Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

2000 беларускіх пілігрымаў паедуць у Літву на сустрэчу з Папам Францішкам

21.09.2018 общество
2000 беларускіх пілігрымаў паедуць у Літву на сустрэчу з Папам Францішкам

У суботу кіраўнік Рыма-каталіцкага касьцёла папа Францішак прыляціць у Вільню.

А 23-га — адслужыць імшу ў Коўне. Літоўская амбасада ў Менску паспрыяла таму, каб і беларусы змаглі наведаць урачыстыя імпрэзы падчас візыту пантыфіка.

Як сказаў «Радыё Свабода» прэс-сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько, толькі з дапамогай Касьцёла ў Літву зьбіраецца паехаць каля дзьвюх тысячаў чалавек (зь Менскай дыяцэзіі — 700). Але будуць і людзі, якія паедуць у Вільню і Коўна самастойна. Гэта значыць, варта чакаць больш за 2000 беларускіх вернікаў.

Гэтымі днямі ў Літве будуць прысутнічаць мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і шэраг беларускіх каталіцкіх біскупаў.

«Гэты візыт важны, бо мы чакаем — і молімся — каб папа прыехаў і ў Беларусь. І такая цудоўная нагода, калі папа так блізка… — кажа Юры Санько. — Канечне, можа і ня ўсе, хто жадае, паехаў. Але літоўская амбасада зрабіла ўсё, каб нашы пілігрымы атрымалі бясплатныя візы, і мы за гэта вельмі ўдзячныя літоўскай амбасадзе. Можа, сумесная малітва паспрыяе таму, каб у бліжэйшыя гады папа наведаў і нашу краіну».

Праграма візыту пантыфіка наступная:

22 верасьня ў 11:30 ягоны самалёт мае сесьці ў Віленскім аэрапорце, дзе пройдзе вітальная цырымонія. Адтуль папа Францішак паедзе ў прэзыдэнцкі палац на сустрэчу з прэзыдэнткай, прадстаўнікамі ўраду і дыпляматамі. У 16:30 ён пабывае ў капліцы Вострай брамы, затым сустрэнецца з моладзьдзю на Катэдральным пляцы і наведае Катэдральны сабор.

23 верасьня ў 8:15 пантыфік мае выехаць у Коўна, дзе адслужыць імшу ў парку Сантакас, пасьля паабедае зь біскупамі ў Ковенскай курыі, затым сустрэнецца з духавенствам у Катэдральным саборы Коўна. Адтуль ён вернецца ў Вільню, наведае Музэй акупацыі, правядзе там малітву.

24 верасьня папа наведае Латвію, 25-га — Эстонію.

Апошні раз папа рымскі наведваў Літву 25 гадоў таму — Ян Павал ІІ ладзіў візыт 4–8 верасьня 1993 году.

У Беларусь кіраўнікі Касьцёлу яшчэ не прыяжджалі. Супраць візыту папы ў Беларусь выступае Маскоўскі патрыярхат Рускай праваслаўнай царквы, які лічыць Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]