Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Нью-Ёрку адбылася сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі

03.09.2018 общество
У Нью-Ёрку адбылася сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі

Iмпрэза сабрала беларусаў з розных куткоў ЗША i Канады.

1–2 верасня ў беларускім цэнтры ў Нью-Ёрку адбылася 33-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая была арганізаваная Беларуска-Амерыканскім Задзіночаннем (БАЗА).

Сустрэча сабрала беларусаў з розных куткоў ЗША: Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі, Філадэльфіі, Маямі, Бостану, былі таксама госці і з Таронта (Канада), пiша «Новы час».

Гэтая сустрэча была прымеркавана да стагоддзя БНР, і прайшла пад тэмай "Рада БНР і беларуская эміграцыя ў Паўночнай Амерыцы — гісторыя, сучаснасць і перспектывы". Ганаровымі гасцямі сустрэчы былі Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, і іншыя сябры Рады БНР, якія распавядалі пра дзейнасць Рады.

Сярод ганаровых гасцей былі і госці з Беларусі: журналіст, тэлевядоўца, грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка і Наталля Гардзіенка — гісторык, кандыдат гістарычных навук, даследчык беларускай эміграцыі.

У першы дзень на адкрыцці Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, госці праслухалі вітанні ад кіраўнікоў яе арганізацый-удзельніц. З прывітальным словам выступіла старшыня Галоўнай управы БАЗА Наталля Федарэнка. Старшыня Згуртавання беларусаў Канады (ЗБК) Алена Лявончанка не змагла прысутнічаць асабіста, але даслала відэа-прывітанне ўдзельнікам Сустрэчы.

У першы дзень з прамовай выступаў Глеб Лабадзенка, які распавёў пра грамадска-культурную сітуацыю ў Беларусі, прыгадаў свой шлях да беларушчыны, а таксама падзяліўся ідэямі, як кожны беларус, нават той, хто жыве за мяжой, можа прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Бацькаўшчыны.

Першы дзень 33-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі быў завершаны канцэртам ад сямейнага гурта Валянціны Пархоменка-Казак, Алеся Казака і Вольгі Казак-Анлар. Валянціна разам з мужам Алесем і дачкой Вольгай расчулілі ўсіх прысутных сваім шчырым выкананнем беларускіх хітоў, народных песень і твораў свайго аўтарства.

Другі дзень Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі пачаўся з набажэнства ў саборы Святога Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Царквы ў Нью-Ёрку і малебну за Беларусь. Афіцыйную частку праграмы другога дню адчынілі актывісты Бруклінскага аддзелу БАЗА, якія паказалі пастаноўку "Як гэта было" пра падзеі Першага Усебеларускага З'езду 1918 года (па матывах твору Алеся Пашкевіча "Пляц волі"). У ролях Алеся Гаруна і Алеся Бусла выступілі браты Сяргей і Уладзімір Кудзелічы.

Асноўнай часткай другога дня Сустрэчы было пленарнае пасяджэнне, на якім выступалі ганаровыя госці з прамовамі і дакладамі. Івонка Сурвіла распавяла пра свой шлях да БНР і разам з БНР, а таксама пра дзейнасць Рады ў Канадзе. Наталля Гардзіенка выступіла з прэзентацыяй пра дзейнасць прадстаўнікоў Рады БНР у ЗША. Зянон Пазняк выступіў з рэфератам пра ролю БНР у гісторыі Беларусі. Пасля выступаў адбылася дыскусія па тэме і была прынятая Рэзалюцыя Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.

Акрамя абмеркавання асноўнай тэмы Сустрэчы беларусы актыўна знаёміліся, абмяркоўвалі пытанні штодзённага жыцця і культуры як у замежжы, так і на Бацькаўшчыне.

Святочная праграма была завершаная канцэртам Таццяны Грыневіч-Матафонавай, якая падарыла прысутным улюбёныя беларускія песні і рамансы ў сваім выкананні, а таксама прэзентавала новую кружэлку, прысвечаную беларускім народным танцам.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]