Сучасная беларуская дыяспара адрозніваецца ад ранейшай.
Аднак Рэспубліка Беларусь, як дзяржава, надалей не шмат думае пра беларусаў замежжа.
Пра гэта ды іншае гаворым з сённяшнім госцем “Радыё Рацыя” – кіраўніцай Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Аленай Макоўскай. Спадарыня Алена ўзяла ўдзел у “Трыялогу” у Крынках на тэму Belarusian Outside.
- Якімі былі вашыя першыя асацыяцыі, калі вы пачулі тэму сёлетняга “Трыялогу”?
- Мне гэтая тэма спадабалася сваёй шматзначнасцю. Belarusian Outside – гэта беларусы, якія жывуць па-за межамі Беларусі, ці Беларусь сёння сама ўжо як бы Outside сваёй дыяспары і тых прагрэсіўных тэндэнцый, якія адбываюцца ў свеце. Гэтая тэма вельмі сугучная таму, пра што мы казалі на сёмым з’ездзе беларусаў свету, і на што мы звярталі ўвагу дзяржаўных устаноў Беларусі. А гэта менавіта тое, што трэба актывізаваць працу з беларускім замежжам. Сёння ў Беларусі дзейнічае закон, які быў прыняты ў 2014 годзе, дзякуючы і нашым намаганням, і намаганням беларускай дыяспары. Але гэты закон пакуль што носіць кампрамісны характар і проста вызначае, хто такі “беларус замежжа”. З аднаго боку, добра, што гэты закон прыняты, але з іншага – хацелася б ужо нейкіх канкрэтных дзеянняў, якія б датычыліся беларусаў замежжа. Зараз таксама дзейнічае дзяржаўная праграма, але яна падвяргаецца крытыцы з боку беларусаў замежжа, бо, на іх думку яна носіць выключна фальклорны, “цымбальны” характар, вельмі слаба падмацаваная фінансава, і ёй падтрымліваюцца суполкі па ступені іх лаяльнасці да ўладаў. Мы лічым, што такі падзел не спрыяў і не спрыяе даверу і таму, каб супрацоўніцтва з дзяржавай ішло больш інтэнсіўна. У сучасным свеце тэндэнцыі змяніліся. Раней дыяспары рознымі краінамі свету трактаваліся негатыўна, бо людзі з’ехалі і быў згублены вялікі чалавечы рэсурс, інтэлектуальны патэнцыял. Сёння ж у сувязі з глабалізацыяй, развіццём тэхналогій краіны максімальна карыстаюць са сваіх дыяспар. Лічыцца так: ад нас з’язджаюць людзі, але ўзамен мы атрымліваем ідэі, інавацыі, тэхналогіі, мы атрымліваем інвестыцыі ў абсалютна розныя сферы ведаў. Эканомікі шмат якіх краін растуць у тым ліку дзякуючы супрацоўніцтву са сваімі дыяспарамі. Беларусы замежжа – гэта многія легальныя грамадзяне іншых краін свету, многія з іх – прафесіяналы. І можна сказаць, што цяпер Беларусі больш патрэбныя яны, чым ім патрэбная Беларусь, бо яны цвёрда стаяць на нагах і маюць устойлівае жыццё. Калі Беларусь не інтэнсіфікуе працэсы, калі не пачне сур’ёзна працаваць са сваё дыяспарай, то, напэўна, ужо мы будзем “аўтсайд”.
- Наколькі змяняецца дыяспара? Бо адыходзяць і адышлі ўжо такія яе слупы як Хведар Нюнька або Барыс Кіт. Ці беларусы, выязджаючы проста інтэгруюцца ў тое грамадства, у якое трапілі, ці яшчэ захоўваюць свае беларускія карані.
- Гэта вельмі складанае пытанне, таму што няма дакладных дадзеных статыстыкі. Беларусы звычайна, калі выязджаюць, то спрабуюць дыстанцавацца ад дзяржавы і не анансуюць свой ад’езд. Калі нашыя навукоўцы праводзяць аналіз і звяраюць дадзеныя розных краін свету, то выходзіць наступнае: напрыклад, Рэспубліка Беларусь паведамляе, што выехала 5 тысяч, а Канада паведамляе, што ўехала 10 тысяч. Вельмі часта беларусы атрымліваюць пашпарт іншай краіны, але захоўваюць і беларускі. І гэта таксама блытае статыстыку. Аднак часта людзі пачынаюць асэнсоўваць сябе беларусамі, выязджаючы па-за межы Беларусі. Хоць асіміляцыі ідзе вельмі імкліва, і перапісы насельніцтва, якія праводзяцца рознымі краінамі, паказваюць пра змяншэнне колькасці беларусаў. Але гэта найперш звязана з невыразнай унутранай палітыкай нашай краіны. Калі б для людзей і прыналежнасць да беларускай культуры, і валоданне беларускай мовай было каштоўнасцю, то выязджаючы, яны б больш імкнуліся трымацца разам. Тым не менш рэсурс яшчэ ёсць і ён захоўваецца. Вельмі важным тут крокам дзяржавы павінна быць кампанія на пабудову даверу, трэба перастаць падзяляць беларусаў на сваіх і чужых, трэба ладзіць унутры краіны камунікацыйныя, інфармацыйныя кампаніі, каб папулярызаваць спадчыну беларускага замежжа. Такога ў нас пакуль няма. Нядаўна нашая арганізацыя рабіла аналіз падручнікаў за 9-11 класы менавіта на прысутнасць у падручніках прадстаўнікоў беларускай дыяспары і, на жаль, спарадычна беларуская эміграцыя ўзгадваецца толькі ў падручніку па геаграфіі. У падручніках па літаратуры гэтага няма ўвогуле. Чаму беларусы ў Беларусі не ведаюць пра беларускую нацыянальную меншасць на Беласточчыне?
- Мала, што не ведаюць, ды і не адрозніваюць дыяспару ад меншасці, думаючы, што беларусы некалі выехалі на Беласточчыну…
- Так, бо гэтыя веды мусяць пачынацца са школы, і тут вялікую ролю адыгрывае такі прадмет як “Грамадазнаўства”. У ім цяпер эміграцыя з Беларусі ацэньваецца негатыўна, ставіцца пад сумнеў, ці гэтыя людзі ўвогуле патрыёты. Гэта працяг савецкай палітыкі ізаляцыі, калі людзі мусілі жыць у зачыненай краіне і лічыць, што жывецца ім тут добра, а ўсе, якія з’язджалі, лічыліся здраднікамі і ацэньваліся адназначна негатыўна. Тое, што гэта прысутнічае ў цяперашніх падручніках, гэта адгалосак той ідэалогіі, ад якой мы ніяк не можам пазбавіцца. Другі мэсэдж, які ўзгадваецца ў “Грамадазнаўстве”, гэта тое, што беларусы ўвогуле не здольныя аб’ядноўвацца па этнічнай прыкмеце. А гэта ўвогуле супярэчыць рэчаіснасці. Мы зараз будзем рыхтаваць прапановы па зменах у гэтыя падручнікі.
- Так разумею, што ўсё ж без дапамогі і добрай волі дзяржавы цяжка многія пытанні і праблемы вырашыць?
- Так, шмат робіцца грамадскім чынам, грамадскімі арганізацыямі за мяжой, яны даследуюць дыяспару за мяжой. Але тыя ж змены ў заканадаўства магчымыя толькі пры жаданні і добрай волі дзяржавы.