзіўся я не ў 1915 годзе, а ў 1913. Як атрымалася такая неадпаведнасьць? Паспрабую вытлумачыць. Калі я праходзіў камісію перад маім выездам у Амэрыку, у розных анкетах сакратаркі пісалі то 1913, то 1915 год. І я гэтага не заўважыў. А калі мая справа дайшла да апошняга амэрыканскага начальніка, які вырашаў, ці магу я быць дапушчаны ў Амэрыку, то ён заўважыў гэту неадпаведнасьць, раззлаваўся і пытаў, якая ж дата нараджэньня правільная (...). Я, доўга ня думаючы, сказаў: „1915 год“. Я хацеў сябе памаладзіць, бо жанчына, якая ўжо жыла ў Амэрыцы (мая будучая жонка), была на чатыры гады маладзейшая за мяне. А ў нас у вёсцы, калі жаніх за сваю нявесту старэйшы на некалькі год, то гэта лічыцца нядобра» (Барыс Сачанка. Масей Сяднёў: «Я толькі кропля ў акіяне». // Маладосьць. 1990, № 9).
19. Першы беларускі пісьменьнік, якога намінавалі на Нобэлеўскую прэмію
Зь ліста да Барыса Кіта (6.06.89): «...падцягіваньне мяне да Нобэля, Вашыя нястомныя захады ў гэтым кірунку, задума праз Нобэля заадно праславіць і нашую Беларусь дадаюць мне сілаў і — не захаваю — упэўненасьць у сабе. (...) ...Сам факт намінацыі (...) гістарычны. Не ў дачыненьні да мае сьціплае асобы, а з угляду на тое, што намінацыя беларускага аўтара зробленая ўпершыню за ўсю гісторыю нашага пісьменства» (Сяднёў М. Выбраныя творы. 2014).
20. У старасьці ненавідзеў пэнсіянэраў
«Калі я цяжка працаваў на фабрыцы, не бачыў Божага сьвету, я, бывала, зайздросьціў пэнсіянэрам, старым людзям: ідуць яны сабе раніцою, чысьценькія, нікуды не сьпяшаюцца, задаволеныя сабой (...), а ты ў пыле, у трантах, (...) змардаваны, (...) ня бачыш белага сьвету (...). Цяпер, калі я сам пэнсіянэр, стары чалавек, я не люблю пэнсіянэраў, асабліва чысьценькіх, у адпрасаваных гарнітурах, у сьвяточных кашулях, у начышчаных да бляску чаравіках (...) ...Іх цэлыя арміі, яны запаланілі сьвет, ад іх няма ратунку. Як добра — даруй Божа! — што яны некуды непрыкметна зьнікаюць, але за імі ідуць іншыя, ад іх цёмна ў вачах, ад іх ня збавіцца, яны ідуць і ідуць, ад іх, здаецца, пастарэў сьвет. О, якая жудасьць ад гэтага мноства старых!» (Масей Сяднёў. Ратуйце сьвет ад старасьці. / Масеева кніга. 1994).