Тры месяцы варты ў Курапатах: што далей?
Пачну з відавочнага. Ніякія генпракуратуры і ніякія ахблвыканкамы не зачыняць кабак на месцы сталінскіх рэпрэсіяў, пакуль пры ўладзе банда лукавага. Не для таго адчынялі. Актыўна змагацца і вартаваць Курапаты ад бульбашхолаў сённешнім метадам трэба было з 2012 году - калі генпракуратура хаця б крыху сумленна адрэагавала на парушэнне законаў і пакуль не быў пабудаваны і адчынены сам кабак у цяперашнім выглядзе. Нікога не абвінавачваю, але і не здымаю адказнасці з нас усіх.
Зараз што маем - то маем. Кабак працуе, хай сабе і ў мінус, дзякуючы трохмесячнай варце. Някія дзяржструктуры яго не зачыняць - будзе гульня на ўзроўні адпісак, на якія страцім і час, і стосы паперы.
Сэнс звяртацца да афіцыйных структураў зможа быць толькі адзін - зафіксаваць для будучай люстрацыі факт адмовы ці бяздеяння ўладаў падчас знішчэння Курапатаў. А тое, што задача ўладаў менавіта такая - відавочна. Яны працягваюць фальсіфікаваць гісторыю і месцы сталінскіх злачынстваў перапісваць пад нацысцкія. У Менску пакуль баяцца, бо сталіца і акцыі пратэсту, якія ідуць ужо тры месяцы.
Як правільна многія кажуць, Курапаты - гэта выпрабаванне. Для многіх рухаў і партый, якія перыядычна кажуць пра тысячы сваіх сяброў, - непад'ёмнае. Варта трымаецца на некалькіх дзесятках актывістаў з двух-трох арганізацый. І толькі дзякуючы ім і некалькім незалежным СМІ пра Курапаты хоць пару разоў на тыдзень нехта ўзгадвае. Улады пра гэта ведаюць і наносяць кропкавыя дакладныя ўдары. Хацелася б сказаць: усіх не перасаджаюць, але не выпадае, бо актыўных удзельнікаў варты мала, і некаторыя правялі за кратамі трaціну лета.
Што рабіць далей?
Збор подпісаў пад зваротамі да злачынцаў амаральны і бессэнсоўны Яны нічога не вырашаць, пакуль пры уладзе банда. Як і не вырашылі нічога подпісы, якія збіралі калісці за сцягі і за мову. За іх я атрымала штрафаў на суму амаль 4 тысячы даляраў. Пасля ў мяне за неаплату апісалі ўсю маёмасць і арыштавалі дом, які я на той момант прадавала. Лепей бы я атрымала гэтыя штрафы і праблемы за стаянне перад адміністрацыяй плакатам "Сыходзь".
Якое выйсце? Трэба мяняць фармат пратэстаў і узмацняць ціск не столькі на ўладальнікаў кабака, а на ўладу, якая ініцыявала знішчэнне Курапатаў. Як - пытанне адкрытае. Давайце абмяркоўваць.
Вольга Нікалайчык, Telegram-канал «Баста»