Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гэтаму рэжыму ўжо не дапаможа нішто

30.03.2009 политика
Гэтаму рэжыму ўжо не дапаможа нішто

Усе чакалі немагчымага. І Дзень Волі звязвалі амаль што з “часам ікс”. Вось сыйдуцца сто тысяч. І рушаць у цэнтр горада. І вернуць адабраную дыктатарам свабоду.

А ўвечары, калі было ўжо зразумела, што масавага шэсця не прадбачыцца, пачуліся галасы расчаравання. Потым яны зліліся ў адзіны хор.

Пакрыўджаных суцешыць няма чым. Сапраўды, прарыў не адбыўся. Яго ніхто не планаваў. Проста некалькі сумленных грамадзян, скарыстаўшы сваё канстытуцыйнае права, падалі агульную заяўку на правядзенне мітынгу і шэсця з нагоды вялікага свята – Дня Волі. Дзякуй ім за тое. Астатняе залежала ўжо ад грамады. Ад тых, хто ў краіне гэтай жыве, гісторыю яе ведае і продкаў сваіх шануе. Гэткіх сабралася некалькі тысяч.

Як заўсёды потым бэсцілі на сайтах апазіцыю: зусім не было інфармацыі. Як гэта не было?.. Ужо дзевяноста адзін год вядома ўсім, што 25 сакавіка – дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля двух стагоддзяў імперскай акупацыі была адноўлена Дзяржава. Калі гэта не свята, дык што тады свята? І замест таго, каб клясці апазіцыю за тое, што яна не абышла ўсе завулкі ды пад’езды і не паведаміла кожнаму, дзе і калі трэба сабрацца, было б куды больш карысна патэлефанаваць знаёмым і сябрам. Дамовіцца пра сустрэчу ў пэўны час у пэўным месцы. Але і на тое не хапіла смеласці – а раптам ў тэлефоне хтосьці сядзіць ды слухае і заўтра ўсё паведаміць начальніку.

Кажуць, на плошчы не тыя сцягі. Маўляў, рабочы клас, які ад малых заробкаў даўно ўжо стогне, пад іх ніколі не пойдзе. А вось быў бы сцяг у кветачкі або ў кропачкі – іншая размова. Прыйшлі б натоўпы пралетарскіх змагароў. Вось толькі сцяг на кожны густ нанова не выкройваюць. Ён такі, якім яго дараваў нам лёс. На вялікае шчасце – дзівосны. Бел-чырвона-белы. Самы прыгожы ў свеце. Пад ім жылі і паміралі за Айчыну такія людзі, што ён ўжо мог бы выбіраць, каму тут падабацца.

На плошчы Акадэміі, прамаўляючы перад сапсаваным мікрафонам, вядомы паэт нагадаў усім, што Дзень Волі – найперш свята. І бракуе сёння людзям менавіта свята. Сапраўднага. З песнямі і танцамі. З кветкамі і ўсмешкамі. І з роднай мовай. Бо апошнім часам ідзе ў нас гаворка, што спачатку дамагчыся трэба ўлады і свабоды. А мова і культура – як-небудзь пасля. Але ўладу і нават свабоду можна аднойчы страціць, а потым аднавіць. А мову страціўшы не вернеш ўжо нічога. Ён чытаў свой верш пра бел-чырвона- белы сцяг. А па той бок вуліцы, на даху шпітальнага будынку стаялі снайперы. Іх чорныя постаці былі выразна акрэслены вясновым светлым небам. Гэткіх жа людзей у чорным бачылі ў той дзень і на іншых будынках горада. Няўжо хтосьці сапраўды паслаў іх на высотныя кропкі, каб у выпадку чаго страляць? У каго?..

У той дзень і напярэдадні апазіцыю ўлады правакавалі свядома і наўмысна. Заяўнікі дакладна вызначылі і паведамілі загаддзя маршрут шэсця. Ад Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы. Яны гэткія ж грамадзяне, як і ўсе астатнія. І маюць гэткае ж права карыстацца вуліцамі і плошчамі сваёй сталіцы, як і ўсе тыя, хто там галёкае і скача калі заўгодна. Дык чаму ж нельга было задаволіць заяўку належным чынам? Не, не задаволілі. Паслалі зноў на сабачую пляцоўку. Наўмысна. Каб зняважыць. І справакаваць. Бо ведалі цудоўна, што ніхто туды не пойдзе. Дэманстранты скіруюцца ў цэнтр.

Дыктатура як агню баіцца ўласнага народу. А таму ў дзень свята – снайперы на дахах. Аўтазакі ў дварах. Спецмашыны назірання. І сцягнутыя ў Мінск з усіх куткоў краіны вайскова-вертухайскія фармаванні. І нават спіраль Бруна – супрацьпяхотны сродак, які дарэчы хіба што на вайне. Але яны збіраліся скарыстаць д’ябальскую прыладу з калючага дроту ў цэнтры сталіцы. Супраць людзей, якія на палітычных дэманстрацыях нават перад светафорамі спыняюцца, чакаючы зялёнага святла.

Гэтым разам і моладзь, сустрэўшы глыбока эшаланаваную абарону, праявіла зразумелую абачлівасць. Паслухала сваіх лідараў, якія прапанавалі далей не ісці. Асноўная ж частка тых, хто прыйшоў да Акадэміі, па закліку заяўнікаў акцыі стала ў ланцуг уздоўж праспекту. Прыгожы быў ланцуг. З выразнымі расцяжкамі і бел-чырвона-белымі сцягамі. Усе, каму давялося ехаць у той вечар па галоўнай магістралі, доўга бачылі гэты святочны ланцуг. Было відавочна, што паміж тымі, хто праязджаў, і людзьмі пад сцягамі ўзнікаў эмацыйны кантакт. І тое ўзаемаразуменне і згода бясследна не пройдуць. І ў цемры не знікнуць.

І дыктатура пра тое ведае добра. Яшчэ яна агрызаецца моцна, але былога імпэту няма. І перспектывы – таксама. Ужо ўключаны зваротны адлік. Электаральная падтрымка знікае нібы дым. І застаецца спадзяванне толькі на звыклы рэліктавы страх. І таму – гэта неадэкватная рэакцыя на звычайную спробу прыстойных людзей адзначыць святочную дату. Моцная ўлада нават не звярнула б на тое ўвагі. А тут – некалькі перыметраў амаль вайсковай абароны. І наіўнае спадзяванне на моц калючага дроту. Можна павялічыць усё тое ў шмат разоў. Можна і ў цэнтры збудаваць яшчэ адну лінію Сталіна. Не дапаможа нішто.

Тры тысячы выйшлі апошнім разам на плошчу або чатыры – гэта ўжо зусім не істотна. Нарадзілася новая палітычная сіла. Сёння ў супраціве рэй вядзе моладзь. А яна не ведае страху. І жыць за калючым дротам не хоча. І будучыня нашай краіны належыць не старому правінцыйнаму дыктатару, а маладым, адважным і прыгожым. Каб тое зразумець, варта ўбачыць пачварныя маскі абаронцаў рэжыму і адкрытыя твары тых, каго ім так і не ўдалося застрашыць. Праўду казаў калісьці пісьменнік: прыгажосць уратуе свет.

А Беларусь – тым болей.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]