І чаму.
Жнівень 2018 году запомніцца мне надоўга. Ніколі яшчэ не было, каб у Менску столькі людзей прыязна рэагавалі на маю беларускую мову ў музэях, крамах, рэстаранах і афіцыйных установах.
Шок беларускамоўнага
У жніўні я правёў тры тыдні ў Менску, прыехаўшы ў родны горад на адпачынак з Прагі.
У размовах некаторыя людзі абсалютна спакойна пераходзілі на літаратурную беларускую мову. Іншыя рэагавалі на пытаньні і просьбы, зададзеныя па-беларуску, нібыта гэта паўсядзённая норма, самі пры гэтым адказваючы па-расейску.
А некаторыя, здаецца, былі проста шчасьлівыя магчымасьці пагаварыць з кліентам ці пакупніком на беларускай мове — твары людзей сьвяціліся радасьцю і шчасьцем, яны не хацелі разьвітвацца, стараліся працягнуць размову і нават праводзілі два выхаду.
І ніхто, абсалютна ніхто, ня выказаў нэгатыўнага стаўленьня.
Выглядае, што гэта не выпадковае супадзеньне, а праява нейкіх глыбінных працэсаў кшталтаваньня новай беларускай сытуацыі.
Як гэта было ў другой палове 80-х гадоў
У 80-я гады мінулага стагодзьдзя мне і маім сябрам па «Талацэ» даводзілася сустракацца з зусім іншай рэакцыяй жыхароў Менску на беларускую мову.
Калі мы хадзілі па кватэрах і зьбіралі подпісы за беларускамоўныя клясы ў раёне заводу «Інтэграл» на паўднёвым захадзе сталіцы, нам плявалі ў твар, выганялі з пад’ездаў і нават кідаліся біцца.
Таксама помніцца, як я браўся загрудкі з бармэнам кавярні «Памыйка» на рагу праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Леніна пасьля таго як папрасіў зварыць «фліжанку кавы», а ён запатрабаваў размаўляць зь ім на «нормальном языке».
А ўжо колькі разоў людзі круцілі пальцам каля скроні, пачуўшы беларускую мову, і не зьлічыць.
А былі яшчэ і тыя, хто стараўся адгаварыць «ад граху» і заклікаў не псаваць сабе жыцьцё, бо карыстаньне беларускай мовай можа выклікаць праблемы і нават прывесьці чалавека ў Сыбір.
Усё было марна. Калі табе дваццаць гадоў, папярэджаньні і засьцярогі не працуюць.
Назіраньні над нацыянальным характарам
Хоць і кажуць часам, што нацыянальнага характару не існуе, усё ж пэўныя стэрэатыпы паводзінаў, звычкі і неўсьвядомленыя рэакцыі людзей дазваляюць рабіць высновы пра мэнталітэт народу ў той або іншай краіне.
Я, напрыклад, заўважыў, што ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Эўропы людзі не сьпяшаюцца і не мітусяцца пры выхадзе або ўваходзе ў грамадзкі транспарт. Беларусы ж гэта робяць хутка, пасьпешліва. У нас і да выхаду рыхтуюцца загадзя, і стараюцца пры ўваходзе не затрымлівацца на прыступках ці каля іх, каб не перашкодзіць іншым.
Таксама ў Менску людзі часьцей саступаюць дарогу, чым у астатніх краінах Эўропы. Ды што там казаць! Два беларусы на вуліцы ці ў краме могуць нават сутыкнуцца, саступаючы дарогу некаму іншаму!
З гэтага можна зрабіць выснову, што беларусы — выхаваныя і акуратныя людзі.
А можна і іншую. Напрыклад, пра генэтычную памяць беларуса-селяніна, на якога шматлікія гаспадары, свае і чужыя, спрадвеку крычалі: «Асадзі назад». Здаецца, гэтае «Асадзі назад» у нашых галовах усё яшчэ актуальнае.
Стыль язды на дарогах — таксама праява мэнталітэту
У правілах дарожнага руху, як вядома, прапісана, што кіроўца павінен прапускаць пешахода на пераходзе, не абсталяваным сьвятлафорам. І беларусы дысцыплінавана спыняюцца, як толькі чалавек ступае на праежджую частку.
А вось калі нейкі шафёр зблытаў палосы руху і хоча пераехаць у суседнюю, яго не прапускае ніхто. Калі той сам ня ўшчэміцца, могуць так і не прапусьціць. Чаму такая розьніца?
Адказ просты. У правілах дарожнага руху саступленьне дарогі іншаму кіроўцу не прапісана, таму яго можна не прапускаць. І не прапускаюць. Ніякай салідарнасьці і культуры! Чалавек чалавеку — воўк.
Ксэнафобія, узьведзеная ў абсалют
У Беларусі сёньня заўважаецца вялікі дэфіцыт салідарнасьці ва ўсіх групах і слаях насельніцтва. Амаль ніхто ні з кім не салідарызуецца. Дзяржава не салідарная з грамадзянамі, грамадзяне — са сваёй дзяржавай, творцы не салідарныя з калегамі, маладыя пакаленьні з папярэднімі і т. д.
Ксэнафобія беларуса такая вялікая, што звужае яго ўласную прастору да яго самога. Усе, хто не яго сям’я і ня ён сам, чужыя. Менавіта таму раней сяляне і забівалі суседа за наўмыснае ці выпадковае заараньне чужой мяжы.
Беларус — уласьнік, які пільна сьцеражэ свае пэрсанальныя межы. Вялікае ўнутранае напружаньне прыводзіць яго, часам, і да выбухаў.
Але ўсё ж незадавальненьне не ягоным, не такім, не сваім і чужымі назапашваецца і часьцей выліваецца ў самасьцьвярджэньне на прасторы, якая беларусу падкантрольная — у сям’і або, напрыклад, у аўтамабілі.
І стрымаць гэтую ксэнафобскую энэргію могуць не салідарнасьць або культура, але законы, пісаныя правілы і загады.
Пры гэтым законапаслухмянасьць беларусаў, парадаксальным чынам, стварае культурную якасьць і таксама можа лічыцца праявай нацыянальнай культуры.
Калі беларусы загавораць па-беларуску
Адказ, думаю, відавочны. Мае жнівеньскія назіраньні яго толькі пацьвярджаюць.
А даў яго яшчэ ў 2002 годзе народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль, калі ў эфіры Радыё Свабода сказаў: «Каб беларусу загадалі быць беларусам, які гэта быў бы выдатны беларус».
Пытаньне ў тым, калі і хто загадае беларусам загаварыць па-беларуску. Тое, што для гэтага патрэбная палітычная воля, разумеем ня толькі мы, але і тыя, хто хоча, каб беларусы ніколі не загаварылі па-свойму.
Новая якасьць, якая цяпер кшталтуецца і лезе ў Менску з усіх шчылін, дазваляе глядзець у будучыню са стрыманым аптымізмам. Ня ўсё яшчэ страчана. Гадоў праз 30-50 пабачым. А можа і раней.
Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»