Барацьба за Курапаты павінна працягвацца.
Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярск выйшаў зь менскага раённага ізалятара пасьля 10 сутак арышту за пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў. Агулам сёлета ён адседзеў 50 сутак, а за ўвесь час — 424 сутак. Карэспандэнт «Радыё Свабода» сустрэўся з Максімам Вінярскім па выхадзе з ізалятару і запісаў 10 самых яркіх ягоных уражаньняў.
- Ані ў Менскім раённым ІЧУ (ізалятары часовага ўтрыманьня), ані ў гарадзкім ізалятары на Акрэсьціна за год нічога не зьмянілася. Тыя ж двух’ярусныя ложкі, тыя ж цесныя камэры, у якіх то няма вады, то не хапае сьвятла.
- Ціск, бруд, спробы ўсяляк прынізіць — тыя самыя. І гэта звычайнае абыходжаньне з палітычнымі вязьнямі для дыктатуры: тыя, хто адстойвае свае погляды, мусяць за гэта сядзець у турме.
- Ня мае значэньня, зьвяртаецца да цябе ахоўнік на «вы» ці на «ты», прынёс ён табе кашу лепшую ці горшую. Усё роўна гэта палітычныя рэпрэсіі супраць актывістаў, у тым ліку тых, якія бароняць Курапаты.
- 50 дзён арышту толькі за гэты год, а ўсяго ўжо больш за год я правёў за кратамі. Пры тым, што паводле Крымінальнага кодэксу да адказнасьці не прыцягваўся.
- Лічу, што пікеты [каля рэстарацыі «Поедем поедим»] трэба працягваць. Прычым у найбольш актыўнай форме — калі не прапускаюць туды аўтамабілі. Усё іншае — тлумачэньні, гутаркі з наведнікамі па душах, раздача ім улётак пра Курапаты — гэта добра, але як дадатак. Адны гутаркі ня будуць эфэктыўнымі, тады сэнс варты будзе ў значнай меры страчаны.
- Як па мне, удзельнікі варты павінны дзейнічаць у адным фармаце. Інакш таксама на вынік спадзявацца не выпадае.
- У нас няма незалежных судзьдзяў, і гэта выдатна бачна на ўсіх палітычных працэсах.
- Прыкладам, адзінае, чаго хацеў судзьдзя на маім апошнім працэсе — гэта каб мы хутчэй скончылі. Ён не разглядаў ніводнага хадайніцтва, ігнараваў паказаньні сьведак. Яму загадалі, ён выконваў.
- Загадалі судзьдзі, каб «Новы час» выйграў пазоў у Ізраілевіча — гэтак і адбылося. Наступны загад можа быць іншы.
- Таму наша барацьба за Курапаты павінна працягвацца, саступак я пакуль ня бачу. І сам буду ў гэтай барацьбе браць удзел, пакуль магу змагацца.