Стагоддзе БНР – падзея, пра якую варта нагадваць і нагадваць.
Патрыёты з Ліды і Бярозаўкі праплылі Нёмнам на зробленых уласнымі рукамі платах у гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе «Белсат».
Плот «25 сакавіка» (дзень абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі) і «27 ліпеня» (дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР) майстравалі амаль месяц, а самое падарожжа Нёманам зойме каля тыдня. Мэта падарожжа не толькі ўшанаваць, але і адукаваць.
«Падзяліцца гэтым з тымі людзьмі, якія пра гэта нават ніколі не чулі ў наднёманскіх вёсках. Ёсць, вядома, і тыя, хто чуў, але большасць насельніцтва гэтага не ведае. А ў нас ёсць нагода – паказаць людзям, што ёсць такое свята, што сёлета яно адзначаецца», – падзяліўся ўдзельнік сплаву Вітольд Ашурак.
Сёлета гадавіна абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі ўпершыню за даўгі час адзначалася на паўафіцыйным узроўні. Буйны канцэрт пры падтрыманні, між іншага, нашага тэлеканалу і прынамсі без большых перашкодаў з боку ўладаў. Удзельнікі сплаву не хочуць, каб на гэтым пра такую важную дату ў нашае гісторыі забыліся.
«Не так шмат у Беларусі зараз нагодаў, дзе можна адсвяткаваць такую нагоду. На Дзень Волі было вялікае свята, але яно хутка забываецца – каб працягнуць гэтую памяць у сабе і ў блізкіх – вось такая важная рэч», – кажа ўдзельніца сплаву Вольга Алейнік.
Сам патрыятычны сплаў распачаўся ў вёсцы Агароднікі, што на Лідчыне. Фініш плануецца ў вёсцы Лунна, пад Горадняй.