Кожны адкажа за здзейсненае, за злачынствы і грахі.
З прыходам у Беларусь аўтарытарызму сярод чыноўнікаў, дэпутатаў, сілавікоў і штатных прапагандыстаў стала папулярным слова «этыка». Практыка паказала, што самі яны ў пераважнай большасці не вызначаюцца ні высокай культурай, ні бездакорнымі паводзінамі, ні сумленнасцю. Адкуль жа такая мода?
Знаёмства з паводзінамі службоўцаў, якія звычайна адбіваюцца фразай «гэта неэтычна», калі справа тычыцца высвятлення паходжання іхняй нерухомасці і фінансавага багацця, прывяло да простага адкрыцця. Для іх такі выраз — незаменная зброя ў змаганні з праўдай, надзейны спосаб засакрэчвання парушэнняў закона і нават крымінальных злачынстваў.
Транслятары слова «неэтычна», якія, быццам шчытом, абараняюцца ім ад прававых нормаў, па ўсім відаць, слаба ведаюць яго сэнс. У перакладзе з грэцкай мовы этас — гэта нораў, звычай. А этыка — філасофская навука, якая даследуе мараль. З антычнай мараллю ў чалавечае разуменне прыйшлі паняцці справядлівасці, мудрасці, храбрасці, самавалодання, а хрысціянства дадало свае важныя каштоўнасці — любоў да бліжняга, праўдзівасць і шчырасць, надзею і вернасць, давер і веру, сціпласць і ціхмянасць.
Першапачатковым сэнсам слова «этас» было сумеснае жыццё людзей і правілы, якія пры гэтым выпрацоўваюцца, нормы, яднаючыя грамадства. Такім чынам этыка вывучала пераадольванне індывідуалізму і агрэсіўнасці. З цягам часу дадалося яшчэ даследаванне дабра і зла, сумлення, спачування, сяброўства, сэнсу жыцця, самаахвярнасці. Этыка падарыла нам такія важныя паняцці, як міласэрнасць, справядлівасць, салідарнасць, якія накіроўваюць маральнае развіццё сацыяльных інстытутаў і чалавечых стасункаў. Яна ні ў якім разе не апраўдвае амаральныя ўчынкі людзей. Наадварот, вучыць іх прыстойнасці і высакароднасці…
Пра якую неэтычнасць неабыякавага грамадзяніна Беларусі, які задае службоўцам справядлівыя пытанні, можа гаварыць садыст у пагонах, які камандуе галаварэзамі, што збіваюць дубінкамі мірных дэманстрантаў, выкрадаюць і вывозяць у лес прадстаўнікоў апазіцыі, каб запалохаць, або высокапастаўлены злодзей, які нахапаў горы грошай, выкарыстоўваючы службовае становішча, пілуючы дзяржаўны бюджэт, займаючыся махінацыямі ўнутры краіны і за яе межамі? А якраз рот не закрываецца ў іх, часцей за ўсё яны абураюцца і пагражаюць судамі, калі чуюць праўду пра свае паводзіны.
За апошнія гады словы гневу супраць шукальнікаў дакладнай інфармацыі і праўды мы чулі ад міністраў беларускага ўраду, у тым ліку і ўнутраных спраў, ад былога кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі, экс-рэдактара газеты «Советская Белоруссия» і нават ад генеральнага пракурора. А дарма так злавацца! Калі вы становіцеся чыноўнікамі, дэпутатамі, вялікімі начальнікамі ў міліцыі і ў іншых сілавых органах, адным словам — публічнымі асобамі, то павінны быць гатовымі да пастаяннай і праўдзівай справаздачнасці перад сваім кармільцам — народам.
Ніякіх камерцыйных і фінансавых сакрэтаў у вас не можа быць, вы — дзяржаўныя людзі. Ніхто не збіраецца ўрывацца ў вашу спальню або на кухню, што, безумоўна, неэтычна, але падаткаплацельшчык краіны паводле заканадаўства мае права ведаць, адкуль у вас з’явіўся катэдж за 1—2—3 мільёны долараў, салідныя банкаўскія рахункі, шыкоўныя аўтамабілі, чаму фантастычна імкліва разбагацелі вашы родзічы? Якая тут неэтычнасць? Калі багацце нажыта законнымі спосабамі, то няма неабходнасці хавацца і пры тым яшчэ абвінавачваць некага. Паказвайце дакументы — і праблема закрыта!
Але аўтарытарны рэжым надта любіць атмасферу засакрэчанасці, ён проста жыць без яе не можа. Выварочваючы да апошняй капейкі кішэні грамадзян, сочачы за любым мізэрным прыбыткам шараговага падаткаплацельшчыка, самі службоўцы хаваюць ад народа ўласныя зарплаты, прэміі, бонусы, «канверты», а затым, пасля выхаду ў адстаўку, і салідныя пенсіі, якія бяруцца з «агульнага катла». Непраглядная цемра ахутвае буйныя будоўлі, маштабныя гандлёвыя здзелкі, у тым ліку і продаж зброі, фінансавыя дамовы, дзейнасць розных прыўладных фондаў.
Так ва ўмовах сакрэтнасці, недаступнасці да інфармацыйнай праўды, з аднаго боку, і татальнага папусціцельства ў стаўленні да чыноўных парушальнікаў закона, з другога, сфарміравалася тутэйшая квазідзяржава, у якой здзекавацца над простымі людзьмі, мець нераскрытыя крымінальныя справы, звязаныя з забойствамі, знікненнем палітыкаў і журналістаў, красці казённыя грошы, абдзіраць пакупнікоў і кліентаў — этычна, а гаварыць пра гэта, лавіць за руку і выводзіць на чыстую ваду злачынцаў — неэтычна. Чаму людзей трымаюць у турме толькі за тое, што яны хочуць ведаць праўду, патрабуюць строгага выканання законаў усімі грамадзянамі: ад прэзідэнта і да грузчыка? Адказу на гэтае пытанне, на жаль, недачуцца.
А ў мяне ёсць яшчэ шмат не менш важных пытанняў. Ці этычна чыноўніку пры ўступленні на пасаду ў першую чаргу прыхопліваць элітны зямельны ўчастак і распачынаць на ім будаўніцтва палаца, добра ведаючы, як сціпла жыве большасць насельніцтва краіны?
Ці этычна дзяржаўным установам даваць раз за разам адпіскі на канкрэтныя скаргі грамадзян пра парушэнні заканадаўства?
Ці этычна пазбаўляць хворых людзей магчымасці набываць замежныя лекі, заменнікі якіх у нас не выпускаюцца?
Ці этычна закупляць сумніўную вакцыну і займацца эксперыментамі, рабіць прывіўкі, ад якіх паміраюць дзеці?
Ці этычна пазбаўляць інваліда ільготаў па паслугах ЖКГ з той прычыны, што яго жонка-пенсіянерка з апошніх сілаў яшчэ на паўстаўкі працуе?..
Нарэшце пытанне, якое магло стаяць у маім спісе першым. Ці этычна службоўцам у дзяржаве, якая носіць найменне Беларусь, не ведаць беларускай мовы і нават абражаць яе?
У ХХІ стагоддзі ў нашым краі самымі папулярнымі сталі дзве спакусныя рэчы — улада і грошы. Яны ліпнуць адно да другога намёртва. Улада дазваляе нахапаць грошай, а грошы дапамагаюць прарвацца да ўлады. А на падхопе стаяць хлусня і сіла, якія забяспечваюць утрыманне трона ў адных руках.
Бясконцая валтузня вярхоў каля ўлады і грошай, разгул сквапнасці, якія бачыць знясіленае цяжкім выжываннем насельніцтва, не нараджае веры, што ў такіх гнілых умовах будзе захавана незалежнасць Беларусі, што нас чакае прыстойная будучыня. Мне асабіста ўглядацца ў рэчаіснасць сумна:
Не разгадаць,
Што нам прарочаць
Імжой насупленыя дні…
Трывожна,
Скрушна продкаў вочы
Глядзяць з нябеснай
вышыні.
Бо тут —
На доле цёплым,
родным,
Дзе ўстаў нарэшце
ўласны Дом,
Бязвер’е круціцца
нязводна,
Жыццё варочае
ўверх дном.
Зноў упіраецца дарога
У сумятні глухую твань.
Няма сапраўднага
нічога,
Ёсць толькі прывід,
Толькі здань.
Айчыннай долі
Сэнс галоўны,
Які ў наш дзень
З вякоў працёк,
Не застаецца,
А няўлоўна
Сыходзіць у пусты
пясок.
Пры аўтарытарызме немагчыма спыніць разгул цынічнай усёдазволенасці чынавенства, яго абыякавасці да будаўніцтва нацыі. Таму кажу кіруючаму клану: што ж, пакуль ваша ўлада, пілуйце дзяржаўны (народны!) бюджэт, крадзіце, хабарнічайце, будуйце палацы. На Захадзе, які вы з ранку да вечара праклінаеце, купляйце нерухомасць, вучыце і ўладкоўвайце там дзяцей, унукаў. Прыйдзе час — і кожны адкажа за здзейсненае, за злачынствы і грахі. Але ні гуку пра этыку. Для вас такога слова няма!
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com