Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Cпадзяванне на патрыётаў Айчыны застаецца

26.09.2018 политика
Cпадзяванне на патрыётаў Айчыны застаецца

На наша шчасце ў грамадстве ёсць шмат разумных, смелых людзей.

У Маскве ёсць некалькі чалавек, вельмі падобных на Леніна і Сталіна. Двайнікі прыходзяць у цэнтр горада і зарабляюць грошы тым, што з імі фатаграфуюцца замежныя турысты, госці з рэгіёнаў Расіі. Скамарохавыя «ўзурпатары ўлады» нагадалі мне іншых — дробненькіх і злых тыранаў.

Аўтарытарная дзяржава, якой з’яўляецца Беларусь, характэрная рабскім стаўленнем людзей да жыцця, грамадзянскай абыякавасцю, што стварае спрыяльныя ўмовы для размнажэння ў грамадстве палітычнага, сацыяльнага і маральнага «пустазелля». Толькі паспрабуй даць выпадковаму чалавеку нейкую ўладу і пакінь бескантрольным, як ён адразу запісвае сябе ў шэрагі вяршыцеляў гісторыі, здольных распараджацца лёсамі іншых людзей.

Вядомы расійскі артыст тэатра і кіно А. Басілашвілі кажа: «Свобода для раба — это возможность топать ножкой и грозно покрикивать на тех, кто прежде унижал его. Наше российское извечное понимание свободы как возможности понукать окружающими, унижать их, компенсируя этим комплекс собственной неполноценности».

Даўняя хвароба не абмінула Беларусі, дзе на працягу стагоддзяў панаваў не толькі сацыяльны, але і нацыянальны прыгнёт, бо яна была загнана ў склад царскай Расіі, падвяргалася жорсткай русіфікацыі. А пасля кастрычніцкага перавароту і тут да ўлады дапялі неадукаваныя нізы.

Правадыр пралетарыяту У. Ленін патрабаваў, каб да навучання дзяржаўнаму кіраванню «начали привлекать всех трудящихся, всю бедноту», каб гэта мог быць «любой чернорабочий и любая кухарка». Такі спрошчаны падыход скончыўся «перегибами на местах» і масавымі рэпрэсіямі, што асабліва выявілася пры дыктатуры Сталіна. У СССР на першым плане спачатку была «классовая сознательность» кадраў, а затым «личная преданность вождю». Сталінскі вопыт цяпер актыўна выкарыстоўваецца ў аўтарытарнай Беларусі.

Сітуацыя склалася парадаксальная. Здаецца, за 24 гады вырасла пакаленне людзей, якія згадзіліся з аўтарытарызмам, сталі яго паслухмянымі вінцікамі і гайкамі. На масавых тусоўках, арганізаваных чыноўнікамі, яны спяваюць гімн, скандзіруюць, што любяць Беларусь, але раптам высвятляецца, што прызначаць на адказныя пасады няма каго. У краіне сумленных, прыстойных кадраў днём з агнём не знайсці.

Толькі правіцель прызначыць чарговага наменклатуршчыка, які клянецца годна выконваць службовыя абавязкі, ды праз некалькі месяцаў яму трэба насіць перадачы ў турэмную камеру.

Усё гэта заканамерна, бо служэнне не роднай Айчыне і народу, а толькі аднаму чалавеку, хоць правіцель ад гэтага крывадушна адхрышчваецца, прывяло да масавага халуйства. Яно стала ў Беларусі прэстыжнай прафесіяй. Для тутэйшых прыслужнікаў самае важнае ў жыцці — мець цёплае месцейка і вялікія грошы. Будучыня краіны і яе жыхароў іх не хвалюе і не цікавіць.

Варта згадаць, колькі наварочана рознага глупства за гады аўтарытарызму! Безліч разоў чыноўнікі пад кіраўніцтвам правіцеля «савецкага разліву» наступалі на «старыя граблі» ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, у сацыяльнай сферы, але рабіць высновы і вучыцца на памылках не хочуць.

Справа не толькі ў тым, што сярод іх, паводле выразу вядомага айчыннага эканаміста, шмат «троечнікаў», што яны — няздольныя арганізатары. Задушлівая атмасфера пры адзіным усёведаючым і ўсёрашаючым начальніку прымушае чыноўнікаў высокага рангу не высоўвацца, бо ў любы момант можна пазбавіцца пасады. У аўтакратычнай дзяржаве міністры, губернатары баяцца выяўляць свой розум, свежыя думкі, ініцыятыўнасць, калі, безумоўна, у некага яны ёсць.

А дробныя начальнікі, наадварот, нагледзеўшыся па тэлевізары разгонаў у вярхах, прысвойваюць сабе права на «камандную свабоду», развіваюць на мясцовым узроўні такую рэпрэсіўную дзейнасць, што млосна становіцца нават нябёсам.

Настаўнікам для іх стаў тэлевізійны экран. Яны, нібы малпы, паўтараюць «паказальныя ўрокі» выхавання кадраў. Кожны стараецца ўзнаўляць як словы, так і дзеянні правіцеля, бо самастойнага думання няма.

Няважна што трапіла ў рукі мініўзурпатараў улады — прамысловае або сельскагаспадарчае прадпрыемства, навуковая ўстанова або бальніца, бібліятэка або турма. Яны лічаць сябе ўладальнікамі дзяржаўных аб’ектаў, а таму займаюцца самадурствам, прыгнятаюць супрацоўнікаў, прысабечваюць фінансы і матэрыяльныя каштоўнасці.

Не навучыліся разумна, справядліва кіраваць і многія прадпрымальнікі, бо настроены на хутчэйшае атрыманне «кароткага рубля». Сквапнасць штурхае іх на тое, каб выціскаць з нанятых працаўнікоў усе сілы, нахабна заніжаючы зарплаты.

Асабліва кідаюцца ў вочы самыя нязначныя начальнічкі, якія маюць уладу над людзьмі. У Пінску супрацоўнік міліцыі спецыяльным сілавым прыёмам душыў чалавека да таго часу, пакуль той не страціў прытомнасць. У Гомелі начальніца над прыбіральшчыцамі наладжвае скандал, замахваецца на відэакамеры журналістаў і выганяе іх з дома-камуны, які мае мянушку «Кільдым», што на блатным жаргоне азначае — бардак. Такіх прыкладаў можна прывесці тысячы.

Найбольш любяць казырнуць уладай прадстаўнікі праваахоўных органаў. Адзін з прапаршчыкаў нават выступіў з «філасофскім» абгрунтаваннем прымянення жорсткай сілы супраць мірна мітынгуючага чалавека: «Тот должен понимать, что пошел на войну, поэтому должен терпеть противоправное отношение со стороны милиции».

Мініўзурпатары ў канфліктных сітуацыях не баяцца даводзіць грамадзянам, што нідзе, у тым ліку ў судзе, «сваёй праўды» яны не знойдуць, што перамога заўжды будзе на баку прадстаўніка ўлады.

Мне тэлефануюць і пішуць лісты чытачы, устрывожаныя нарастаннем у грамадстве варожасці, злосці і агрэсіўнасці. Канфлікты ўзнікаюць з прычыны свядомага парушэння ніжэйшымі чыноўнікамі законаў, выкарыстання імі службовага становішча ў асабістых мэтах. Людзі гэта бачаць і поўняцца гневам супраць маленькіх узурпатараў.

Тэлеэкран на фоне беларускіх краявідаў падае лозунг «Тое, што нас яднае», а рэжым паглыбляе разрыў паміж багатымі і беднымі, нацкоўвае малакультурную частку грамадства на іншадумцаў, якія выступаюць супраць аўтарытарызму.

Чытач з Віцебска кажа: «Улада паводзіць сябе неасцярожна, жорстка разганяючы мірныя дэманстрацыі, даючы свабоду мясцовым тыранам. Нашы людзі цярплівыя, але да мяжы. Прымяненне сілы вылезе бокам. Уявіце, што было б, каб у Беларусі, як у Амерыцы, дазволілі свабодны продаж зброі?»

Сапраўды, такое лепш не бачыць. Але на наша шчасце ў грамадстве ёсць шмат разумных, смелых людзей, якія мірным шляхам набліжаюць лепшую будучыню. Пра іх напісаны ўдзячныя радкі:

Сталінскі хапун

прайшоў накатам,

Доўга шчыравалі

смерці жорны,

Нішчачы ў бясконцых

Курапатах

Самых лепшых,

самых непакорных.

Як іх ні тапталі,

ні мясілі,

Ды яны —

жывучая парода:

Не даюць і сёння

ўсім «месіям»

Спаць спакойна

«ворагі народа».

Тыя,

што надзею

продкаў помняць

І не прададуць яе ніколі,

Тыя,

што душой сваёй,

як промнем,

Асвятляюць

шлях да добрай долі.

Прайшло дваццаць гадоў, а радкі па-ранейшаму актуальныя. Шкада, што час, за які магла б паўстаць і ўмацавацца дэмакратычная Беларусь, змарнаваны на змаганне з цемрашаламі. Але спадзяванне на патрыётаў Айчыны застаецца, я веру, што яно спраўдзіцца.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]