Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Калі ты выхоўваеш дзяцей для гэтай краіны, хочацца, каб нехта гэта заўважаў»

25.09.2018 общество
«Калі ты выхоўваеш дзяцей для гэтай краіны, хочацца, каб нехта гэта заўважаў»

Жанчына без грамадзянства пра Беларусь, дзяцей і пашпарт.

Наталля Кулаковіч жыве ў Малых Арлах — вёсцы, што знаходзіцца непадалёк ад Століна. Калі мы спрабуем знайсці дом жанчыны, то пытаем у мінакоў, як называецца галоўная вуліца, піша Таццяна Ашуркевіч для onliner.by.

«Савецкая? Дык вунь яна», — паказваюць мясцовыя з нейкім непаразуменнем. Маўляў, хіба можа яна называцца інакш? Мы згаджаемся і едзем далей. Нарэшце знаходзім вялікі двор, па якім тры хлапчукі ганяюць котку. Недзе здалёк крычыць каза, побач корпаюцца індыкі. На ганак выходзіць Наталля, і дзеці гуртам кідаюцца да яе: мама праводзіць з імі ўвесь дзень — «адпачыць няма калі». Жанчына кажа, што паміж ёй і яе маленькімі хуліганамі ёсць адрозненне: яны беларусы. А кім з’яўляецца іх мама, дагэтуль невядома. Наталля — асоба без грамадзянства. І такіх, як яна, у Беларусі каля 6000 чалавек.

— Можа, і мяне калі-небудзь назавуць беларускай. Я ж хачу з дзецьмі нароўні быць. А каб атрымаць гэты статус, то трэба кідаць іх дома адных і ісці працаваць. Канешне, як любая жанчына, застаюся з імі, сваю «безасабовасць» перажыву — мой час ужо прайшоў, — запрашае нас у дом Наталля і пачынае распавядаць, што значыць быць чужым у сваёй краіне.

Пра грамадзянства краіны, якой не існуе

— Мама мая — данская казачка. Яна нарадзілася ў Растове. Там і замуж выйшла, і брата старэйшага мне нарадзіла. Але ж тады ўсіх перакідалі на будоўлю, таму так атрымалася, што сям’я ў Туркменістане апынулася. Таму і я школу заканчвала ўжо тут, — гаворыць Наталля і ставіць на стол чайнік і каву. — Брат мой потым працаваў на «Крышталі». А ў Гомель яго адправілі на падвышэнне кваліфікацыі. Гэта было ў канцы 1980-х. Калі ён ажаніўся ў Беларусі, я пераходзіла ў дзясяты клас. На наступны год у брата нарадзілася дзіцё, і мы з мамай прыехалі да іх. З Туркменістана мы з’ехалі ў 1990 годзе. І ў думках не было, што тут застанемся. Я з’язджала з СССР у тую ж краіну, але апынулася ўжо на новай, незалежнай тэрыторыі. Зразумела, што тады ніхто грамадзянства не даваў і не прымаў. Так і атрымалася, што мы патрапілі ў часавы калідор, які цягнецца дасюль. Савецкага пашпарта ў мяне даўно няма. Лічыце, так і засталася грамадзянкай краіны, якой не існуе.

Наталля ўзгадвае, як падлеткам марыла быць лекарам. Не атрымалася — і дзяўчына пайшла працаваць. Яе, непаўналетнюю, узялі ў школьную сталовую памочнікам. Пасля года адпрацоўкі давялося скончыць кааператыўны тэхнікум, яшчэ праз год — пайсці прадаўцом у кіёск. Калі Наталля сустрэла свайго будучага мужа, то з ім пераехала пад Столін. Пра тое, што яна да гэтага часу не будзе належаць ні да якой краіны, жанчына нават не думала.

Цяпер Наталля ўваходзіць у катэгорыю людзей без грамадзянства, якія з’яўляюцца выхадцамі з краін былога СССР. Ім дазволена пастаяннае пражыванне на тэрыторыі Беларусі. Акрамя іх доўга знаходзіцца ў краіне могуць яшчэ дзве групы: выхадцы з Прыбалтыкі, якія не маюць грамадзянства ў іншай краіне (такіх называюць неперсонамі), і тыя, хто па нейкіх прычынах зусім не мае дакумента і не хоча яго рабіць.

— Я ж не такая — я б з радасцю працавала дзеля краіны, мяне гэтая руціна ўжо задзяўбла — жанчына згасае, калі яна робіць адно і тое ж. Але вы бачыце — маленькія дзеці. Па-першае, на каго я іх пакіну, калі знайду працу? А адны яны такога наробяць! — пасміхаецца Наталля і глядзіць на трох хлапчукоў, якія ўвесь час бегаюць каля стала. — Па-другое, дзе яшчэ працу знайсці? Побач у нас ёсць ферма, дык там максімальна 200 рублёў атрымаеш. А каб табе далі грамадзянства, трэба, каб даход складаў 500 рублёў.

— А ў райцэнтр не думалі пераехаць?

— Думала нават у Гомель — я ім так захапілася, так сумую па ім! Але мы ўжо тут даўно жывём, у школу нашы дзеткі ходзяць. Дык і муж не хоча. Ён, дарэчы, — адзіная наша крыніца даходу. Працуе будаўніком і атрымлівае каля 1000 рублёў. Але ж гэта не фіксаваны заробак, як у настаўнікаў ці лекараў, — ніколі не ведаеш, як у гэтым месяцы атрымаецца размеркаваць грошы. Мы стараемся, каб дзеці не цярпелі нястачы. Калі атрымлівала дапамогу па дзіцяці, было лягчэй. А цяпер мусім трымаць гаспадарку. У краме ўсё не купіш, — адказвае Наталля і ўстае, каб паказаць нам пакой. — Мы ж калі сюды прыехалі, тут былі толькі голыя сцены. Усё змянялі. Я ж дзеля дзяцей гэта рабіла, каб яны добра жылі.

Пра дзяцей і спробу стаць беларускай

Дзеці сапраўды заўсёды побач з Наталляй: увесь час, пакуль мы вядзём гутарку, Тамерлан, Цімур і Ягор сядзяць побач. Хлопчыкі вясёлыя і адкрытыя, і мы заўважаем, што яны вельмі выхаваныя.

— Гэтыя? Дык яны пры вас такія, а насамрэч яшчэ якія хуліганы! У іх паўтара года розніцы, то яшчэ сябруюць. Не ведаю, як бы я жыла без іх, — адказвае Наталля і разлівае па кубачках каву. — Хаця дапамагаць яны, на дзіва, імкнуцца — стол мы накрылі разам з Тамерланам.

І праўда: на стале стаяць місачкі з печывам і цукеркі. Хлопцы вырашылі, што трэба пачаставаць невядомых гасцей. Таму і зараз лічаць сябе паўнапраўнымі гаспадарамі і без дазволу мамы, пакуль яна занятая размовай, употайкі цягаюць салодкае.

— Мая старэйшая дачка жыве ў Гомелі. Яна ў Сакалоўскім адвучылася на харэографа. Там і засталася. А я, бачыце, далёка ад яе, — працягвае Наталля і на пару хвілін змаўкае. Праз расчыненае вакно чуваць, як на двары крычыць каза. Тады жанчына працягвае: — Усім зараз складана — краіна так жыве. Кожны стараецца і спрабуе нешта зрабіць для дзяцей. Усё ў мяне нармальна, адзіны мінус — няма грамадзянства, а людзі не ведаюць, хто ты такі і як да цябе ставіцца.

Калі я была цяжарная старэйшым хлопцам, мяне паклалі ў бальніцу. Пытаюць: «Вы адкуль? З Украіны?» Адказваю: «Я ваша». Пачалі ганяць па ўсіх спецыялістах. У такім стане шукала нейкія паперкі. Гэта ж не мая праца — гэта яны павінны былі пастарацца. Я ж не канфліктная, але тады прыходзілася сварыцца.

Пытаем у Наталлі, у чым была праблема атрымаць грамадзянства раней — тут яна жыве ўжо 26 год. Яна смяецца з нас:

— Дык я хіба не спрабавала? Першапачаткова былі ўмовы, што ты жывеш тут сем год і можаш падаваць дакументы на грамадзянства, па спрошчанай праграме ўладкоўвацца на працу. Я так і рабіла. Спачатку ўсё прынялі, потым нешта пачалі цямніць. Так і не далі нічога. А гэта вельмі моташная праца — бегаць па кабінетах і чакаць невядома колькі, каб табе выдалі ўсе даведкі. Я плюнула і сказала: прыйдзе мой час — залічаць да беларусаў, не захочуць — нічога не зробяць.

Закон аб грамадзянстве пацвярджае: спадзявацца на яго можа любы чалавек, які пражыў на тэрыторыі краіны не менш за сем год. Тады пачынаецца разгляд заробку — важна, каб ён адпавядаў бюджэту пражытачнага мінімуму. Калі камісія палічыць, што ўсё ў норме, чалавеку застаецца аформіць дробныя дакументы і чакаць свайго прысуду каля года. Такая праграма называецца няспрошчанай і прымяняецца да асоб, якія не маюць у краіне каранёў. Здаецца, усё проста. І было б так, калі б людзі не траплялі ў замкнёнае кола: каб атрымаць пашпарт, яны вымушаны шукаць працу і мінімальны заробак. І наадварот: каб іх знайсці, трэба мець дакумент. Усё становіцца яшчэ складаней, калі сустракаешся з беспрацоўем і нежаданнем арганізацый уладкоўваць неграмадзян. Часцей за ўсё кампаніі не ведаюць, што такія людзі маюць з «афіцыйнымі» беларусамі цалкам роўныя правы. Пераадолець гэтую недасведчанасць сапраўды цяжка: знайшоў добрае месца — спадзявайся, што цябе зразумеюць і возьмуць. У параўнанні з гэтым усё астатняе вырашаецца лёгка.

У тых жа, у каго ў Беларусі ёсць бабулі-дзядулі, сітуацыя лепшая: даход у гэтым выпадку не разглядаецца, таму тэрмін чакання складае толькі два месяцы. Адзінае, што можа паўплываць на заключэнне камісіі, — калі ў чалавека ёсць больш за два адміністрацыйныя спагнанні. З’яўляецца трэцяе — на сінюю вокладку ўжо можна не разлічваць.

«Калі ў мяне няма паперкі, на якой ёсць слова „беларус“, гэта не значыць, што я ім не з’яўляюся»

Наталля кажа, што акрамя маральнага неспакою існуюць яшчэ і матэрыяльныя нязручнасці.

— Хочаш узяць крэдыт — пачынаюць задаваць кучу пытанняў: хто ты і адкуль? Высвятляюць усё і глядзяць як на дзікунку. Я ж звычайная беларуска, проста ў мяне няма паперкі пра тое, што я з вамі на роўных правах.

Я вельмі хачу, каб працэдуру прыняцця гэтых паперак спрасцілі — бюракратыя займае велічэзную колькасць часу. Я пражыла тут ужо дастаткова, стварыла новую сям’ю, мае дзеткі — добрыя беларусы. Чаму і мне нельга набыць нейкае імя? — пытае ў нас Наталля і быццам чакае адказу.

— Я нікуды не мігрую, не выязджаю з краіны. Дзеці мае пастаянна жывуць тут. На каго іх, такіх малых, пакінуць? — зноў пытае жанчына і тут жа звяртае ўвагу на шум, які даносіцца з суседняга пакоя: там нешта ўпала. Яна ўстае, каб накіравацца туды, і па дарозе каментуе: — Бачыце, пакінеш такіх на дзень — хату разнясуць!

Праз хвіліну, калі становіцца ціха, Наталля вяртаецца з белай вазай у руках — кажа, яе яна зрабіла разам з хлопцамі. Дзецям падабаюцца такія цікавосткі, а яшчэ з самага маленства іх трэба абавязкова знаёміць з працай — менш будзе расчараванняў у дарослым жыцці.

Жанчына тлумачыць нам гэта і вяртаецца да размовы, якую мы прыпынілі:

— Я за мяжу не выязджала за гэтыя гады. Адзінае — у нас Украіна побач, хацелася б, як людзі, з’ездзіць закупіцца танней. Але не хачу адчуваць сябе пад дапытлівым позіркам людзей, якія не ведаюць, што такое ЧБГ (чалавек без грамадзянства. — Заўв.). У іх свае законы, мяне могуць не выпусціць. Няёмка і сорамна, па-першае. Па-другое, яшчэ разбірацца пачнуць. А мне гэта трэба? У бальніцы таксама распавядаюць, што я такая адна на раён. Але ж я ведаю, што гэта дакладна не так. Дык навошта людзі так кажуць? Калі ў мяне няма паперкі, на якой ёсць слова «беларус», гэта не значыць, што я ім не з’яўляюся. Я, можа, больш за некаторых афіцыйных грамадзян зрабіла. Пытала, ці можа быць такое, што проста дадуць дакумент. Кажуць — не чуваць пра гэта. Што рабіць? Жыву далей.

Наогул, жыццё чалавека без грамадзянства нічым не адрозніваецца ад будняў беларуса. Але толькі тады, калі людзі ведаюць закон і не задаюць лішніх пытанняў. Адзінае адрозненне — каб патрапіць у Расію і Украіну, трэба мець выязны дакумент. Ёсць верагоднасць таго, што на мяжы ніхто не зразумее, хто ты і адкуль, — тады адправяць назад у Беларусь і пажадаюць добрай дарогі.

«Калі ты выхоўваеш дзяцей для гэтай краіны, хочацца, каб нехта гэта заўважаў»

Наталля распавядае, што яе мама цяпер мае пастаянны від на жыхарства — яго працягнулі да 2030 года. Жанчына разумее, што яго ўжо можна называць «пажыццёвым». Каб кожны раз не працягваць дакумент па-новаму, тэрмін дзеяння робяць доўгім — каб дакладна назаўсёды.

— Зразумела ж, што мама не дажыве. Мы пыталі, ці не прасцей даць грамадзянства і пашпарт. Ім жа кожны раз прыходзіцца выклікаць маму да сябе, каб усе паперкі праверыць. Сістэма складаная, зразумець яе яшчэ складаней, — гаворыць Наталля. — Калі б што-небудзь спрасцілі, адвалілася б адразу некалькі пытанняў — бальніца і атрыманне крэдыту як мінімум. Калі раней цалкам уся сістэма была неадрэгуляваная, то зараз пераадолець тое, што змянілі, вельмі складана. Сабраць пакет дакументаў у двух экзэмплярах, заплаціць за іх і знайсці добрую працу пры сённяшнім беспрацоўі...

Калі мы развітваемся і Наталля праводзіць нас да выхаду, яна дадае:

— Вы ўсё пыталіся, на што грамадзянства ўплывае. Дык я вам вынікі падвяду: вы яшчэ маладая, не ведаеце, што такое пражыць жыццё нікім. Гэта людзям здаецца — няма ды і няма нейкага статусу. Калі ты выхоўваеш сваіх дзяцей для гэтай краіны, хочацца, каб нехта гэта заўважаў. І калі яны беларусы, то я таксама хачу быць з імі нароўні. Да мяне і ў бальніцы ўжо прывыклі — ведаюць, хто такая і адкуль, — пасміхаецца жанчына і паміж словамі кажа дзецям, каб яны аднекуль прывялі да нас казу. — Ёсць шмат выдатных людзей, якія разумеюць, што я не чалавек з космасу, мы з імі добра камунікуем. І яны для мяне вельмі важныя.

У гэты час Цімур і Ягор сапраўды прыводзяць казу.

Наталля яшчэ просіць, каб мы не пісалі, што яна благая ці нейкая няправільная. Пытаем:

— Чаму мы павінны гэта пісаць?

Адказвае:

— Бо большасць так і думае.

Мы кажам, што напішам толькі пра тое, што яна прыгожая. Наталля прызнаецца, што ёй няёмка, саромеецца і ціха смяецца. Мы развітваемся, і яна зачыняе веснічкі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]