Кожны можа нешта зрабіць для пераменаў.
«Гэй, беларусы, ваш дыктатар на 6 гадоў менш пры ўладзе, чым наш. Ёсьць што адзначыць», — у Зымбабвэ ёсьць сатырычнае онлайн-шоў, якое крытыкуе рэпрэсіўны ўрад. Зымбабвійскі комік, журналіст, паэт, актывіст Фарай Манро, або Comrade Fatso, прапануе ня ныць і сьмяяцца з дыктатараў, перадае «Радыё Свабода».
Беларусь і Зымбабвэ часам трапляюць у адзін рэйтынг — як краіны, чые прэзыдэнты найдаўжэй знаходзяцца пры ўладзе. Робэрт Мугабэ быў прэзыдэнтам Зымбабвэ з 1987 году. У лістападзе 2017-га сышоў у выніку вайсковага перавароту. У апошнія гады свайго прэзыдэнцтва насіў пачэсны тытул найстарэйшага кіраўніка дзяржавы ў сьвеце (Мугабэ нарадзіўся ў 1924 годзе).
У Зымбабвэ найцяжэйшы эканамічны крызыс. Інфляцыя зымбабвійскага даляра ў 2008 годзе складала 231 мільён працэнтаў. За апошнія 10 гадоў лепш ня стала — замежная пазыка Зымбабвэ складае 18 мільярдаў даляраў (у Беларусі — 16,4 млрд даляраў).
74% з больш як 16-мільённага насельніцтва маюць менш за 5 з паловай даляраў на дзень. Розныя крыніцы кажуць, што ўзровень беспрацоўя тут можа складаць 90%.
Пры гэтым 81% жыхароў карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі, 89% працэнтаў дарослых маюць адукацыю.
А яшчэ ў Зымбабвэ ёсьць Магамба — фэстываль, крэатыўны хаб, камэдыйнае онлайн-шоў і шмат чаго іншага ў адной ініцыятыве. Пра яе для Радыё Свабода распавядае Фарай Манро. Інтэрвію мы ўзялі ў межах канфэрэнцыі Digital Influencers Hub, арганізаванай міжнароднаю ініцыятываю Digital Communication Network.
Фарай Манро— Калі споўнілася 24 гады, як Аляксандр Лукашэнка займае пасаду прэзыдэнтам Беларусі, мы зрабілі тэст «Колькі працэнтаў твайго жыцьця прайшло пры Лукашэнку». У мяне 55%. Колькі працэнтаў твайго жыцьця прайшло пры Мугабэ?
— Мугабэ быў пры ўладзе ўсё маё жыцьцё, да мінулага лістапада. Мне цяпер 38. Лічы, што 99% майго жыцьця прыйшло пры ім (калі матэматычна, то 97,3%)
— Што ты адчуваеш ад таго, што тваё жыцьцё праходзіць у такіх умовах?
— Вядома, хтосьці раззлаваны і расчараваны тым, што мусіць жыць у такім рэпрэсіўным рэжыме. Але тое, што змушае мяне і іншых надалей рабіць тое, што я раблю, — гэта спадзеў, што ты можаш зрабіць нешта для пераменаў. Калі ня маеш такой надзеі, то, вядома, цябе нічога не трымае.
Я меў магчымасьць зьехаць. Я атрымаў адукацыю ў Зымбабвэ. Але хацеў нечага іншага. Адвучыўся ва ўнівэрсытэтах Брытаніі і Францыі. Гэта заняло чатыры гады. Але хацеў вярнуцца ў Зымбабвэ, як толькі скончу ўнівэрсытэт, каб далучыцца да барацьбы за дэмакратыю. Я так і зрабіў. Займаюся мастацтвам, культурай, мэдыя-актывізмам.
Сатырычнае шоў — таксама форма актывізму. Яно папулярнае, яно забаўляе, яно дазваляе лёгка даходзіць да маладых людзей, але ў той жа час мае сурʼёзнае палітычнае пасланьне.
— Пра што ў Зымбабвэ нельга і небясьпечна жартаваць і як вы даяце гэтаму рады?
У Зымбабвэ дзьве тоўстыя чырвоныя лініі: калі ты жартуеш пра прэзыдэнта ці калі ты зачапляеш хрысьціянства, бо мы вельмі рэлігійная краіна. На гэтыя тэмы накладзенае табу. Але гэта і ёсьць межы, якія мы ўвесь час намагаемся пасунуць.
— У вашай ініцыятыве шмат розных відаў дзейнасьці. Як яна арганізаваная?
— «Magamba Network» мы заснавалі ў 2007 годзе. Слова «magamba» азначае «героі, змагары за свабоду». Кіроўная партыя часта кажа так пра сябе — маўляў, гэта мы героі, мы змагаемся за свабоду краіны, і ўсе мусяць быць удзячныя за гэта. Але гэта мы, моладзь, сёньня змагаемся за свабоду, за сваё ўласнае вызваленьне. Нашая мэта — свабодная і дэмакратычная Зымбабвэ.
Мы ствараем новыя крэатыўныя формы моладзевага актывізму дзеля пашырэньня дэмакратычнай прасторы. Працуем на стыку мастацтва, актывізму, новых мэдыя ды інавацыяў. У нас некалькі вельмі розных праектаў. MagambaTV — адзін зь іх. У нас праходзіць Shoko Festival — найвялікшы ў Зымбабвэ фэстываль гарадзкой культуры з хіп-хопам, камэдыйнымі шоў і мэдыйнымі канфэрэнцыямі. Маем і мэдыяпраект, дзе вучым маладых грамадзкіх журналістаў, як весьці жывыя трансьляцыі з парлямэнту ў твітэры. Маем Moto Republik — першы ў Зымбабвэ крэатыўны хаб, пляцоўку супрацы для маладых творцаў. Маем плятформу для сацыяльных рухаў Citizen Manifesto. Тут разам зьбіраюцца актывісты грамадзкіх арганізацыяў, якія вядуць грунтоўныя палітычныя, сацыяльна-эканамічныя кампаніі. І наш апошні праект — гэта новыя мэдыя і відэа.
Але ўсё гэта — дзеля пашырэньня дэмакратычнай прасторы, дзеля матываваньня маладых далучацца да руху пераменаў.
— Наколькі ў Зымбабвэ даступны інтэрнэт і што людзі ў ім робяць?
— Інтэрнэт шырока даступны ў большай частцы краіны. Напрыклад, заблякаваць нашае шоў будзе складана. Але ўлада кантралюе галоўныя мэдыя — тэлебачаньне, радыё. Там мы ў чорным сьпісе.
Шмат якія актывісты, арганізацыі ёсьць онлайн. Маладыя зымбабвійцы ствараюць альтэрнатыўны онлайн-кантэнт.
Але нашае шоў глядзяць. І ўрадоўцы ў тым ліку. На адной канфэрэнцыі міністар інфармацыі і камунікацыйных тэхналёгіяў пазнаў мяне і сказаў, што сочыць за мной у сацыяльных сетках. Дарэчы, шмат хто з нашых палітыкаў ёсьць у сацыяльных сетках.
— Ці дзейнасьць у інтэрнэце рэгулюецца заканадаўча?
— Яны спрабуюць увесьці кантроль. Вось пачалі арыштоўваць людзей за тое, што яны рэтвіцяць нашыя жарты. Нашага супрацоўніка абвінавацілі ў рэтвіце жарту, які крытыкуе прэзыдэнта. Могуць аштрафаваць за тое, што ты разьмяшчаеш нешта онлайн — відэа, напрыклад. Улады ўсё больш жадаюць кантраляваць онлайн-прастору, але яна ўсё адно застаецца найбольш свабоднай для дыскусіяў, абмену думкамі, здабываньня альтэрнатыўнай інфармацыі.
Цяпер распрацоўваецца заканадаўства пра кібэрзлачыннасьць. Вызначэньне таго, што такое кібэрзлачынства, максымальна агульнае. Для іх гэта ўсё: пачынаючы ад блогерства і да ўзлому дзяржаўнай сыстэмы праграмнага забесьпячэньня. Мы таксама ўдзельнічаем у кампаніі крытыцы гэтага новага закону, каб не дазволіць яму крыміналізаваць свабоду выказваньня онлайн.
— Ва ўсім сьвеце вядома, што ўлады Зымбабвэ не цырымоніліся са сваімі апанэнтамі, арыштоўвалі, трымалі ў турмах. Як вам удаецца выжыць?
— Палітычная сыстэма Зымбабвэ сапраўды вельмі рэпрэсіўная. За гэтыя гады былі забітыя і выкрадзеныя сотні палітычных актывістаў, тысячы катаваныя. Дзяржава рэпрэсіўная і для тых, хто працуе ў сатыры, мэдыя. Летась яны спрабавалі разбурыць нашыя офісы, закрыць наш фэстываль, бо на ім камэдыйнае шоў на палітычныя тэмы. У канцы году арыштавалі нашага прадусара па абвінавачаньні ў спробе скінуць урад. У нашых офісах былі ператрусы, сканфіскоўвалі кампутары. Урэшце справа развалілася і не дайшла да суду. Але што мы б ні рабілі — рэпрэсіі з боку дзяржавы пастаянныя. Яны ўвесь час трымаюць нас у напружаньні.
Пакуль што нікога з нашых сваякоў і сяброў не перасьледавалі. Яны засяроджаныя на нас асабіста. Але я стараюся не апавядаць пра сваю сямʼю, асабістае жыцьцё.
— Але вашыя палітычныя шоў выглядаюць вельмі сьмела. Вы імітуеце дзяржаўнае тэлебачаньне. Дарэчы, выглядае, яно вельмі падобнае да беларускага. Можаш сфармуляваць ад сябе, у чым сіла гумару ў такіх умовах?
— Сіла гумару вельмі ўнівэрсальная. Ён пераўзыходзіць магчымасьці навінаў ці нават музыкі. Гумар перасягае межы паміж клясамі, узростамі, расамі. Мы гэта бачым у Зымбабвэ. Нашыя фанаты — гэта чорныя гараджане з пакаленьня хіп-хопу і белыя сталага ўзросту. Мы дабіраемся да кожнага. Гумар можа зьвяртацца да такой вялікай колькасьці людзей і даносіць да іх адмысловае пасланьне.
Па-другое, гумар — выдатная форма крытыкі. Ён не ўспрымаецца як павучальны, пагардлівы, нібы ты глядзіш на людзей «зьверху ўніз». Гэта такая крытыка, якая прымушае людзей і пасьмяяцца, і задумацца адначасова. Можна жыць без пачуцьця гумару?
Вядома. Шмат палітыкаў яго зусім ня маюць.
— Нядаўна быў апублікаваны рэйтынг, паводле якога беларусы сталі адной з самых неэмацыйных нацыяў у сьвеце. Маеш нейкую параду, як з гэтым жыць далей?
— Дык і зымбабвійцы ня самыя эмацыйныя людзі ў сьвеце. Мы шмат чаго трымаем унутры. Але чым больш ты трымаеш унутры, тым больш выбухне вонкі пры патрэбе.
Няважна, наколькі складаная цяпер у вас сытуацыя, знайдзіце магчымасьць зь яе пасьмяяцца. Урэшце ваш прэзыдэнт кіруе на 6 гадоў менш за нашага. У вас ёсьць нагода, каб адзначыць гэта.
Знайдзіце магчымасьць пасьмяяцца са сваіх лідэраў, выпусьціце пару, гэта дасьць вам палёгку. І гэта спосаб адправіць сваіх кіраўнікоў далей — займацца сваімі справамі.