Больш 10 тысяч ідэолагаў - гэта прыблізна цэлы невялікі раён па колькасці насельніцтва.
Зусім нядаўна прайшла афіцыйная інфармацыя – у Беларусі агулам налічваецца больш 10 тысяч ідэолагаў на дзяржаўнай службе. Гэта складае прыблізна цэлы невялікі раён па колькасці насельніцтва. Прыкладам такі як Зэльвенскі ці Свіслацкі.
Цэлая армія прапагандыстаў-кантралёраў – людзей, якія прызваныя «пільнаваць правільнасць» і непахіснасць дзяржаўнай ідэалогіі, трымаць іншых у страху. Пасады ідэолагаў чатырнаццаць гадоў таму ўведзены начальнікам дзяржавы ва ўсіх працоўных калектывах, у якіх працаўладкавана не менш 150 чалавек.
Падлічыць дастаткова цяжка, але можна ўявіць, што сумы грошай, выдаткаваных з дзяржаўнага бюджэту цягам 14 гадоў на заробкі гэтых “спецыялістаў”, а па сваёй сутнасці дармаедаў і нахлебнікаў, досыць значныя. Заходняму чалавеку, напэўна, цяжка вытлумачыць, што ж гэта за загадкавая прафесія – ідэолаг – і ў якіх навучальных установах такому вучаць. Тым больш, што на іх нідзе сапраўды не вучаць у Беларусі – аніводная навучальная ўстанова краіны не выпускае такіх адмыслоўцаў з запісам “ідэолаг” у дыпломе. Дык што ж гэта за людзі “асаблівага складу”, паклікання і місіі? Адкуль яны бяруцца?
Дзеля паўнаты карціны варта дадаць, што з тых 10-11 тысяч ідэолагаў значная частка сумяшчае ідэалагічныя функцыі з іншымі працоўнымі абавязкамі. Але як можна казаць пра прафесійнае і якаснае выкананне тых абавязкаў, калі асноўнае заданне – гэта сачэнне, пільнаванне і “прамыванне мазгоў” падначаленых ці калегаў ва ўстанове ці працоўным калектыве.
Для тых, хто добра памятае савецкі час, у прынцыпе нічога новага, гэтыя ідэолагі створаны паводле вобразу і падабенства ранейшых савецка-камуністычных партыйных камітэтчыкаў. Далей паўстае натуральнае пытанне – а якая ж ідэалогія ў гэтых стражаў дзяржаўных інтарэсаў? Якія ідэі павінны яны ўкараняць сярод тых, хто рэальна працуе.
Пытанне заканамернае, паколькі сам начальнік дзяржавы не так даўно прызнаўся, што ніякай дзяржаўнай ідэалагічнай дактрыны дагэтуль яго падначаленыя, адказныя за такое фармуляванне, так і не прыдумалі. Атрымліваецца, што кожны канкрэтны ідэолаг сам павінен стварыць сабе такую канцэпцыю. Так і галава закруціцца. Насамрэч усё куды прасцей. Галоўныя заданні ідэолагам даводзяцца ясныя і канкрэтныя.
Прыкладам, яны павінны забяспечваць правільныя вынікі ўдзелу і галасавання на кожных “выбарах-вырабах”. Яны павінны не дапускаць і бязлітасна выкараняць крытыку начальства на канкрэтным прадпрыемстве, і, барані Божа, крытыку вышэйшых і нават вярхоўных уладаў. У кожнай недарэчнай ці абдзіральнай дзяржаўнай праграме яны павінны даводзіць, што “ўсё для фронту, усё для перамогі”.
Яны павіны забараняць усё, што не адпавядае ўслаўленню існага ладу і цяперашніх парадкаў. Яны павінны не дапускаць ніякага вальнадумства – нават у выглядзе публічнага выступу нейкага непажаданага літаратара ці рок-музыканта. Так забараняюцца многія творчыя сустрэчы і канцэрты. Яны павінны сачыць, каб супрацоўнікі іх установы, фабрыкі ці заводу не ўдзельнічалі ні ў якіх акцыях пратэсту. На гэты выпадак створаны кабальныя рабскія працоўныя “кантракты” – многія з людзей пазбавіліся працы менавіта з-за таго, што недзе выступілі ці папрысутнічалі там, дзе быць на думку ідэолагаў не павінны былі.
А ўжо калі хто “засвеціцца” дзе-небудзь на мітынгу на фоне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга – гэта расцэньваецца як страшнае злачынства з усімі наступствамі на працы. Праца ідэолагаў дастаткова сабачая, бо цэлы час трэба сачыць за іншымі людзьмі, дакладаць, рапартаваць, арганізоўваць да такой дзейнасці іншых стукачоў.
Дапускаю, што некаторыя з гэтых ідэалагічных работнікаў сапраўды патрыёты Беларусі, нават ведаю пару такіх чалавек. Аднак, гэта не мяняе сутнасці пераважнай бальшыні з гэтай ідэалагічнай “касты” – гэта людзі без трывалых ідэй у галаве і прынцыпаў. Сёння дзяржава вядзе татальную русіфікацыю – яны ў першых шэрагах такіх выканаўцаў, заўтра будзе дадзена іншая ўстаноўка – яны хуценька схіляцца туды. Што тут скажаш – людзі без ідэі…
Уладзімір Хільмановіч, «Радыё Рацыя»