У Мінску прайшла ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года для семінарыстаў духоўных семінарыяў.
У Мінску 1 кастрычніка прайшла ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года для семінарыстаў першага курса каталіцкіх Гродзенскай і Пінскай духоўных семінарыяў.
З 2018–2019 навучальнага года вышэйшыя духоўныя навучальныя ўстановы Беларусі дзейнічаюць у новым фармаце. Згодна з рашэннем, прынятым беларускім епіскапатам ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Ватыкана, цяпер кандыдаты ў святары распачынаюць фармацыю ў Мінску, дзе для іх арганізаваны першы курс навучання, паведамляе catholic.by.
Цэлебрацыю Святой імшы з нагоды інаўгурацыі новага навучальнага года ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Засяродзіўшыся на прыкладзе жыцця святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, успамін якой Касцёл адзначае 1 кастрычніка, іерарх сцвердзіў, што свет змяняе не палітыка ці эканоміка, а святасць, якая дасягаецца праз любоў да Бога і да чалавека.
«Святарства — гэта не прафесія, а пакліканне і, як кажа папа Францішак, нам нельга яго параўноўваць з працай на прадпрыемстве. Святар — гэта не чыноўнік, не адміністратар і не менэджар, а слуга людзей»,— нагадаў арцыбіскуп.
У гэтым навучальным годзе на першы курс духоўных семінарый у Гродне і ў Пінску былі залічаныя 10 студэнтаў.