Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Уладзімір Някляеў: Атачэнне Лукашэнкі вельмі баіцца змены ўлады

25.09.2018 политика
Уладзімір Някляеў: Атачэнне Лукашэнкі вельмі баіцца змены ўлады

Перамены ў дзяржавах распачынаюцца менавіта са сталіц.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў беларускі паэт і палітык, адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў:

- Атачэнне Лукашэнкі, найперш ягонае чынавенства, вельмі баіцца змены ўлады. І праз страх, што іх таксама зменяць, чыноўнікі не заўважылі (ці не захацелі заўважыць), што ўлада ўжо змянілася. Пакуль не ва ўсёй краіне, толькі ў Мінску, але, як вядома з гісторыі, змены ў дзяржавах распачынаюцца менавіта са сталіц.

Я пра што?

Грамадзяне Беларусі, жыхары Мінску з дазволу ўладаў сталіцы, не парушаючы ніякіх законаў, збудавалі дом. Законна займелі ўласнасць, на якую ніхто не мае права пасягаць. Але прыходзяць да іх двое грамадзянаў зусім іншай краіны і загадваюць: “Вымятайцеся! Ваш дом на вашай зямлі мы зруйнуем і паставім свой!”

Жыхары Мінска ідуць да сваёй, мінскай улады. Да тых чыноўнікаў, з якімі яны ўзгаднілі будаўніцтва, якія далі на тое дазвол. “Нас рабуюць! Рэкеціры, бандыты! Абараніце!” А чыноўнікі становяцца не на бок грамадзянаў Беларусі, жыхароў Мінска, а на бок тых залётных, што пагражаюць сілай адняць маёмасць у яе гаспадароў.

Дык якая, чыя тады ў Мінску ўлада?

Я, магчыма, пра гэта й не пісаў бы, калі б выпадкова не запрасіў мяне ў госці даўні знаёмы, сын якога працуе ў Мінгарвыканкаме. І той сказаў у застоллі, калі я закрануў гэтую тэму: “Ну, конечно, бандитизм. Беспредел”. – “Дык чаму ты, – спытаў я, – не выступіш супраць? Крэсла баішся згубіць?” А бацька ягоны, які таксама служыў, з праваахоўных органаў на пенсію пайшоў, абараніў сына: “Да при чем тут кресло! Станеш на пути таких денег – возьмут и прирежут!”

Не ведаю, у наўпроставым, ці ў нейкім пераносным сэнсе ён сказаў “прырэжуць”, але тое, што сын і бацька баяцца, было відавочна.

Чаму? Таму што грамадзяне Сербіі браты Карычы, пра якіх ідзе гаворка, якім аддадзеныя пад забудову найлепшыя кавалкі мінскай зямлі, паўсюль афішуюць, што яны найблізкія сябры Лукашэнкі? Ці праз нешта іншае?

Паглядзеўшы, што ёсць пра Карычаў у адкрытым доступе: сувязі з дыктатарам Мілошавічам (братоў наўпрост называюць ягоным кашальком – ці не адтуль ногі сябоўства растуць?), крымінальны пераслед у Сербіі, вышук праз Інтэрпол, ад якога браты схаваліся ў Маскве, дзе таксама паспрабавалі заняцца будаўнічым бізнесам, але маскоўскія браткі, якія сваё нікому не аддаюць, іх пагналі, – я не здзівіўся, што Карычы, як некалі Беразоўскі ці Бакіеў, апынуліся ў Мінску. І мне было б усё адно, якія тут грабуць яны грошы і каму даюць адкаты (не яны – дык іншыя), калі б хоць адзін збудаваны імі дом быў дастойны сталіцы краіны! Хоць адзін! Але такога няма ніводнага. У параўнанні з іх забудовамі нават дамы Чыжа выглядаюць узорамі архітэктуры. Дык няхай бы Чыж і зарабляў, і краў, і (без чаго бізнесу ў нашай краіне не бывае) адкатваў – ён усё ж свой. А калі не ён, чаму не іншыя беларусы? Чаму Карычы, калі толькі за глухую сцяну, узведзеную іхнім холдынгам побач з Нацыянальнай бібліятэкай уздоўж праспекта Незалежнасці, можна паставіць да той сцяны і тых, хто будаваў, і тых, хто будаўніцтва гэтай чырвонай фермы на цэнтральнай магістралі горада дазволіў!

Зірніце, што робіцца ў раёне аэрапорта “Мінск-1”, дзе Карычы абяцалі ўзвесці архітэктурны цуд! Ледзьве не Дубаі! І што бачым на будаўнічай пляцоўцы, якая з прэтэнзіяй названая “Minsk World”? Звычайны хрушчоўскі спальнік! Толькі паверхаў больш, чым пры Хрушчове, бо Хрушчоў адкатаў не браў. І паглядзіце, што кампанія “Dana Holdings”, якая належыць Карачам, пачала “ўзводзіць” побач з Палацам прафзаюзаў на месцы знесенага музея Айчыннай вайны! Там, дзе і мусіць быць музей, а не гандлярня! Музей змагання беларусаў за свабоду і незалежнасць, паўстанняў 1830 і 1863 года, Касцюшкі і Каліноўскага, Грамадзянскай вайны, БНР! Мінскія архітэктары прапанавалі некалькі альтэрнатыўных праектаў, але іх нават не разглядалі. Без дзяржэкпертызы, без узгаднення з Рэспубліканскім архітэктурна-горадабудаўнічым саветам пляцоўку ў цэнтры сталіцы Беларусі аддалі пад забудову братам Карычам.

Чаму? Бо браты?

Ды Бог з імі, з Карычамі. Іх я разумею: ім тут не жыць. Таму – абы ўрваць... Але не магу я ўцяміць: што гэта за тутэйшыя людзі, якія ўсё гэта зацвярджаюць, дазваляюць? Знявечваюць горад. Ці ім таксама тут не жыць?..

А дзецям іх? Унукам?

Я не ведаю нікога з прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "Рэві Тар Інвест", ад якога кампанія братоў Карычаў патрабуе знесці аб'екты нерухомасці каля выхадаў станцый метро "Усход", "Пушкінская" і "Каменная Горка". Магчыма, і яны не святыя, бо за так у наш час такія «аб'екты нерухомасці» (месцы хуткага харчавання) каля метро не паставіш. Карупцыя - адна з найсур'ёзных праблем, але зараз размова не пра гэта. Размова пра тое, што мы, людзі, якім тут жыць, бачым, як пануе самаўпраўства, валадарыць беззаконне, і маўчым, бо яно датычыць нейкага "Рэві Тар Інвесту", а не нас. Але гэта толькі сёння – не нас, не вас, а заўтра…

«Нам ёсць што губляць!» – казалі мне нашы бізнесоўцы, прадпрымальнікі, калі я вінаваціў іх у адсутнасці грамадзянскай пазіцыі, пасіўнасці, папікаў у пудлівасці. Што ж, згодны: у вас ёсць тое, што можна згубіць. А ў іншых?.. Мне губляць няма чаго? Ці не выдадзеныя праз пераслед кнігі, згубленыя раманы, паэмы – нішто ў параўнанні са згубленым вамі рублём?

Зрэшты, пакуль вы губляеце драбязу. А можаце згубіць усё, калі дапусціце, каб вашых калегаў па бізнесе нахабна пазбавілі ўласнасці. Бо справа тут не ў прыватным выпадку з прыватнай кампаніяй, а ў прынцыпе. Бо недатыкальнасць уласнасці (як і жыцця) – падмурак, на якім будуецца і стаіць любая прававая дзяржава. Усё, што будзе збудавана, пастаўлена не на такім падмурку, знясе ветрам. Як пыл.

Недатыкальнасць уласнасці – норма, адыход ад якой прыводзіць да катастоф. І ўлада ў любой нармальнай дзяржаве выбіраецца народам дзеля таго, каб яна захоўвала (як асноўны закон!) гэтую норму. Нікому не дазваляла яе парушаць. Калі ж улада сама яе парушае, у такім разе гэта не ваша, не наша ўлада.

Тады чыя?

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]