З выпадкова падслуханага і падгледжанага.
У вагон электрычкі заходзіць гандляр. Не паспявае прарэкламаваць пальчаткі для дачнікаў і сродак для чысткі комінаў, як адзін з пасажыраў зрываецца ў істэрыку.
— Ізноў ты тут, б...ць! Сюды ехаў, ты мазгі кампасціраваў сваім кітайскім гаў..м. Еду назад — ізноў ты тут. Хто цябе пусціў сюды, хто разрашыў таргаваць? Га, б...ць?! — крычаў з перакошаным ад гневу тварам пенсіянер.
Праз колькі прыпынкаў у вагон зайшлі кантралёры. Дзядзька змяніўся з твару, лісліва заўсміхаўся:
— А вы ўсё працуеце. Туды ехаў, білецікі праверылі. Назад еду — і вы тут. Усё пад кантролем!
***
Дождж, пад навесам чыгуначнай станцыі нецярпліва прытопвае дзяўчына. Яна працуе ў кіёску, да якога трэба прабегчы пад залевай паўсотні метраў. Яна вызірае з-пад навеса на хмары, дождж набірае моц.
Побач спыняецца міліцэйскі патруль. Адзін з міліцыянтаў моўчкі здымае з сябе плашч-накідку, атрасае з яго ваду і працягвае дзяўчыне. Разам ідуць да кіёска.
— Срочнікі, — кажа адзін з пасажыраў, што чакае пад дахам цягнік. — Кадравы б прайшоў міма і не глянуў на дзеўку.
***
— Сёння, як будзеш па-чэснаму працаваць, проста здохнеш з голаду! — эмацыйна тлумачыць гандляр свайму калегу на рынку ў Ждановічах.
Той згаджаецца, прыгадваючы, што якія тры-чатыры гады таму ля іх боксаў было не прайсці ад натоўпаў пакупнікоў:
— Людзі рамантавацца перасталі, як раней. Даўней пляма на шпалерах з’явілася — давай усю залу пераклейваць. А цяпер эканомяць усе.
***
На кірмашы бабулі прадаюць бульбу і яблыкі. Ніхто яе не бярэ. Адна гандлярка не вытрымлівае:
— Урадзіла ў гэтым годзе і тое, і другое. І куды мне цяпер тыя аблыкі з картопляй падзець? Ніхто ж не бярэ, ва ўсіх сваёй хапае. Хоць ты сама ў сябе купляй!
***
Пераход каля чыгуначнага вакзала ў Мінску. Плынь людзей, што вяртаюцца з працы, ідуць на электрычку. На прыступках пры сцяне малады хлопец выводзіць на саксафоне «Hallelujah» Леанарда Коэна. Яго падсвечвае мяккае святло, якое адблісквае ад саксафона. Хтосьці прыпыняецца паслухаць, а хтосьці стаіць тут не першую хвіліну, зачаравана ўсміхаючыся.
Напрыклад, дзяўчына ў восеньскім палітоне, якая глядзіць скрозь натоўп на саксафаніста.
Я таксама мімаходзь трапляю пад чары музыкі і моманту. Люблю такія хвіліны нармальнасці і душэўнасці пасярод тлуму вялікага горада.
Сямён Печанко, «Салiдарнасць»