Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Герой менскага паўмаратону: Мне крычалі: «Жыве Беларусь!», я адказваў: «Жыве вечна!»

09.09.2018 общество
Герой менскага паўмаратону: Мне крычалі: «Жыве Беларусь!», я адказваў: «Жыве вечна!»

Уладзь Сташкевіч прабег менскі паўмаратон, як і летась, зь бел-чырвона-белым сьцягам на плячах.

Грамадзкі актывіст, мэнэджэр некамэрцыйных праектаў Уладзь Сташкевіч прабег менскі паўмаратон, як і летась, зь бел-чырвона-белым сьцягам на плячах. Летась яго не чапалі, сёлета затрымалі, паведамляе «Радыё Свабода».

Уладзь удзельнічае ў паўмаратоне трэці год. Сёлета, як і летась, ён бег дыстанцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам. На фінішы, адразу пасьля таго, як яму ўручылі мэдаль, людзі ў цывільным адвялі яго ў аўтазак.

— Як і летась, і ўдзельнікі маратону, і гледачы мяне вельмі падтрымлівалі. Мне крычалі: «Жыве Беларусь!», я адказваў: «Жыве вечна!» Пэрыядычна людзі падбягалі, рабілі сэлфі са мной, я таксама накідваў на іх сьцяг, паціскалі мне руку. Вельмі пазытыўна рэагавалі і самі бегуны, і гледачы.

— І якая была іх рэакцыя, калі вас затрымлівалі?

— Пасьля фінішу ўсе ўдзельнікі павольна праходзяць мэтраў сто, ім даюць бутэлечку вады і вешаюць мэдаль. І адразу пасьля гэтага мяне ўзялі пад рукі людзі ў цывільным: «Пройдзем!». Гэта прайшло ціха і незаўважна.

Фота: svaboda.org

У аўтазаку «цывільныя» задавалі пераважна адно пытаньне: «Навошта?» Уладзь патлумачыў, што такім чынам адзначае сёлетнія 100 гадоў БНР. Многія людзі беглі са сьцягамі сваіх краінаў і карпарацыйных брэндаў. Да іх пытаньняў не было.

Сташкевіча адвезьлі ў пастарунак «для высьвятленьня асобы», склалі пратакол за «бег са сьцягам» і паабяцалі разабрацца, ці ёсьць у гэтым склад адміністрацыйнага правапарушэньня, пазьней.

Сёлета Уладзь Сташкевіч прабег 21,2 км за 1 гадзіну 55 хвілінаў — на 4 хвіліны хутчэй, чым летась.

— Паўзы на «сэлфі» з гледачамі нашмат пагоршылі ваш вынік?

— Ёсьць такое, хвілінаў на 10 мог бы прабегчы хутчэй. Але ж я не за мэдалі змагаюся, а прасоўваю нашы каштоўнасьці. Шмат людзей пабачылі, што ня толькі апазыцыя, але і спартоўцы падтрымліваюць бел-чырвона-белы сьцяг.

Паўмаратон — забег на дыстанцыю 21 км 97,5 мэтраў. Першы менскі паўмаратон прайшоў у 2013 годзе. Сёлета ў ім удзельнічалі каля 35 тысяч аматараў бегу. Перамог бягун з Этыёпіі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]