Cёняшнія чыноўнікі спрабуюць узнавіць савецкi менталітэт.
Грамадскі актывіст Лявон Баршчэўскі распавёў «Радыё Рацыя», чаму банеры з паэтам і палітыкам Уладзімірам Някляевым і іншымі вядомымі ў Беларусі асобамі так напужалі чыноўнікаў.
Нагадаем, што з нейкіх высокіх кабінетаў далі загад зняць рэкламныя банеры крамы simbal.by з выявамі знакамітых асоб – Уладзіміра Някляева, Юрыя Жыгамонта, Меліціны Станюты і Лявона Вольскага. Рэклама на вуліцы Машэрава ў Менску правісела некалькі гадзін.
- Сёння стан беларускіх чыноўнікаў такі, што ім лепш нічога не рабіць, чым нешта зрабіць, а потым атрымаць за гэта. Яны ж пастаянна перастрахоўваюцца. І само адчуванне таго, што тэлефонным правам можна неабмежавана карыстацца, давяло гэтых людзей да таго, што яны ўжо нават страцілі інстынкт перасцярогі, хаця тэлефоннае права – гэта незаконнае дзеянне і нават падсудная справа. Бо, калі ў кагосьці ёсць прэтэнзіі, то пішыце афіцыйны ліст, выказвайце сваю нязгоду альбо прэтэнзію і вырашайце пытанне.
- Адным словам, банеры не спадабаліся ідэолагам?
- У краіну вярнуліся (а можа і не сыходзілі) савецкія часы, калі па тэлефонных званках вырашаліся матэрыяльныя праблемы, зямельныя альбо кватэрныя пытанні, выдаваліся альбо не выдаваліся кнігі.
Гэта перажытак савецкага менталітэта, які сёняшнія чыноўнікі спрабуюць узнавіць. Але такая методыка не працуе, калі ў краіне рынак і прыватная ўласнасць. І кіраванне па тэлефоне гэта ўсё толькі разбурае. Чаму ў Беларусі неэфектыўная эканоміка? Таму што нельга ініцыятыву браць на сябе, бо за гэта можаш атрымаць па галаве. І дзейнічаюць тут не паводле законаў, а паводле нейкіх вусных указанняў. Гэта вельмі шырокая праблема насамрэч. І справа тут нават не ў партрэце Някляева…