Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ленінапад

29.09.2018 общество
Ленінапад

Хочацца верыць, што гэтая тэндэнцыя захаваецца і далей.

Мая руская бабуля вельмі не любіла Сталіна. Называла яго крывасмокам. Гэта не дзіўна, бо шчаслівае сямейнае жыццё яна пражыла з украінскім дзедам, які быў сынам “ворага народу”.

Але яе абгрунтаваная нелюбоў да сталінізму не пераносілася на ідэолага бальшавіцкіх рэпрэсій, сапраўднага стваральніка крыважэрнай савецкай сістэмы Уладзіміра Леніна. Дагэтуль памятаю, як у дзяцінстве бабуля мне тлумачыла, што “Сталін быў кепскім, бо перакруціў вучэнне вялікага і добрага Леніна”.

У канцы 1980-х –пачатку 1990-х пра “вялікага Леніна” ўсплыла столькі інфармацыі, што ад ягонага культу не засталося і следу ў маіх дзіцячых вачах. Памятаю, калі прыйшоў у першы клас у 1989 годзе, над дошкай вісеў кананічны партрэт “добрага правадыра”.

Паспрабаваўшы патлумачыць маленькім аднакласнікам, што гэта выява бандыта, які “забіваў святароў”, атрымаў з дзясятак гнеўных пярэчанняў: “Як ты можаш! Гэта ж добры дзядуля Ленін”. Праз два гады, зрэшты, партрэт “добрага дзядулі” бясслаўна знялі са сцяны, замяніўшы нейтральнай карцінкай з беларускім краявідам. Культ Уладзіміра Леніна ў постсавецкіх грамадствах – тэма для грунтоўнай навуковай працы на мяжы антрапалогіі і масавай псіхалогіі.

Хоць ад падзення СССР прайшла чвэрць века, многія жыхары незалежных дзяржаваў дагэтуль лічаць правадыра бальшавіцкага перавароту збольшага пазітыўным чалавекам. Ды што там Беларусь! Ва Украіне, якая ваюе ўжо 4 год, ладная частка грамадства абураецца паўсюдным ленінападам. Маўляў, навошта ваяваць з мінулым!

“Помнікі Ульянаву – гэта наша гісторыя, якую трэба берагчы. Хай на адной вуліцы стаіць Ленін, каб яму маглі пакласці кветкі ўсе, хто настальгуе па Савецкім Саюзе. Нічога б ад гэтага не здарылася з украінскай дзяржавай”, — у такім рэчышчы звычайна разважае прыхільнік захавання помнікаў Леніну.

Людзям з такой аргументацыяй у прынцыпе складана нешта патлумачыць. Не чуюць яны ніякіх фактаў пра тое, што менавіта Ленін сфармуляваў неабходнасць вынішчэння цэлых класаў, у тым ліку духавенства, арыстакратыі і сялянства. Ягоныя з’едлівыя ацэнкі інтэлігенцыі як прадажнай праслойкі сталі абгрунтаваннем для рэпрэсій у дачыненні да самай адукаванай часткі насельніцтва СССР.

А яшчэ Ленін фактычна з’яўляецца ідэолагам Галадамору, які паспяхова рэалізаваў ягоны вучань Коба ў наступныя дзесяцігоддзі. Пасля смерці Леніна Сталін зразумеў, што для эфектыўнага кіравання масамі патрэбная новая рэлігія, якой стаў ленінізм. Паколькі для народа быў больш звыклы монатэізм, то на ролю бога быў прапанаваны Уладзімір Ленін.

Для гэтага балвана быў створаны храм-зікурат на Краснай плошчы ў Маскве. Вайскоўцам прапанавалі для адпачынку і прасветы “ленінскія пакоі”. Малодшым школьнікам – значкі з выявай кучаравага Валодзі Ульянава. Савецкія пісьменнікі напісалі тысячы тэкстаў пра добрага дзядулю, які то прымае здарожаных хадакоў, то выдае матросам чайнік з гарачай вадой. На абсягах Інтэрнэту ёсць цікавы сайт-каталог Ільічоў у постсавецкіх краінах. Не ведаем, калі ён аднаўляўся апошні раз, але стваральнікі рэсурсу падаюць звесткі пра 411 помнікаў Леніну ў Беларусі.

Большасць помнікаў правадыру стаяць на галоўных плошчах і вуліцах беларускіх гарадоў, а таксама каля прахадных заводаў. Ад пачатку 1990-х, нягледзячы на тое, што курс на дэсаветызацыю ў нас не абвяшчаўся, колькасць помнікаў Леніну скарацілася на траціну. Было каля 600, стала каля 400. Хочацца верыць, што гэтая тэндэнцыя захаваецца і далей.

У такім разе на месцы помнікаў тырану паўстануць манументы пазітыўным героям беларускай гісторыі.

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]