Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як беларуска знайшла шчасьце ў Лібане

16.09.2018 общество
Як беларуска знайшла шчасьце ў Лібане

I нават прывезла ў Беларусь мошчы сьвятога Шарбэля.

«Дзяўчаты часта не ўяўляюць, што іх можа чакаць наперадзе. Толькі калі трапляюць на чужыну, разумеюць, наколькі складана жыць у рэлігійным асяродзьдзі. Таму варта ўзважваць загадзя: за каго выходзіш і куды едзеш». Мянчанка распавяла «Радыё Свабода» пра адметнасьці жыцьця на Блізкім Усходзе.

«Муж сказаў: займайся дзецьмі, каб ані ў чым ня мелі патрэбы»

Вольга Хабр (у дзявоцтве Грыдзіна) апошнія 15 гадоў жыве ў Лібане. З будучым мужам Алексам пазнаёміліся ў Італіі: яна студэнтка, ён ужо тады пасьпяховы прадпрымальнік, займаўся вытворчасьцю прадукцыі з каменнай крошкі — стальніцы, ракавіны, падлогі для жылых дамоў, гатэляў, офісаў. Сустрэча аказалася лёсавызначальнай. Сёньня беларуска-лібанская пара гадуе дзьвюх дачок: Сафіі 13 гадоў, Сашы — 10.

«Калі выйшла замуж, інстытут паступова закінула, — расказвае Вольга. — Шчыра скажу: адпала жаданьне „імітаваць працэс“. Я вучылася на юрыста, а ў арабскім сьвеце, як пераканалася, зусім іншыя правілы. Дый юрыспрудэнцыя, мякка кажучы, крыху адрозная ад нашай. Паколькі ведала, што выходжу замуж раз і назаўсёды, падумала: ну які сэнс той „корачкі“? У Лібане з такім дыплёмам працаўладкавацца папросту нерэальна».

Вольга і Саша Хабр на вакацыях у Менску

Інтэрнацыянальная сям’я жыве ў гарах недалёка ад курортнага гораду Джуні. Мтайлеб — невялікае хрысьціянскае паселішча, трапіць у якое можна толькі праз шлягбаўм з ваенізаванай аховай. Вялікія апартамэнты, дзьве машыны, прыслуга — усё як у лепшых дамах Парыжу. На вытанчаны стыль арыентуюцца тут многія. І ня дзіва: два дзясяткі гадоў, да сярэдзіны 1940-х, краіна была пад францускім пратэктаратам.

«Я не працую. Муж сказаў: займайся дзецьмі, сачы, каб яны ані ў чым ня мелі патрэбы. Ну, я доўга і не супраціўлялася, — сьмяецца беларуска. — Некуды ісьці — значыць, усё кінуць. Каб была патрэба — гэта адно. Дзякуй богу, такой неабходнасьці няма, Алекс усім забясьпечвае. Дый, шчыра кажучы, што я там напрацую? Без адукацыі, без дасканалага веданьня мовы. Таму вучу зь дзяўчатамі заданьні, ваджу іх на гурткі. Вось вырастуць — тады і буду глядзець, чым сябе заняць».

Від на Джуні з фунікулёру

Алекс Хабр — спраўны, салідны, інтэлігентны. Розьніца ва ўзросьце не перашкаджае захоўваць з жонкай пяшчотныя адносіны і мець роўна важкі голас у сямейных пытаньнях.

Бацькі і дзеці размаўляюць паміж сабой адразу на некалькіх мовах: арабскай, ангельскай, францускай. Алекс за прамінулы час падцягнуў расейскую, але пачэснага месца «вялікай і магутнай» не адведзена. Не асабліва прыжылася яна і ў дзяцей.

«Сафія і Саша вучацца ў каталіцкай школе Ісуса і Марыі з паглыбленай ангельскай мовай, — кажа іх мама. — Тое, што выкладаюць хрысьціянскія асновы, лічу вельмі важным. Усё ж павінны быць пэўныя рамкі — свабодай людзі не заўсёды правільна распараджаюцца. Прадметы на трох мовах: арабская, ангельская, француская. Складана, але вольна гавораць на ўсіх. Падчас хатніх заданьняў заадно вучаць мяне арабскай: я не чытаю, не пішу, у мяне толькі размоўная. Хоць клясычны варыянт адрозны ад дыялектаў у розных краінах, але пасядзець у кампаніі — узроўню хапае».

Бізнэсовец Алекс Хабр

«Жывуць у расейскамоўным асяродзьдзі, кучкуюцца паміж сабой»

Як і іншыя краіны Блізкага Ўсходу, Лібан стаў другой радзімай для тысяч выхадцаў з колішніх савецкіх рэспублік, не спынілася міграцыя і сёньня. Перадусім гаворка пра жанчын, якія павыходзілі замуж за студэнтаў-замежнікаў. Маладыя лібанцы разьбівалі сэрцы зь першага стрэлу: яны нязьменна ўзначальваюць разнастайныя рэйтынгі самых прывабных мужчын сьвету.

«Шмат славянскіх жанчын замужам, гадуюць дзяцей, — пагаджаецца Вольга. — Ня толькі зь Беларусі, а і з Расеі, Украіны. Многія так і жывуць у расейскамоўным асяродзьдзі, кучкуюцца паміж сабой. У мяне такой мэты ніколі не было, наадварот, цікава сярод мясцовых. Я не выбіраю паводле нейкай прыкметы, гляджу толькі на чалавека. Калі ён мне імпануе, то знайду спосаб і патрэбную мову, каб закантактаваць. Лібан — сьвецкая дзяржава з прасунутым, адкрытым ладам. Прынамсі хто прыяжджае з Эўропы — як правіла, ім тут падабаецца».

У раёнах з хрысьціянскай большасьцю ход жыцьця сапраўды мала чым адрозьніваецца ад любога эўрапейскага гораду. Прамэнад па Бібласе або Джуні, Сайдзе або Тыры сьведчыць, што і тут ёсьць свае тусовачныя месцы а-ля менская Зыбіцкая, дзе маладыя людзі адцягваюцца на дыскатэках і посьцяць сэлфі ў Інстаграме. З той хіба розьніцай, што замест алькагольных кактэйляў — кальян. Самая «гульлівая» ў гэтым шэрагу — бэйруцкая Хамра-стрыт зь безьліччу кавярняў, гатэляў, бутыкаў.

Нават традыцыйныя мусульманскія кварталы не настолькі кансэрватыўныя, як у тым жа Іране, дзе дрэс-код канечны нават для іншаземцаў. Вось толькі шукаць піва ў тамтэйшых крамах будзе марна, ня кажучы пра нешта мацнейшае.

Тры пакаленьні краўцоў з Сайды

Каб завяршыць шлюбную тэму, цікаўлюся ў Вольгі Хабр: ці сустракала яна зямлячак, якія пашкадавалі пра рашэньне зьмяніць «стабільную» радзіму на «непрадказальны» Ўсход? Можа, ведае прыклады, калі жанчыны станавіліся закладніцамі ў новым доме? Дарэчы, з адной віцяблянкай, таксама Вольгай, пазнаёміліся ў старажытным Баальбэку. Тут яна жыве апошнія 8 гадоў, працуе ў сувэнірнай краме. Запэўніла, што задаволеная «на ўсе сто».

«Сытуацыі розныя, — парыруе мінчанка. — У Беларусі таксама можна стаць закладніцай ва ўласным доме. Дзяўчаты, асабліва калі бяруцца шлюбам з мусульманамі, часта не ўяўляюць, што іх чакае. Ня ведаюць ні пра веру, ні пра побыт. Толькі калі прыяжджаюць на месца, разумеюць, наколькі складана жыць у рэлігійных сем’ях. Таму трэба загадзя думаць, за каго выходзіш і куды едзеш. Можа быць добры чалавек, але ў пытаньнях звычак, традыцый ён будзе слухацца родных. Значыць, ёсьць рызыка трапіць у жорсткія рамкі, калі мужава атачэньне пачне тэрарызаваць «чужынку».

«Байцы „Хэзбалы“ першымі ўстаюць на ахову дзяржаўных межаў»

Лібан мае ўнікальную «біяграфію», якая вымяраецца тысячамі гадоў разьвіцьця цывілізацыі. Фінікійцы, якія ў Бібласе ўпершыню сыстэматызавалі альфабэт, асырыйцы, грэкі, рымляне, бізантыйцы, крыжакі, туркі-атаманы — кожная культура пакінула свой адбітак у гісторыі края.

Тут і да сёньня суіснуюць амаль два дзясяткі веравызнаньняў, суперніцтва паміж некаторымі пачалося яшчэ 1500 гадоў таму, з узьнікненьнем ісламу. Канстытуцыя краіны афіцыйна прызнае 18 рэлігійных грамадаў, якія ўплываюць на самыя розныя сфэры. На канфэсіяналізьме грунтуецца нават палітычны лад. Гэта адзіная арабская дзяржава, прэзыдэнтам якой згодна з Нацыянальным пактам абіраецца хрысьціянін-мараніт, прэм’ер-міністрам — мусульманін-суніт, сьпікерам парлямэнту — мусульманін-шыіт.

Непазьбежныя трэньні ва ўладным трыкутніку маюць агульнанацыянальныя наступствы. Так, па кандыдатуры прэзыдэнта не маглі вызначыцца больш за 2 гады, пакуль не знайшлі зручную фігуру — 80-гадовага Мішэля Ауна.

Набярэжная Бэйруту

«Абезгалоўленасьць» уладнай піраміды спрыяла ўмацаваньню пазыцый у парлямэнце шыіцкага радыкальнага руху «Хэзбала». Суніты, у сваю чаргу, прасоўваюць кланавасьць: на чале ўраду стаў Саад Харыры, сын забітага ў 2005 годзе прэм’ер-міністра Рафіка Харыры. У чым апанэнты зьяднаныя, дык гэта шчырай адданасьцю галоўнаму сымбалю — кедру на дзяржаўным сьцягу. Дзеля справядлівасьці, у рэальнасьці ён куды больш велічны.

Кулюарныя гульні палітыкаў ня надта адбіваюцца на звыклым жыцьці шараговых лібанцаў. Нават даліна Бэкаа з цэнтрам у Баальбэку на памежжы з Сырыяй, якую кантралюе ваенізаванае крыло партыі «Хэзбала», ня робіць уражаньня зоны надзвычайнай напружанасьці.

Сучасныя кварталы лібанскай сталіцы

«Яны на сваёй тэрыторыі, нікому не замінаюць, — кажа суразмоўніца. — Нічога не кажу пра статус „тэрарыстычнай арганізацыі“, але сытуацыю бачу так: яны сапраўды абараняюць краіну. Лібанская армія сама па сабе вельмі слабая, практычна была зьнішчаная падчас 30-гадовай сырыйскай акупацыі. І першыя, хто ўстае на ахову межаў, гэта байцы „Хэзбалы“. Ваявалі ў тым ліку супраць тэрарыстаў, каб не пусьціць іх з боку Сырыі. З Ізраілем адносіны больш складаныя, гэта ўжо палітыка іншага парадку».

Дзяўчаты з мусульманскіх сем’яў

На пытаньне пра ўзаемадачыненьні «Хэзбалы» з хрысьціянскім насельніцтвам Вольга адказвае коратка — «нармальныя». Прыблізна тое самае ў Баальбэку казала і яе віцебская цёзка: актыўнасьць калі і назіраецца, дык у часе традыцыйных маршаў ці на пахаваньнях паплечнікаў, што загінулі ў Сырыі. У астатнія дні ў поле зроку яны не трапляюць.

Рымскія руіны ў Баальбэку

«У сытуацыі шматканфэсійнасьці даводзіцца суіснаваць паводле простага прынцыпу: вы нас не чапаеце, а мы вас, — кажа Вольга. — Ніхто адзін аднаму ў душу ня ўлазіць, асабліва памятаючы наступствы грамадзянскай вайны. Так, ёсьць месцы кампактнага пражываньня шыітаў, сунітаў, маранітаў — горад хрысьціянскі, горад мусульманскі. Але ўжываюцца пад адным дахам, да такога суседзтва ўжо спакойна ставяцца. Той жа Бэйрут заселены ў прапорцыі 50×50. У Трыпалі нават візуальна больш вернікаў ісламу, а Джуні цалкам эўрапеізаваная».

Плякат з выявай Саада Харыры

Асобныя рэгіёны дагэтуль асацыююць сябе з нашчадкамі францускіх калянізатараў. Яскравы прыклад — высакагорны гарадок Бшары, які чапляецца за стромкія схілы цясьніны Кадыша. Гэта цэнтар мараніцкага адгалінаваньня хрысьціянства. Яго гісторыя якога бярэ пачатак ад IV стагодзьдзя, калі група вучняў сабралася вакол сьвятога Марона, пустэльніка і прапаведніка. Апрача францускіх школаў, тут нават на побытавым узроўні гучыць — банжур, мэрсі, пардон, арэвуар, бон апэці.

Сымболіка «Хэзбалы» у Баальбэку

«Як у Эўропе не схаваесься ад тэрактаў, так і тут нешта здараецца»

Больш за сем гадоў Лібан застаецца прыфрантавой зонай — толькі цяпер Сырыя спрабуе станавіцца на мірныя рэйкі. А значыць, гэта адзін з найбуйнейшых прытулкаў для ўцекачоў з зоны канфлікту. Нават паводле афіцыйных дадзеных, на двух жыхароў 4-мільённай краіны прыпадае адзін сырыец, што адбіваецца на ўсім ладзе жыцьця.

«З уцекачамі складана, — пагаджаецца Вольга. — Пішуць, што іх тут пад 2 мільёны, а неафіцыйна яшчэ больш. Зашмат для такой малой краіны. З працоўнымі месцамі і без таго праблемы, таму лібанцы толькі і чакаюць, калі тыя ўжо павяртаюцца дадому. Пакуль урад неяк трымае сытуацыю — нападаў, гвалту няма. Можа, недзе ў прыватным парадку, але каб быў парушаны спакой, не прыгадаю. Цяпер у Эўропе ад тэрарыстаў ужо не схаваесься, так і ў Лібане часам нешта здараецца. Тады стараемся лішні раз з дому не выходзіць. Хоць рвануць можа ў любы час і дзе заўгодна».

Дворык у Трыпалі

Не здымаецца з парадку дня і пэўная напружанасьць вакол 400 тысяч палестынцаў — гэта нашчадкі ўцекачоў, якія знайшлі прытулак у Лібане пасьля абвяшчэньня 70 гадоў таму Дзяржавы Ізраіль. Многія дагэтуль жывуць у лягерах Сабра і Шаціла, адкуль іх у 1982-м выбівала ізраільская армія, іншыя існуюць зямляцкімі грамадамі. Разам з сырыйцамі гэта найбяднейшая частка соцыюму з абмежаваньнем на ўласнасьць і працаўладкаваньне.

Наагул Бэйрут даўно лічыцца адной зь нефармальных «шпіёнскіх сталіцаў», тут таемна зьбіраюцца перамоўнікі з усіх частак сьвету. Калі высьвятленьне адносінаў заходзіць у тупік, у ход ідуць сілавыя аргумэнты. Зрэшты, ня ўсё гладка і паміж унутранымі сіламі. Калі ў Баальбэку зьвярнуў увагу на мячэт, брама якога ўмацаваная масіўнай чыгуначнай рэйкай, а на пэрымэтры выстаўленыя супрацьтанкавыя рагачы, — патлумачылі: на знак пратэсту супраць падтрымкі «Хэзбалой» сырыйскага рэжыму Башара Асада нешыіцкую сьвятыню расстраляў вернік-суніт.

Як ацэньваюць свае пэрспэктывы лібанцы, асабліва маладая генэрацыя? Бачаць сябе ў сваёй краіне ці робяцца складовай часткай глябальных працэсаў? Трэба адзначыць, што ўзровень адукацыі тут вельмі высокі: працуюць амаль паўсотні ВНУ, сярод якіх міжнародныя Амэрыканскі, Брытанскі, Канадзкі, Францускі ўнівэрсытэты, ня кажучы пра профільныя нацыянальныя ўстановы.

«Значная колькасьць моладзі эмігруе, гэта ўжо тэндэнцыя, — гаворыць Вольга Хабр. — Перадусім гэта адукаваныя выпускнікі, якія ведаюць некалькі моваў, маюць запатрабаваныя дыплёмы. Ну, і плюс тыя, хто выпраўляецца на заробкі ў Эўропу, у Эміраты. Сем’і, як правіла, застаюцца ў Лібане, але калі дазваляюць магчымасьці, выяжджаюць разам. Многія назад не вяртаюцца. Як ужо казала, з працай складана, у тым ліку празь вялікую колькасьць уцекачоў. Дый чаго чакаць ад эканомікі, калі няма стабільнасьці ў палітыцы? Адно з адным пераплецена».

«Няма істотнай розьніцы паміж маладымі беларусамі і лібанцамі»

Вольга разам з дочкамі і мужам рэгулярна наведваецца ў Беларусь. У Менску жыве мама — бабуля Сафіі і Сашы, у яе і спыняюцца падчас беларускіх вакацыяў. Бацька даўно ў Канадзе, часта бачыцца не ўдаецца — канадзкія ўлады ўпарта адмаўляюць дачцэ ў візе. Летась упершыню за 6 гадоў яны сустрэлася на нэўтральнай тэрыторыі, у ЗША.

Сёлета прыяжджала на радзіму зь незвычайнай місіяй: была ініцыятаркай і арганізатаркай перадачы беларускім вернікам мошчаў сьвятога Шарбэля, якога шануе і каталіцкая царква. Манастыр Аная, дзе служыў і пахаваны мараніцкі манах-лекар, месьціцца ў гарах недалёка ад легендарнага Бібласу, заснаванага яшчэ за 4 тысячы гадоў да нашай эры. Да канца верасьня ў прысутнасьці мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча адбудзецца ўрачыстае ўнясеньне мошчаў у храм.

«24 ліпеня, у дзень літургічнай памяці сьвятога Шарбэля, прынялі ў прыватным парадку, цяпер будзе афіцыйна, — кажа яна. — Мошчы таксама ёсьць ва Ўкраіне, за год да таго нашы герархі нават прасілі падзяліцца, ды ня склалася. І калі мама на маю просьбу спытала, ці прымуць яны дар наўпрост зь Лібану, ксёндз Уладыслаў так і прысеў. Канечне! Усе камунікацыі ішлі празь мяне, паўстала нямала складанасьцяў. Прасіла, каб рэліквію суправаджаў сьвятар, а мы аплацім дарогу. Адказалі: мошчы дадзім, сьвятара — не. Або адправім поштай. Ну як гэта поштай? Тады вызвалася сама...»

Шчырай верніцай беларуска стала ўжо ў Лібане: зь Беларусі ад’яджала, як кажа сама, зь «лёгкім налётам праваслаўя». Усё кардынальна зьмянілася, калі ўбачыла ў манастырскай царкве ікону сьвятога Шарбэля, адчула яго цеплыню і любоў. Цяпер яе вера непарушная.

Пры канцы размовы запытваю ў Вольгі Хабр: ці заўважныя хоць якія зьмены ў Беларусі за тыя 15 гадоў, што яна сюды прыяжджае?

«Зьмены істотныя, — дзеліцца яна назіраньнямі. — Калі зьяжджала, быў посткамуністычны дэпрэсіўны горад працягу 1990-х — шэры, безаблічны, са страчанымі людзьмі. Цяжкае відовішча. Цяпер менчукі нашмат больш разьняволеныя, мэтанакіраваныя. Можа, старэйшае пакаленьне і дагэтуль „страчанае“, але новая генэрацыя ўжо іншая: самі паезьдзілі па сьвеце, віртуальная прастора неабмежаваная. У людзкім патэнцыяле краіна прагрэсуе. Прынамсі, асаблівай розьніцы паміж „клясычнымі“ эўрапейцамі, беларусамі ці лібанцамі ня бачу. Усё досыць арганічна разьвіваецца».

У Лібане самая вялікая доля хрысьціянскага насельніцтва ва ўсім арабскім сьвеце, што дазваляе яму заставацца сьвецкай дзяржавай — адрозна ад рэгіянальных суседзяў. Тым ня меней нават афіцыйную статыстыку трэба ўспрымаць крытычна. Апошні афіцыйны перапіс насельніцтва праводзіўся ажно ў 1932 годзе, таму кожная грамада зацікаўленая ў завышэньні колькасьці сваіх прыхільнікаў. Ад новага маніторынгу рэлігійнай прыналежнасьці ўлады ўстрымліваюцца, каб не справакаваць міжканфэсійных канфліктаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]