Алесь Разанаў узнагароджоны за кнігу «Перавыданае».
20 верасьня, у дзень народзінаў Натальлі Арсеньневай, абвешчаны пераможца паэтычнай прэміі імя Натальлі Арсеньневай. Ім стаў Алесь Разанаў за кнігу «Перавыданае», паведамляе «Радыё Свабода».
Інтрыга захоўвалася да апошняга — у шорт-лісьце сёлета было 9 паэтычных кніг.
Сябры журы
паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч,
літаратуразнаўца і пісьменьніца Вольга Іпатава,
паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў,
паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч,
паэтка Наста Кудасава.
Вядоўца, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пачаў імпрэзу зь верша «Лебядзіная песьня» Натальлі Арсеньневай, якой 20 верасьня споўнілася б 115 гадоў.
«Сёлета ў шорт-лісьце прэміі апынуліся 9 творцаў, хоць спачатку было 8. Але на імпрэзе будуць гучаць вершы 10 паэтаў — яшчэ кіраўніка агенцыі БелаПАН, выбітнага паэта Алеся Ліпая, які нядаўна пайшоў з жыцьця», — сказаў Андрэй Хадановіч.
Хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць Алеся Ліпая госьці імпрэзы.
Вершы Алеся Ліпая чыталі Андрэй Хадановіч і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай.
«Натальля Арсеньнева жыла Беларусьсю, яна жыла ідэаламі Беларускай Народнай Рэспублікі», — сказаў літаратар Валер Герасімаў.
Уладзімер Арлоў узгадаў сваю сустрэчу з Натальляй Арсеньневай у ЗША летам 1995 году.
«Я хваляваўся, ехаў да жывой легенды. Але пасьля першых хвілін сустрэчы хваляваньні разьвеяліся. На сядзібе ў яе расьлі баравікі і валошкі. І хоць пачыналі мы са стэйкаў, на дэсэрт Натальля з унучкай прыгатавала налісьнікі... На разьвітаньне яна падаравала мне свой важкі том „Выбранага“. І доўгай дарогай назад чытаў гэтую кнігу і адразу закахаўся ў яе верш „Сьнежань“, напісаны ў выгнаньні ў 1945 годзе ў Нямеччыне. Я веру, што яе верш „Магутны Божа“ стане калі-небудзь гімнам незалежнай Беларусі», — апавёў Уладзімер Арлоў. І прачытаў верш Арсеньневай «Сьнежань».
Сябра журы Наста Кудасава расказала, што ў кожнага быў свой фаварыт. У яе асабіста вершы Валянціны Аксак выклікаюць сьлёзы, прызналася паэтка. А чытаньне чужых кніг натхняе на свае вершы, дадала яна. І прачытала свой верш «Енк падзякі».
Паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў адзначыў, што для яго, расейскамоўнага паэта, было вельмі дзіўна і нечакана атрымаць запрашэньне стаць сябрам журы прэміі імя Натальлі Арсеньневай, але ён вельмі шчасьлівы, што лета правёў з такімі цудоўнымі паэтамі. Дзьмітры прызнаўся, што ягоная васьмёрка лепшых амаль цалкам супала з шорт-лістом, і сказаў шчырыя, пранікнёныя словы пра кожнага паэта.
«Творцы не спаборнічаюць паміж сабой. Творцы асягаюць далечыню. У кожнага творцы — свой адметны шлях», — прамовіў Алесь Разанаў, атрымліваючы ганаровую прэмію.
Сёлета ў шорт-лісьце прэміі імя Натальлі Арсеньневай было 9 паэтычных кніг:
Алесь Разанаў. «Перавыбранае». Выдавецтва Зьмітра Коласа, Менск.
Антон Францішак Брыль. «Цмачанка». Выдавецтва «Янушкевіч», Менск.
Вальжына Морт. «Эпідэмія ружаў». Выдавецтва «Логвінаў», Вільня.
Валянціна Аксак. «Завінены рай». Выдавецтва «Галіяфы», Менск.
Вольга Гапеева. «Граматыка сьнегу». Выдавецтва «Галіяфы», Менск.
Ігар Кулікоў. «Валадар загадак». Выдавецтва «Мэдысонт», Менск.
Іна Снарская. «Вогнепаклоньніца». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
Міхаіл Рубін. «Пераклад зь іншага». «Издательские решения» па ліцэнзіі Ridero.
Усевалад Сьцебурака. «Сны дарог». Выдавецтва «Мэдысонт», Менск.
Прэмія была заснаваная ў 2017 годзе Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і згуртаваньнем «Бацькаўшчына» пры спрыяньні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонду Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі.
Першым ляўрэатам прэміі імя Натальлі Арсеньневай летась стаў Уладзімер Някляеў за кнігу «Толькі вершы».