Збіцце актывiста Міколы Саляніка не палічылі правапарушэннем.
Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Салянік атрымаў уведамленне адносна таго, што сінякі, якія ён атрымаў у выніку збіцця ўзброенымі асобамі ў цывільным, 3 ліпеня сёлета, не маюць складу адміністрацыйнага правапарушэння, паедамляе «Радыё Рацыя».
Мікола Салянік усё ж плануе азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, дзе яго збіццё ў машыне людзьмі ў цывільным, якія былі міліцыянтамі, стала прычынай гіпертанічнага крызісу:
– Забралі адзенне, забралі грошы, пабілі, асудзілі і кажуць, што плакаць нельга, вось гэта Беларусь – краіна для жыцця. У нас нават забіваюць да смерці і ніхто не нясе адказнасці. Відавочна, што трэба паехаць ва УУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна і паглядзець матэрыялы, што там напісана.
Нагадаем, што 3 ліпеня ў Гарадзенскім мікрараёне Альшанка міліцыянты ў цывільным напалі на Міколу Саляніка і яго аднапартыйца Аляксандра Лаўрэнцьева ды моцна збілі, а пасля завезлі і ў Кастрычніцкі РАУС. Пазней актывіст трапіў у шпіталь з гіпертанічным крызам.