Зьміцер Паліенка павінен выйсьці на волю 24 кастрычніка.
Бацька Зьмітра Паліенкі Аляксандар павінен быў сустрэцца з сынам 6 верасьня, аднак спатканьне перанесьлі на 25 верасьня. Дагэтуль невядома, ці яно адбудзецца.
«Я чакаю адказу, тэлефанаваньня ці ліста ад сына. Але сёньня ўжо 17 верасьня, і ніякіх зьвестак няма», — сказаў карэспандэнту «Радыё Свабода» Аляксандар Паліенка.
Перад гэтым Зьміцер напісаў, што адміністрацыя калёніі зрабіла ў яго рэчах ператрус. Забралі ўсе асадкі, лісты і паштоўкі, якія ён хацеў адаслаць, а таксама запісы з тэлефонамі сваякоў. На падставе таго, што гэтыя рэчы «не адпавядаюць сьпісу», Зьмітру адмянілі спатканьне з бацькам.
«У выніку Зьміцер ня зможа атрымаць перадачу, якую яму мы зьбіралі разам з бацькам», — напісала ў фэйсбуку актывістка Марына Насенка.
Зьміцер Паліенка павінен выйсьці на волю 24 кастрычніка.
24-гадовы актывіст Зьміцер Паліенка адбывае два гады турэмнага зьняволеньня за мірнае супраціўленьне абмежаваньням роварнага руху. У кастрычніку 2016 году яго прызналі вінаватым у «гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка праваахоўных органаў» і «вырабе і распаўсюджваньні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару».
Amnesty International прызнала Зьмітра Паліенку вязьнем сумленьня і патрабуе неадкладна і безумоўна вызваліць яго.