Прыклад суседзяй вучыць, што іншага шляху няма.
Папа наведаў краіны Балтыі. У спатканнях з вернікамі ў Літве і Латвіі прыняло больш за тры тысячы чалавек з Беларусі. Радасць сустрэчы з Папам у Каўнасе і Аглоне перажыў і я.
Прымаючы ўдзел у сёляташнім візіце Святога Айца, які адбываўся з нагоды 100-годдзя незалежнасці балтыйскіх краін, я ўзгадваў візіт Яна Паўла ІІ, ён быў 25 год таму назад. Тады 9 верасня 1993 года, молячыся ў Аглоне на перадсаборнай плошчы, разам з трыста тысячымя вернікаў я перажываў эйфарыю. Быў свята перакананы, што вось-вось Папа прыедзе на Беларусь. Ён ўзмацуе наш Касцёл і нашая краіна далучыцца да міжнароднай супольнасці, а мы будзем будаваць сваю будучыню на фундаментах грамадскіх каштоўнасцяў: праўды і свабоды, любві і справядлівасці, акурат так, як заахвочвае сацыяльнае навучанне Касцёла.
Мінула 25 год, я ізноў разам з вернікамі з Беларусі апынуўся на тым самым пляцу, аднак, у адрознені ад таго першага разу, эйфарыі больш ужо не было, а толькі халоднае аналітычнае мысленне ў маёй галаве шукала адказу на пытанне: “ці прыедзе Папа ў Беларусь?” А калі так, то калі?
І ўвесь час лавіў сябе на думцы, што я малюся, каб Папа прыехаў як хутчэй, а зарам дзякую Богу, што ён не прыехаў дагэтуль. У прынцыпе гэта і ёсць мой адказ на вышэй агучанае пытанне.
Адказ поўжартоўны, але я свядомы таго, што кожны жарт у сабе мае толькі частку жарту, рэшта ж ёсць праўдай.
Канешне, радасць спаткання з пантыфікам хацелася б перажыць і на сваёй Бацькаўшчыне. У гэтым візіце, можна было б убачыць, што Папа дацэньвае партыкулярны Касцёл Беларусі, прызнае ягоную самадзельнасць і самастойнасць, якая ўласцівая мясцовым Касцёлам паасобных краінаў. Папа ў Беларусі, быў бы доказам таксама таго, што Ватыкан як дзяржава прызнае дзяржаўнасць Беларусі і тое што нашая краіна ёсць паўнавартаснай, якая здольная праводзіць незалежную і самастойную палітыку. А таму цяжка пераацаніць каштоўнасць папскага візіта, як у плане рэлігійным так і агульнапалітычным.
Але медаль мае два бакі. А таму з іншага боку, як уяўлю сабе, што Папа заўтра прыедзе ў Беларусь, то выразна бачу наступную карціну. Папа вітаецца з кіраўніком краіны, які дагэтуль не можа забяспечць выкананне канстытуцыі, якая дакладна гарантуе права на свабоду веравызнання і неўмешальніцтва дзяржавы ва ўнутраныя справы Касцёла, а яскравым таму доказам ёсць існаванне ў Беларусі апарата упаўнаважанага па справах рэлігіі. Гэта “савецкая” інстытуцыя захавалася ў нас яшчэ да гэтага часу і пачанаючы з савецкіх часоў праз яе дзяржава ўмешваецца ў кампетэнцыі біскупаў, якія самі павінны вырашаць, хто і на якіх умовах, мае права здзейсняць рэлігійную дзейнасць у рэлігійных арганізацыях. І пакуль ёсць той “апарат” наогул паўстае пытанне, ці магчымы прыезд Папы? Ці Святы Айцец атрымае узгадненне на рэлігійную дзейнасць у нашай краіне?
Другая прычына якая, як вясной недарэчны паслязімовы зледзянеўшы сумёт снегу ляжыць на шляху прыезду Папы, ёсць нашая вернасць чырвоным ідэалам.
Калі Папа прыехаў у Вільню, ён ушанаваў памяць ахвяраў, дзякуючы якім здабывалася свабода і незалежнасць Літвы. Канешне, наведаў і памятнае месца генацыду яўрэяў, тым самым ушаноўваючы усіх ахвяраў фашыстоўскага рэжыму, але ж наведаў і помнік свабоды ў Вільнюсе і музей таталітарнага рэжыму, які размешчаны ў былым будынку КГБ.
Падкрэсліваючы не прымальнасць будавання будучыні на асновах таталітарных рэжымаў.
У нас жа так напэўна б, адвезлі Папу ў Хатынь, і яно добра і хай сабе, але пры гэтым можна фантазіраваць далей і ўяўляць, як павялі б Святога Айца ускладаць кветкі ля помніка Леніну, бо пакуль гэтыя помнікі не ёсць выключна музейнымі экспанатамі, іх можна лічыць сімвалам Беларусі, бо іх ёсць найбольш у Беларусі, агулам каля чатырохсот. Наўрадці Папу адвезлі б у Курупаты, ну калі толькі перакусіць...
Потым напэўна б пунктам праграмы былаб сустрэча з праваслаўным мітрапалітам, які палохаў Еўропу “чарнобыльскім кранікам”, вызнаваў сваю веру ў “інашага бога” і бараніў духоўныя скрэпы, перасцярагаючы грамадства ад скрайнасцяў, што сёння можам высмеяць рускага цара, а заўтра на самаго Леніна падымем руку". (інтэрв’ю да фільму “Матыльда”).
А без такога спаткання немагчымы візіт, бо у нас галоўнай прычынай, як кажуць, ёсць тое што Беларусь гэта “кананічная тэрыторыя” РПЦ МП, што па мяркаванях іншых, гэта зусім не так. Як вынікае з недаўняга інэтэрв’ю (партал credo.ru) славутага багаслова і праваслаўнага іерарха Канстанцінопальскага Патрыярхата Жэнеўскага арцыбіскуба Тэльміскага Іёва Беларусь можа і ёсць тэрыторыя кананічная але ж зусім не Маскоўскага патрярхату а Канстантынопальскага. Як кадуць, а цар то несапраўдны!
Асабіста ж на маю думку гэта ўсё вельмі ўмоўна з той “кананічнай тэрыторыяй", бо калі ў Беларусі ёсць 1.5 мільёна католікаў, то павінна знайсціся і такая тэрыторыя, дзе католікі маглі б сустрэцца са сваім пастырам, незалежна ад таго, падабаецца тое камусьці, ці не.
Ну і напрыканцы даў бы Бог, адбылося б спатканне з вернікамі, на якое б сабралася напэўна не менш за 100 або нават і 200 тысяч вернікаў з усёй Беларусі, і тут бы зноў праявіла б сябе МУС, якое б у святле апошніх заяўленняў пра арганізацыю еўрапейскіх гульняў, што маюць адбыцца ў Мінску, можна прагназаваць, запрасіла б нетолькі замежных паліцэйскіх з Расеі, але ж можа нават і іх войскі. Так на ўселякі выпадак, каб мець упэўненасць, што энтузіязм і эйфарыя свабодалюбівых католікаў будзе пад кантролем стабільнай дзяржаўнай сістэмы. І тады, да прыкладу, ўсе тыя нараканні на працу міліцыі на такіх фэстах як будслаўскі, здадуцца кветачкамі і лёгкай прэлюдыяй, перад яблачкамі і сапраўдным канцэртам. А пра гэта нават думаць не хочыцца.
Вось гэта і ёсць тыя прычыны, якія як халодны душ, пазбаўляюць ад эйфарыі, і вяртаючы да зямных рэалій, дазваляюць рабіць выснову: так можа і добра, што Папа дагэтуль не прыезджаў, а то Папа прыедзе і паедзе, а нам далей жыць і хадзіць нашымі “ўлюбёнымі” савецкімі вуліцамі.
Аднак, гэта ўсё не пакоіць , калі заставацца на ўзроўні лагічнага людзкога мыслення.
Я ж чалавек веруючы, і веру, што там дзе чалавек бачыць адну сцяну, Бог здольны адчыніць дзверы. А таму надзеі не губляю, і малюся, каб Папа прыехаў!
Бог здольны прастаўляць усё на сваё месца. І пунктам выхаду, лічу ёсць словы Хрыста: “Пазнайце праўду і праўда вас вызваліць" (Ян 8,32). З чагосьці пачынаць трэба. Беларусі трэба раскрыць усе тайны архіваў: палітычных злачынстваў, пераследу іншадумства, гераічнага супраціву тых, хто не ішоў на супрацоўніцтва са злачыннай уладай і пазаставаўся верным свайму сумленню нават коштам уласнага жыцця.
Гэта будзе першы крок да агульнабеларускага пакаяння і пасля паяднаньня дзяцей тых, чые продкі пісалі даносы, здраджвалі, забівалі і тых хто станавіўся ахвярай. Без гэтага не будзе нас, нашай краіны, нашай будучыні і не відаць нам Папы.
Прыклад суседзяй вучыць, што іншага шляху няма.
Ксёндз Вячаслаў Барок, facebook.com