Людское жыццё настолькі складанае і непрадказальнае, што ў ім нечакана перагукаюцца далёкія адна ад другой з’явы.
Здавалася б, што агульнага паміж зменамі ва ўрадзе Беларусі і міграцыйнымі пытаннямі, якімі займаецца Еўропа? Але яно ёсць, бо ў абодвух выпадках закранаецца праблема «свежай крыві».
Словаспалучэнне «свежая кроў» мае некалькі сэнсаў. Cпынюся на метафарычным, не звязаным з гвалтам, бойкамі і войнамі, які азначае, што народу або працэсу, патрабуецца абнаўленне. На мой погляд, беларуская і еўрапейская праблемы цяпер вырашаюцца спосабамі, якія не прывядуць да выніку. Замена службоўцаў ва ўрадзе або палітыка «малых крокаў» у розных сферах жыццядзейнасці Беларусі не дапамогуць рэфармаваць закасцянелы аўтарытарызм, наблізіцца да дэмакратыі. На жаль, і палітыка «адчыненых дзвярэй» прывяла Еўропу ў міграцыйны тупік. Гэтая выснова высвечваецца выразна, калі не займацца словаблуддзем, а глядзець у корань з’яў.
За час існавання аўтарытарызму беларускі ўрад мяняўся безліч разоў, але паляпшэння сітуацыі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы як не было, так і няма, таму што сама дзяржаўная сістэма з’яўляецца галоўным тормазам на шляху развіцця краіны і грамадства. Акрамя таго, чарговыя кіраўнікі, нават тыя, што нібыта спавядаюць рынкавы лібералізм, уключаючы і прэм’ер-міністра, — гэта не «свежая кроў». Яны нясуць у сабе вірусы аўтакратычнага валюнтарызму. Трапляючы ў каманду, што працуе пад пільным наглядам узурпатара ўлады, чыноўнікі адразу забываюцца на тое, што жыццё развіваецца не дзякуючы жорсткай каманднай вертыкалі, а за кошт моцнай народнай «гарызанталі», якая павінна выяўляць свабоду думкі, творчы пошук, таленавітасць, ініцыятыўнасць, прадпрымальнасць, працавітасць. Што тычыцца галоўнага боса, то ён гэтую ісціну не толькі не прымае, але і з прычыны бескантрольнага ўладалюбства, адукацыйнай і культурнай абмежаванасці проста не можа ўсвядоміць.
Пакуль не адбудзецца дэмантаж бесперспектыўнай палітычна-сацыяльнай сістэмы, мы не дачакаемся зруху ў лепшы бок, а працягнем дэбільна таптацца на адным месцы і слухаць пустую начальніцкую балбатню пра «стабільнасць і росквіт»...
Беларуская праблема зразумелая, як кажуць, ляжыць на далоні, а клопат еўрапейскі мае складаную гісторыю. Міграцыю пасля другой сусветнай вайны, калі трэба было адбудоўваць разбураныя гарады, закранаць не будзем.
Вострыя праблемы пачалі ўзнікаць пазней, бо «свежую кроў», а дакладней танную працоўную сілу і дэмаграфічную падпітку захацелі мець Францыя, Германія, Іспанія, дзе карэннае насельніцтва не жадае ісці на брудную, цяжкую і небяспечную вытворчасць, дзе адбываецца спад нараджальнасці. Сюды перасяляліся дзясяткі тысяч мігрантаў, а пасля лік пайшоў на сотні тысяч. У Францыі, дзе жыве 65 мільёнаў чалавек, 15 мільёнаў — выхадцы з іншых краін. Падобная сітуацыя і ў Германіі, дзе з 82,8 мільёна чалавек 23% маюць замежнае паходжанне. У Іспаніі такіх людзей налічваецца 12,7%.
Успамінаю вандроўкі па Францыі і Германіі ў 80—90-х гадах ХХ стагоддзя, калі літаратурнымі выступленнямі зарабляў грошы, каб закупляць лекі і медыцынскае абсталяванне для дзяцей, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мне пашчасціла бачыць патрыярхальныя, ціхія, з адладжаным бытам гарадкі і вёскі, знаходзіць прытулак у сем’ях фермераў, рабочых, інжынераў, святароў, выкладчыкаў, урачоў, зразумець філасофію шчасця заможнага, спакойнага жыцця. А ў буйных гарадах зацішку ўжо не было, наплыў мігрантаў нарадзіў сацыяльныя, рэлігійныя, культурныя, моўныя праблемы, што спляліся ў клубок, які не разблытваецца.
Мігранты стараліся сяліцца кампактна, узніклі цэлыя гарадскія кварталы адной нацыянальнасці. Іх насельнікі не асіміляваліся, не ўступалі ў шлюб з іншаверцамі, жылі паводле сваіх законаў. Нізкая адукацыя, няведанне мовы і нежаданне яе ведаць, беспрацоўе, сутыкненне менталітэтаў прывялі да таго, што замежнікі становяцца злачынцамі ў 3—4 разы часцей, чым карэнныя жыхары. У французскіх і нямецкіх гарадах (Парыж, Ліён, Берлін, Франкфурт-на-Майне) сам бачыў канфлікты і бойкі паміж мігрантамі і прадстаўнікамі карэннай нацыянальнасці. Але гэта былі «кветачкі» ў параўнанні з сучаснымі «ягадкамі».
Паралельна з міграцыяй Еўропу пачало захлістваць бежанства з Сірыі, Афганістана, Косава, Ірака, Албаніі, Пакістана, Нігерыі. У такім Вавілоне цяжка падтрымліваць парадак. Калі з прычыны несупадаючых палітычных, рэлігійных перакананняў не мірацца прадстаўнікі адной нацыянальнасці, то што казаць пра людзей з рознай рэлігіяй, менталітэтам, мовай, культурай? Вялікае перасяленне народаў прыносіць свежую кроў не толькі ў пераносным сэнсе, але і ў прамым.
Цытую думкі выхадца з Паўночнай Афрыкі: «Вы, еўрапейцы, сран…я, таму што не хочаце дзяліцца з намі сваім дабрабытам. (Сярэдні афрыканец жыве на 50 цэнтаў у дзень. — С.З.) Вы трымаеце нас за людзей трэцяга гатунку, плюеце на нас або суеце міласціну. Мы са сваёй культурай выклікаем у вас страх. Але хутка ўся Еўропа будзе наша». Ясна, што з такім агрэсіўным настроем уліцца ў народ, куды ты прыехаў, няпроста.
Можна паслухаць і немца: «На Еўропе ляжыць вялікая доля адказнасці за беднасць у краінах трэцяга свету, асабліва ў Афрыцы. Калі б мы, даючы калоніям незалежнасць, стварылі ў іх нармальныя ўмовы існавання, не было б такой неадэкватнай міграцыі…»
Кожны чалавек можа жыць у любым кутку планеты, але толькі тады, калі не парушае міжнародныя нормы і не сядзіць на шыі ў іншых людзей. Не хачу ўмешвацца і павучаць некага, ды, як казаў незабыўны Васіль Быкаў, усё ж «жыць лепей дома» і наладжваць прыстойны дабрабыт. Гэта зразумела прыхільніца палітыкі «адчыненых дзвярэй» канцлер Германіі А. Меркель, якая здзейсніла перагаворны ваяж па Афрыцы.
Зямны свет сціснуўся, важныя падзеі адгукаюцца ў сэрцы. Я ж не толькі беларус, а яшчэ і зямлянін. Мне неабыякава, што будзе з планетай, на якой жывуць мае дзеці, унукі.
Чалавецтва на Зямлі — гэта ўнікальны дар Вышэйшай Волі, шчаслівая выпадковасць, вялікі цуд. Знішчаць яго могуць толькі вар’яты. У маёй кнізе «Шалёная Куля» (куляй мы называем і зямны шар. — С.З.) ёсць аднайменны верш:
Я ў свеце жыву, дзе з крывавых падзей
Гісторыю ткалі заўжды псіхапаты.
Вайна не шкадуе ніколі людзей —
Шалёная куля пільнуе салдата.
А мне давялося пісаць на разрыў,
Мець раны нягойныя нават без бою.
Шалёную Кулю я сэрцам злавіў,
Да кроплі сцякаю нясцерпнай любоўю.
Імчыцца, выпісвае вечнасці круг
У космасе чорным, наскрозь нелюдзімым
Планета, якую вандроўны мой дух
Давёў да памераў малое радзімы.
У свеце,
Дзе гвалт душы кволыя гне,
Дзе блякласць сцягоў,
Дзе прадажныя словы,
Зноў страх за людзей раздзірае мяне,
І толькі любоў застаецца замовай.
Стаю на каленях ля родных магіл,
Тут грозна ў вушах вецер памяці свішча.
Ці хопіць зямлянам сумлення і сіл,
Каб сцішыць дурных пустадомкаў ігрышча?
І я, адыходзячы ў край нежывых,
Спытаюся так, каб унукі не ўчулі:
«Куды ты нясешся на злом галавы,
Планета няўдзячных —
Шалёная Куля?»
Шасцімятровыя платы і калючыя драты не абароняць Еўропу ад наплыву бежанцаў, які можа прывесці да глабальнага ўзрушэння. Палітыкі павінны шукаць кампраміс і дамовіцца, як дапамагчы бедным краінам устаць на ногі.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com