Брытанец, якi правёў два гады ў беларускай турме, распавёў, як яго падтрымлiвалi нашыя суайчыннiкi.
Брытанец Алан Сміт, асуджаны ў Беларусі па абвінавачанню ў арганізацыі незаконнай міграцыі, выйшаў на волю 30 верасня пасля 2 гадоў зняволення. У аэрапорце яго сустрэла жонка Магда, якая два гады вяла кампанію па яго вызваленні і падтрымцы.
У Беларусі сустракаць Алана прыехалі журналісты, грамадзянскія актывісты, праваабаронцы. Міліцыянты зрабілі ўсе каб па дарозе на самалёт Сміт не перасёкся з журналістамі і не змог паразмаўляць ні з кім. Таму «Новы Час» паразмаўляў з былым вязнем ужо калі той вярнуўся ў Вялікабрытанію.
— Як адбывалася ваша вызваленне?
— З-за кратаў мяне выводзілі праз запасны выхад. Яны чакалі, што звонку мяне будуць чакаць журналісты. Начальнік турмы спецыяльна дзеля мяне прыехаў у суботу ў калонію, каб упэўніцца ў тым што я буду вызвалены «бяспечна».
Мне аддавалі мае рэчы і я заўважыў, што сярод іх няма майго смартфона і ноўтбука. Я пачаў патрабаваць начальніка калоніі, каб мне іх аддалі, але той казаў «мы не ведаем, дзе яны». Безумоўна, яны хлусілі. Я вельмі моцна пасварыўся з начальнікам калоніі, літаральны крычаў на яго і сказаў, што не выйду адсюль, пакуль мне не напішуць паперу пра тое, што ў іх няма маіх рэчаў.
Безумоўна, гэта было зроблена для таго, каб па дарозе да аэрапорта я не мог звязацца ні з кім.
Калі мяне павезлі ў мінскі аэрапорт, наперадзе мяне ішлі міліцыянты, якія правяралі ўсе ўваходы і дзверы — мусіць, кантралявалі, ці няма там журналістаў. Яны не хацелі каб я ішоў на чэк-ін, таму ўзялі мае сумкі і зачэкінілі мяне самі. Але гэта незаконна, я мусіў зрабіць гэта сам, бо я сам ведаю што ў маіх сумках.
— Ці задаваліся вы пытаннем: чаму гэта са мной здарылася, якую выснову я павінен зрабіць?
— Я па-ранейшаму лічу сябе невінаватым. І зрабіў выснову, што працягну змагацца з беларускай дзяражавай, якая кінула мяне за краты. Я бачыў, што яны баяцца супраціву, яны хацелі, каб я маўчаў. Шматлікія мае лісты знікалі. Парушэнні правоў і законаў адбываліся паўсюдна.
— Ці дапускаеце магчымасць зноў прыехаць у Беларусь у якасці турыста ці па бізнесу?
— Я вельмі хацеў бы прыехаць у Беларусь ізноў, але я змагу гэта зрабіць толькі праз год, калі скончыцца мой тэрмін забароны на выезд. Многія вязні, дарэчы, здзіўляліся, бо думалі мне дадуць 5 ці 10 гадоў забароны на выезд. Але далі толькі год.
— Ваша жонка пісала, што ў турме ў вас былі праблемы са здароўем. Ці засталіся яны дагэтуль?
— Так, есць праблемы з рукой — у мяне металічная ўстаўка ў ключыцы. Вельмі пагоршыўся зрок. Пэўны час вельмі дрэнна сябе адчуваў. Таму мне сапраўды патрэбны час на рэабілітацыю.
— Пра беларусаў есць стэрэатып што яны вельмі памяркоўныя і ціхія, нават баязлівыя. Што ў іх «хата з краю», яны эгаістычныя і атамізаваныя...
— Беларусы — вельмі шчырыя і сардэчныя людзі. Мне дапамагала велізарная колькасць людзей, як у вязніцы, так і за яе межамі. Дапамагалі многія з тых, хто мяне нават не ведаў. Гэта мяне вельмі кранала і прымусіла моцна паважаць беларусаў. Былі такія людзі і сярод супрацоўнікаў калоніі. Хачу прыгадаць Марыю Эванс, доктарку-псіхіятарку, якой я вельмі ўдзячны за яе аграмадную працу і падтрымку. Але, на жаль, многія з беларусаў баяцца. Нават у той жа калоніі вельмі мала хто змагаўся за свае правы, працуюць штодзень менш чым за 1 беларускі рубель у месяц, але маўчаць. Людзі ведаюць, што іх могуць пакараць, і баяцца гэтага.
Я моцна пацярпеў ад гэтай сістэмы, і хачу сказаць, што ў даўгу не застануся. У мяне ёсць шмат што распавесці. Гэта і карупцыя, і жорсткае стаўленне да вязняў, і вымаганне з іх грошай. Мне вядома, што начальнік калоніі бярэ грошы за датэрміновае вызваленне вязняў. Альбо што ў турэмнай краме прадукты каштуюць у два разы даражэй, чым на волі. Альбо што вязняў прымушаюць падпісвацца на дзяржаўную прэсу — і многае іншае. Я працягну змагацца з усім гэтым. Хачу сказаць, каб беларускія ўлады мяне пачулі: чакайце майго адказу за ўсе тое, што вы зрабілі.