Музыка выступіў ў Горадні.
Лявон Вольскі сабраў разы ў тры болей слухачоў, чым магло зьмясьціць памяшканьне, зьняў жоўтыя акуляры ад гарачыні і прадказаў мажлівы сумесны праект з Аляксандрам Саладухам. Так у Горадні 6 верасьня адкрылася адноўленая культурная прастора «Цэнтар гарадзкога жыцьця», перадае «Радыё Свабода».
Некалькі сотняў слухачоў запоўнілі новую залю цэнтру, унутраны дворык і вонкавы калідор па пэрымэтры будынка. Нягледзячы на адчыненыя вокны, заля паводле адчуваньняў ператварылася ў лазьню.
Прыйшла пераважна моладзь, а таксама сем’і з малымі дзецьмі, ад якіх праз гоман даляталі словы па-беларуску.
Прасьпяваў «Марскога чалавека» у памяць аб Кулінковічу
Вольскі шмат хваліў гарадзенцаў за музычнасьць, прызнаваўся, што Горадня — найлепшы горад, жартам падліваў алей у агонь заходне-ўсходніх беларускіх стасункаў на карысьць «западэнцаў». Публіка перабівала ці ня кожнае яго выказваньне гучнымі доўгімі воплескамі.
— Недзе на Гомельшчыне не зразумелі б, пра што гаворка вядзецца… — пачаў абвяшчаць ён чарговую песьню.
— Volkswagen Passat, — падказалі з залі.
— Насамрэч, так, — зьбянтэжана зьдзівіўся Лявон, як хутка яго раскусілі.
Песьню «Марскі чалавек» музыка прысьвяціў памяці Аляксандра Кулінковіча. На бэк-вакал сьпяваць «м-м-м» выйшаў ажно тузін хлопцаў. У залі плакалі.
Гучалі песьні з розных альбомаў і праектаў. Гіты падпявалі разам.
«Зычу не баяцца дробязяў»
Лявон адказаў на пытаньні сваіх прыхільнікаў «з капелюша». Пытаньне, калі будзе канцэрт з Саладухам, заля сустрэла працяглым сьмехам.
— Яно, здаецца, так сьмешна-сьмешна, так парадаксальна-парадаксальна. Але здаецца, што будзе. Таму што Neuro Dubel бяз Сашы Кулінковіча робіць прэвію. Там будзе шмат вакалістаў — старых, маладых і сярэдніх. І можа быць, будзе будзе Аляксандр. Я не жартую, — сказаў Лявон.
— Чаго б вы пажадалі і сабе, і нам?
— Як кажуць людзі сталыя, у першую чаргу здароўя. Яшчэ пажадаю не баяцца дробязяў, таго, чаго мы звычайна баімся: быць няправільна зразуметымі, уладаў, міліцыянэраў на вуліцы, даішнікаў. Я ж таксама баюся.
— Ці хапае вам часу, каб маляваць?
— Я актывізаваўся апошнім часам у гэтай галіне. Пачаў расьпісваць шкляны посуд. Учора расьпісаў шклянку. Мне здаецца, нішто сабе. Падобна да Шагала.
— Што самае галоўнае ў жыцьці?
— Я ўсё больш прыходжу да высновы, што гэта само жыцьцё і ёсьць.
«Каб у Горадні было больш беларускага, эўрапейскага, сучаснага»
Заснавальнік і гаспадар гарадзкой прасторы «Цэнтар гарадзкога жыцьця» Павал Мажэйка патлумачыў, што галоўнае адрозьненьне новага памяшканьня — ягоны вялікі памер. Гэта дае болей мажлівасьцяў, дазваляе зрабіць прастору больш мабільнай, арганізаваць столькі асобных зонаў (для выставаў, творчых сустрэч, дыскусій), колькі патрэбна.
«Мы хочам, каб у Горадні было больш беларускага, эўрапейскага, сучаснага. Маем надзею, што наша прастора дапаможа гэта даць сабе і гораду, каб нам жылося ў ім цікавей і свабадней. Важна, калі ёсьць месца, куды можна прыйсьці і ўбачыць, што нас, людзей, якім цікавая беларушчына, шмат», — кажа Павал Мажэйка.
На думку гаспадара цэнтра, першая імпрэза паказала, што такіх прастораў у горадзе бракуе.
Абноўленае памяшканьне Цэнтру гарадзкога жыцьця даводзілі да ладу «з нуля» з пачатку году.
Сымбалічна, што першым госьцем у новай прасторы стаў Лявон Вольскі, кажа Мажэйка.
«Вольскі для кагосьці —як Караткевіч і Быкаў. Для аграмаднай колькасьці людзей гэта той, хто зрабіў зь іх беларусаў. Вольскі — гэта голас незалежніцкага пакаленьня беларусаў. Ён аб'яднаў нас, краіну, беларускамоўных і расейскамоўных, рабацяг і інтэлігенцыю. Вольскі даў і дае надзею на нармальную Беларусь», — сказаў Мажэйка.
Папярэдняе памяшканьне на Савецкай вуліцы, дзе раней месьціўся Цэнтар гарадзкога жыцьця і легендарная арт-галерэя «Крыга», працягне жыць і выкарыстоўвацца для культурных мэтаў, але як менавіта, пакуль застаецца таямніцай.