Hацыянальныя сымбалі актыўна выкарыстоўваюцца на стадыёнах.
Вядомы беларускі мовазнаўца, палітык, былы старшыня БНФ Вінцук Вячорка ў размове з карэспандэнтам «Трыбуны» Тарасам Шчырым выказаўся наконт выкарыстоўвання нацыянальных сымбалаў на стадыёнах.
- Якое ваша стаўленне да таго, што нацыянальныя сымбалі цяпер актыўна выкарыстоўваюцца менавіта на стадыёнах?
– Я ў захапленні ад перфомансаў беларускіх заўзятараў. Маю на ўвазе найперш творчыя, візуальныя перфомансы. Мне вельмі падабаецца, што яны становяцца болей беларускімі, арынтуюцца на беларускую мову (дарэчы, на тарашкевіцу), беларускую гістарычную спадчыну, на гістарычныя постаці, паэзію, і, натуральна, на беларускія нацыянальныя колеры.
Я думаю, што гэты працэс аб’ектыўны, незваротны. Рэч у тым, што спорт звязаны з патрыятычнымі пачуццямі. Добры спорт мабілізуе добрыя пачуцці. І ніякае адміністраванне, ніякае прымітыўнае, ўбогае навязванне неэстэтычных узораў і штучных традыцый проста не пройдзе. Заўзятары, а гэта пераважна маладыя людзі, адчуваюць фальш і тое, што натуральна. А традыцыйна беларускае – гэта ёсць натуральнае.