Цікава, як Менгарвыканкам выкруціцца з сытуацыі?
Калі я пытаўся ў Менгарвыканкаму пра колькасьць праціўнікаў усталяваньня памятнай дошкі БНР, калі пісаў, што хацеў бы ведаць, хто ўсе тыя людзі, то разумеў, што мне ніхто праўды ня скажа.
Гаворка пра групу ананімных асобаў, якія нібыта напісалі звароты ў Менгарвыканкам з патрабаваньнем не ўсталёўваць Дошку БНР.
Мне было цікава, як Менгарвыканкам выкруціцца з сытуацыі, бо на афіцыйны зварот грамадзяніна, то бок мой, адказваць трэба. Калектыўны Менгарвыканкам (а хутчэй за ўсё штатны юрыст) адшукаў у Канстытуцыі артыкул 28: «Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшаньня ў ягонае асабістае жыцьцё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленьняў, на яго гонар і годнасьць».
Адказ пакінуў поле для фантазіі:
1. «Група грамадзян» сапраўды існуе, гэта якія-небудзь вэтэраны КПСС. Яны, усе пяць з паловай чалавек, і сапраўды напісалі зварот супраць Дошкі БНР;
2. «Група грамадзян» сапраўды існуе, але пісалі за іх іншыя людзі, напрыклад, колішні парторг КПСС, які цяпер займае пасаду ў Менгарвыканкаме;
3. «Групы грамадзян» няма. Гэта фікцыя. Магчыма, хтосьці па знаёмстве паставіў подпісы пад «калектыўным» зваротам, напісаным колішнім парторгам, але ў вочы адзін аднаго тыя людзі ня бачылі;
4. І, нарэшце, апошняе — «калектыўны зварот» ёсьць поўнай фікцыяй, чыстым падманам.
Зь іншага боку маем перад вачыма 3386 подпісаў рэальных людзей, якія выступаюць за ўсталяваньне Дошкі БНР.
У апісанай сытуацыі Менгарвыканкам выглядае першаклясьнікам, які наіўна спрабуе схлусіць, прыдумляючы штосьці на хаду. Усяго толькі — пакажыце свае подпісы «супраць». Ня можаце паводле Канстытуцыі? То вешайце Дошку. Эпоха ананімак як законнага чыньніку ў якіх-кольвек справах зьнікла даўным-даўна.
Вам у Менгарвыканкаме важыць думка грамадзянаў? Дык арганізуйце публічнае абмеркаваньне. Хай тыя, хто супраць, выступяць са сваімі аргумэнтамі. Я нават уяўляю, якімі: «БНР стварыў кайзэр», «пад сьцягам БНР дзейнічалі калябаранты 2-й Сусьветнай». Толькі вось жа праблема. Сёлета напярэдадні Дня Волі дзяржаўны тэлеканал ОНТ зрабіў цэлае ток-шоў, прысьвечанае стагодзьдзю БНР. А ў шоў браў удзел «дэпутат» Ігар Марзалюк, які сёньня дэ-факта ёсьць вестуном афіцыйнага бачаньня гісторыі Беларусі.
«У эфіры ток-шоў дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк патлумачыў, што БНР абвяшчалася насуперак інтарэсам кайзэраўскіх войскаў і што калябаранты 2-й Сусьветнай ня мелі дачыненьня да БНР, якая афіцыйна спыніла існаваньне ў 1925 годзе, перадаўшы паўнамоцтвы БССР. Марзалюк разам зь некаторымі іншымі прысутнымі гісторыкамі заклікаў шанаваць БССР разам з БНР як беларускую дзяржаву».
То бок нават калі ў структуры Менгарвыканкаму ці адміністрацыі прэзыдэнта існуюць пракамуністычныя лабісты, якія спрабуюць прытармазіць пашырэньне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, то гэтыя людзі дзейнічаюць нават насуперак кволым спробам улады намацаць хоць які кансэнсус у гістарычных пытаньнях.
Больш за тое, цягнучы ката за хвост цацанкамі-абяцанкамі пра ўсталяваньне Дошкі БНР, адказныя за сытуацыю чыноўнікі даюць яшчэ больш інфармацыйных нагодаў папулярызаваць тэму БНР.
Але самае галоўнае, на мой погляд, — у жаданьні схаваць колькасьць «групы грамадзянаў». На Дошку БНР сабралі шэсьць тысяч рублёў за тры гадзіны. Я не магу ўявіць, што на памятную дошку да, напрыклад, юбілею БССР шмат людзей з добрай волі аддадуць свае грошы. А пагатоў на сьвяточны канцэрт, як гэта было на 100-годзьдзе БНР.
Саветчына маральна даўно памерла, а фізычна ўсё яшчэ спрабуе спыніць хаду часу.
Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»