Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пікетоўцы рэстарацыі ў Курапатах мерзнуць, але не сыходзяць

02.10.2018 политика
Пікетоўцы рэстарацыі ў Курапатах мерзнуць, але не сыходзяць

Пяты месяц актывісты праводязць пікетаваньне, патрабуючы закрыць гэтую забаўляльную ўстанову.

Пяты месяц каля рэстарацыі каля Курапацкага мэмарыялу актывісты апазыцыі праводязць пікетаваньне, патрабуючы закрыць гэтую забаўляльную ўстанову.

У кастрычніку гэта стала рабіць складаней празь нізкія тэмпэратуры, вятры і дажджы. Як пікетоўцы прыстасаваліся да новых умоваў, «Радыё Свабода» распавялі актывістка «Руху салідарнасьці „Разам“» Алена Талстая і старшыня ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька.

Апранаюцца як у паход

«Стала складаней, ледзь не штодня пагаршаецца надвор’е. Некаторыя не ўберагліся, прастудзіліся, стоячы на вахце. Ужо хварэюць Лёня Кулакоў і Вячаслаў Сіўчык. Цяпер пачалі ўцяпляцца. На мне сёньня цёплая куртка, штаны як для турпаходу, непрамакальны абутак. Стараемся апранацца як мага цяплей і надзейней», — кажа Алена Талстая.

Алена Талстая

Пікетоўцы надалей трымаюцца вызначанага раней графіку дзяжурстваў. Аўторкамі на вахту выходзяць актывісты «Руху салідарнасьці „Разам“». Праз хваробы цяпер часьцей даводзіцца падмяняць адзін аднаго ў іншыя дні.

«Бывае, што стаім некалькі дзён на тыдні. Нічога, прызвычаіліся», — кажа Талстая.

Кіраўніца грамадзкай ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька 2 кастрычніка прыйшла падтрымаць актывістаў.

«Дапамаюць нам тэрмасы з гарачай кавай. Альбо ходзім на суседнюю бэнзазапраўку, там можна і гарбаты гарачай папіць», — распавядае Шапуцька.

Ганна Шапуцька

Зьмянілі фармат пратэсту

Цяпер актывісты зьмянілі фармат свайго пікетаваньня, яны ўжо не спыняюць аўтамабілі, што едуць на тэрыторыю рэстарацыі «Поедем поедим», а здымаюць на фота іх нумары і перадаюць здымкі ў базу, якую выкладваюць у інтэрнэт.

«Мы пэўна бачым, што аўтамабіляў мала і яны ў асноўным адны і тыя самыя. Іх дзьве групы. Ёсьць дастаўнікі, а ёсьць наведнікі, якіх мы завем групай падтрымкі. Тых больш у суботу-нядзелю, прыяжджаюць як на працу. Яшчэ ў нядзелю тут частуюць дармовым пловам, дык едуць на яго. На дарагіх машынах едуць па бясплатны плоў», — распавяла Ганна Шапуцька.

Пікетоўцаў пусьцілі ў біятуалет

Уласьнікі і адміністрацыя рэстарацыі ня лічаць, што іхная ўстанова пабудаваная ў ахоўнай зоне мэмарыялу Курапаты. Ахоўнікі часам канфліктуюць з пікетоўцамі, бывае, што прадстаўнікі адміністрацыі выклікаюць міліцыю, скардзяцца на пікетоўцаў, якія замінаюць іхным кліентам. Бывалі і сапраўдныя бойкі.

Пікетоўцы таксама скардзіліся на адміністрацыю рэстарану за тое, што ахоўнікі не пускалі іх на тэрыторыю скарыстацца прыбіральняй.

Адміністрацыя рэстарану цяпер каля сваёй брамы паставіла біятуалет і дазволіла туды хадзіць пратэстоўцам.

«У мінулы чацьвер яны паставілі гэты біятуалет. На сваёй тэрыторыі, але сказалі, што нам туды можна хадзіць. Толькі я не зьбіраюся ім карыстацца. Хай самыя туды ходзяць», — кажа Ганна Шапуцька.

Паводле пікетоўцаў, звычайна яны карысталіся прыбіральняй на аўтазапраўцы.

«Часта нас сапраўды не пускалі ў прыбіральню ў рэстарацыі, але ня гэта галоўнае. Сама гэтая ўстанова не павінна існаваць, таму мы і скаргі будзем складаць і ад пікетаваньня не адмаўляемся», — кажуць актывісты.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]