Як герой-афганец ствараў беларускае войска.
У нядзелю, 23 верасня, грамадскага актывіста, маёра запасу Міхася Варанца са Слоніма землякі шчыра віншуюць з 60-годдзем з дня нараджэння, перадае racyja.com.
Па адукацыі Міхась Варанец вайсковец, мае вышэйшую ваенна-палітычную і гістарычную адукацыі. Служыў у Афганістане, узнагароджаны медалём “За адвагу”. У 1990-я гады Міхась Варанец быў адным з папулярных у Беларусі грамадскіх актывістаў.
5 верасня 1992 года на Крапівенскім полі, дзе ў верасні 1514 года адбылася знакамітая Аршанская бітва, было наладжана першае прыняццё прысягі на вернасць Беларусі. Гэту прысягу правёў менавіта маёр Міхась Варанец.
У 1993 годзе беларускі вайсковец з сям’ёй прыехаў у Слонім, дзе і жыве да сённяшніх дзён. Тут у горадзе над Шчарай ён заснаваў грамадскае аб’яднанне “Воля да развіцця”, якое сам і ўзначальваў.
Белтэлерадыёкампанія ў 2005 годзе ў праграме “Панарама” распаўсюдзіла непраўдзівую інфармацыю пра дзейнасць ГА “Воля да развіцця” і Міхася Варанца. Спадар Міхась падаў у суд на Белтэлерадыёкампанію наконт абароны сваёй дзелавой рэпутацыі і годнасці. І суд выйграў.
У 1995-1999 гадах Міхась Варанец быў абраны дэпутатам Слонімскага гарадскога Савета, ачольваў пастаянную дэпутацкую камісію па мясцоваму самакіраванню. Ён шмат выступаў і выступае ў мясцовай і рэспубліканскай прэсе з публіцыстычнымі артыкуламі, а таксама на гісторыка-краязнаўчую тэматыку.