У Ваўкавыску ў першую клясу тамтэйшай польскай школы паступіла 31 заяўка, а было прынята толькі 18 дзяцей.
У польскай школе ў Горадні 1 верасьня пачаўся новы навучальны год. Першы званок прагучаў больш як для паўтары тысячы вучняў. У першую клясу сёлета пайшлі 87 дзяцей, гэта значыць, усе жадаючыя, перадае «Польскае радыё».
2018/2019 навучальны год тут пачаўся з набажэнства, у якім узялі ўдзел кіраўніцтва, настаўнікі, бацькі і вучні.
«Польскае радыё» зьяўляецца патронам гэтай навучальнай установы.
Дырэктар школы Данута Сурмач паведаміла, што пэдагогі пачынаюць новы навучальны год у добрым настроі.
Большасьць дзяцей, якія наведваюць школу, маюць польскія карані. Некаторыя ўжо зьбіраюцца працягваць вучобу ў Польшчы. Эдыта Сарока з 10-й клясы расказала, што хацела б далей вучыцца ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Кракаве, бо ёй падабаецца маляваць. «Я нарадзілася ў Горадні, я палячка, таму было ясна, што я пайду ў польскую школу», — падзялілася ўспамінамі Эдыта.
Свайго сына ў польскую школу прывяла Анжаліка Арэхва, старшыня галоўнай рады Саюза палякаў на Беларусі. Яна дадала, што хаця ў Горадні ў польскую школу сёлета прынялі ўсіх жадаючых, аднак у Ваўкавыску ў першую клясу тамтэйшай польскай школы паступіла 31 заяўка, а было прынята толькі 18 дзяцей.