Лукашэнка мог бы пазайздросьць Вадзіму Тышкевічу.
Мэр гораду Нова Суль на захадзе Польшчы чатыры разы перамагаў у выбарах зь лепшым вынікам, і без прэтэнзіяў з боку назіральнікаў ды апазыцыі. Праз два тыдні яму прадказваюць чарговую элегантную перамогу.
Neusalz an der Oder трапіў у склад Польшчы пасьля ІІ сусьветнай вайны. У камуністычныя часы гэта быў адзін з самых прамысловых польскіх гарадоў. Але разам з падзеньнем камунізму збанкрутавалі і магутныя фабрыкі. Напрыканцы 90-х кожны другі жыхар гораду быў беспрацоўным, па ваколіцы гойсала мафія, а заходнія СМІ здымалі ў Новай Сулі тэлесюжэты пра драму польскіх пераменаў. Сёньня Нова Суль — гэта сынонім ідэальнага капіталізму ў Польшчы. Усё дзякуючы Вадзіму Тышкевічу, якога жыхары гораду 16 гадоў запар пераабіраюць мэрам, а СМІ і экспэрты празвалі адным з самых эфэктыўных прадстаўнікоў польскага самакіраваньня. Я выправіўся ў Нову Суль, каб на ўласныя вочы пабачыць горад, які перажыў уласную сьмерць.
Пра сустрэчу мы дамовіліся менш, чым за хвіліну. Хапіла аднаго паведамленьня на Фэйсбуку, абмену нумарамі і я ехаў цягніком Уроцлаў-Шчэцін на інтэрвію. Жыхары Новай Сулі ў той дзень маглі цалкам справядліва адчуць сябе героямі слыннага анэкдота: — Ня ведаю, што гэта за мужчына, але кіроўца ў яго сам мэр Тышкевіч. Мэр асабіста сустрэў мяне на вакзале і больш за дзьве гадзіны паказваў горад, замест таго, каб накрыць стол у мэрыі і разважаць пра геапалітыку або ўраджайнасьць мясцовых гаспадарак.
Празь дзьве з паловаю гадзіны ў мяне цягнік назад ва Ўроцлаў, таму мы не губляем ані хвіліны.
— Давайце я вам усё спачатку пакажу, а потым вы задасьце мне пытаньні, — прапануе Вадзім Тышкевіч і абяцае паказаць свой найноўшы праект. Аўтамабіль рушыць з вакзалу і мэр пачынае аповед.
З БССР на «Земе Одзысканэ»
— Я нарадзіўся ў Ганцавічах, каля Баранавіч. Мае карані — польска-нямецка-расейска-ўкраінскія. Уся наша сям’я выехала пасьля вайны з Заходняй Беларусі ў Польшчу, засталіся толькі мама і тата. Тата быў дырэктарам школы ў Ганцавічах, мама настаўніцай. Але ў 1967 годзе мы пакінулі Беларусь. Бацькі прадалі дом, маёмасьць спакавалі ў адзін вагон і прыехалі сюды, у Нову Суль, дзе ўжо жыла частка нашай сям’і.
У першую клясу Вадзім Тышкевіч пайшоў яшчэ ў Ганцавічах, але жыцьцё ў БССР ён памятае мала. Польскую мову пачаў вучыць ужо ў Новай Сулі. Пасьля заканчэньня школы паступіў на факультэт дакладнай мэханікі Варшаўскай Палітэхнікі. У 1986 годзе Тышкевіч стварыў сваю кампутэрную фірму, і да 2002 году быў пасьпяховым бізнэсоўцам, пакуль знаёмыя не параілі вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду мэра горада.
— Калі я стаў мэрам, то наш горад быў у драматычнай сытуацыі. Зачыніліся два магутныя заводы — найбуйнейшая ў Эўропе фабрыка нітак «Odra» і мэталюргічны камбінат. Беспрацоўе складала каля 42%. Уявіце сабе, што ў найбольш прамысловым горадзе краіны зачыняюцца два заводы, дзе працавала 10 тысяч чалавек. Гэта былі страшныя часы. Калі я пра іх узгадваю, то ў мяне мурашы на скуры зьяўляюцца. Да мяне прыходзілі жанчыны ў сьлязах і казалі, што ім няма чым карміць дзяцей. Людзі працавалі за 100 эўра. Адзіным спосабам выратаваць горад было адбудаваць эканоміку.
Кажучы гэта, мэр спыняецца сярод руінаў былых фабрык, якія маглі б паслужыць сцэнаграфіяй для змрочнага фільму. Менавіта тут была некалі найбуйнейшая ў Эўропе фабрыка нітак. Цяпер тут праходзіць ажыўленьне тэрыторыі. Горад інвэставаў у працэс рэвіталізацыі 6 мільёнаў даляраў.
— Праз два гады вы не пазнаеце гэтае месца. Мы ўратуем гэтую гістарычную вежу. Тут будзе прыгожая плошча, асьветленыя фантаны, лаўкі, парк, канцэртная пляцоўка, кінатэатар на адкрытым паветры. Горад пабудуе тут дарогі, роварныя сьцежкі, і паркінгі. І мы спадзяемся, што ўласьнікі, а іх тут ажно 80, зробяць пасьля гэтага сваю частку і самі адновяць свае будынкі.
Каб пераканацца ў тым, што гэта магчыма, Вадзім Тышкевіч вязе мяне ў месца, дзе такая супраца з інвэстарам дала плён.
Адраджэньне прамысловасьці 2.0
— У Закапанэ ёсьць горы, у Сопата — мора. У нас не было за што зачапіцца. Мы вырашылі аднавіць эканоміку, якой некалі славіўся наш горад. Я стварыў у Новай Сулі дзьве вялікія прамысловыя зоны.
Едзем туды па цалкам новых гарадзкіх дарогах і шыкоўнай кальцавой Новай Сулі. Адзін кавалак нечакана нагадвае былыя часы. Вадзім Тышкевіч апраўдваецца:
— Гэты адрэзак, на вялікі жаль, не належыць гораду. Гэта ваяводзкая дарога, і за яе адказвае ўлада ваяводзтва. Цяпер мы змагаемся зь імі, каб яны заверылі рамонт. Агулам у Новай Сулі мы адрамантавалі і пабудавалі 70% дарог.
Мы ўяжджаем на тэрыторыю найшоўшай прамысловай зоны. Яшчэ некалькі гадоў таму тут былі лугі. Горад пабудаваў дарогі, разьвязкі, і на гэтае месца прыйшлі інвэстары. Сёньня плошча зоны — гэта 100 гектараў. Некалькі прадпрыемстваў, якія пабудавалі цягам апошніх двух гадоў, ужо працуюць. Гэта фабрыка ўпаковачнай прамысловасьці і дацкая кампанія, якая робіць булкі для рэстаранаў Макдональдс. На другім баку вуліцы іншая дацкая інвэстыцыя на 20 гектарах — фабрыка шакаляду. Уся ваколіца ў будове. Будуецца супэрмаркет і жылы раён, дзе паўстане 800 кватэр для рабочых.
— А вось тут працуе IdeaPro. Гэты стартап паўстаў у нашым тэхналягічным парку некалькі гадоў таму. За гэты час кампанія з 5 чалавек вырасла да 70 і мае ўласную фабрыку. Раней для мяне была важная колькасьць рабочых, але цяпер важнейшая плошча фірмаў. Бо кожны мэтар — гэта падаткі. Сёньня ў нашым горадзе працы ня мае толькі 900 чалавек, а кожная новая фірма — гэта грошы з падаткаў. Ад кожнай фірмы Нова Суль будзе мець штогод мільён злотых (каля 270 тысяч даляраў). Я магу пайсьці ў банк, узяць крэдыт, пабудаваць басэйн, і сплаціць пазыку з тых інвэстыцый, якія цяпер паўстаюць.
У 40-тысячным горадзе ёсьць уласная гарадзкая і пазагарадзкая транспартная сыстэма. Яна пачала працу ў ліпені. Горад набыў 27 новых сучасных аўтобусаў, пабудаваў запраўкі, пункты рамонту, месца адпачынку для кіроўцаў.
— У нас дзіўная сытуацыя. Нібыта ёсьць яшчэ беспрацоўе, але нам не хапае працоўных рук і таму мы вымушаныя прывозіць рабочых зь іншых мясцовасьцяў, аддаленых за 25 км. Ажно 85% сродкаў на гэтую інвэстыцыю даў Эўразьвяз. За свае грошы гэты праект мы б не зрабілі. Наша прысутнасьць у ЭЗ — гэта аснова. Ставіць яе пад сумнеў могуць вельмі несур’ёныя людзі. Без Эўразьвязу мы ніколі б не дасягнулі такіх вынікаў.
Выяжджаем па іншай навюткай дарозе ў старую прамысловую зону, у паўднёвую частку гораду. Вадзім Тышкевіч называе яе сваім асаблівым гонарам. Менавіта яна дала імпульс да разьвіцьця Новай Сулі. Але пакуль не сьцямнела, мэр хоча паказаць мясьціны, якія горад пабудаваў для жыхароў, дзе яны могуць адпачываць ад зарабляньня грошай.
20 гектараў для адпачынку на месцы былога сьметніку
Каб трапіць у другую прамысловую зону, мы едзем праз цэнтар гораду. Вадзім Тышкевіч хоча паказаць фэномэн Новай Сулі — рэкрэацыйную зону.
Мінаем плошчу зь вялікім помнікам у цэнтры.
— Тут калісьці стаяў помнім савецкім жаўнерам. З танных будматэрыялаў, якія пачалі іржавець. Ён выглядаў жахліва і мы вырашылі яго прыбраць. У гэтым месцы мы паставілі ўнівэрсальны помнік. Тады гэта выклікала скандал, пратэст расейскай амбасады. Але мы дзейнічалі не супраць кагосьці. Мы хацелі ўшанаваць усіх герояў, якія пралівалі кроў за Польшчу. На помніку так і напісана — «Змагарам за Польшчу».
Мы тым часам набліжаемся да сажалкі. Але першае ўражаньне падманлівае. Гэта Wake Park, месца для экстрэмальнага віду спорту, які спалучае ў сабе элемэнты вадналыжнага слалама, акрабатыку і скачкі. Адна з частак комплексу адпачынку, які раскінуўся на 20 гектарах.
— Раней тут была закінутая зямля. Усё, што вы бачыце, пабудавалі нашыя беспрацоўныя. Матэрыялы яны здабывалі пасьля зносу іншых аб’ектаў у горадзе. Мы не такія багатыя, каб дазволіць сабе марнаваць ужываны матэрыял. Калі мы зразаем дрэва, то рэжам яго на дошкі і будуем платы або агароджы. Калі мы будуем новую дарогу, то забіраем стары брук, цэглу, усё што можна.
Побач знаходзіцца паркінг тэхнікі новасульскіх беспрацоўных. Цікава, што ўсю тэхніку яны купілі і адрамантавалі самі. Калі горад перажываў самыя складаныя часы, яны зьбіраліся тут кожную раніцу з надзеяй знайсьці падпрацоўку. Сёньня тут зьбіраюцца пераважная людзі ў перадпэнсійным узросьце. Горад плоціць ім мінімальны заробак у краіне, а яны гадуюць тут кветкі, рассаджваюць потым па вуліцах, рамантуюць і выконваюць іншыя заданьні ад гарадзкой управы.
— Я эканамічны лібэрал і вораг раздаваньня грошай. Бо людзі тады пачынаюць думаць, што ім нехта абавязаны плаціць за так. Працуй і атрымаеш грошы. Гэта мая філязофія. Вось там пад дахам кубы дрэва. Мы можам іх аддаць за так, але ўзамен няхай тая асоба возьме мятлу і прыбярэ вуліцу.
Мінаем дзьве вялікія фігуры бабы і дзеда. Выяўляецца, што гэта самыя вялікія гномы ў сьвеце. Іх вышыня — 5 мэтраў. Парк навокал, на месцы былога сьметніка, збудавалі таксама беспрацоўныя з другасных матэрыялаў. Цяпер там адбываюцца дзіцячыя сьвяты.
Тэрыторыя пад усімі пляцоўкамі ў гэтай зоне мае сваіх уласьнікаў. Горад робіць сваю частку працы, а ўласьнік працягвае. Такім чынам кожны мае ад гэтага карысьць.
— Парк Фізыкі мы пабудавалі дзякуючы дапамозе Эўразьвязу. На гэты праект горад атрымаў 85% эўрапейскага фінансаваньня. На 4,5 га пад адкрытым небам разьмешчанае абсталяваньне, каля 50 усталёвак, якое тлумачыць, як дзейнічаюць правілы фізыкі ў прыродзе. Часам тут праходзяць школьныя заняткі, але наведаць гэтае месца можа кожны жадаючы. Уваход каштуе паўдаляра.
За фітнэс-паркам пад адкрыты небам мінаем Вяровачны парк. Яго таксама збудавалі беспрацоўныя, пры падтрымцы гораду і паводле ўсіх неабходных сэртыфікатаў. Праект распрацоўвалі альпіністы. На сёньня гэта найбуйнейшы такі аб’ект ва ўсім ваяводзтве. Падʼяжджаем да нечага, што цяжка назваць адным словам. Гэта гара з вадаспадамі, лаўкамі, сьцежкамі. Дакладнага прызначэньня пакуль ня ведае і сам мэр.
— Гэта прыдумалі самі беспрацоўныя. Там будзе назіральная вежа і міні-амфітэатар. Ёсьць столікі, можна пасядзець, адпачыць. Немцы раней будавалі дарогі, робячы аснову з камянёў. Падчас рамонту дарог мы акуратна дэмантавалі гэтыя камяні. Зь іх і зрабілі гэтую гару.
Побач — найлепшая ў Польшчы траса для ровараў BMX, таксама працы згаданых ужо беспрацоўных. Вадзім Тышкевіч кажа, што госьці зь Нямеччыны, якія прыяжджаюць сюды на спаборніцтвы, ня могуць паверыць, што гэта рабілі не прафэсіяналы.
— У выніку дзеці маюць чым займацца, замест таго, каб бяз мэты бадзяцца па горадзе. Зрэшты, адзін з паркаў для роварных трэніровак дзеці збудавалі самі.
І сапраўды, нават у будні вечар на кожным аб’екце адпачываюць дзеці з бацькамі, і падлеткі.
— А гэтыя дамкі могуць выкарыстоўвацца жыхарамі гораду для адпачынку і шашлыку. Дастаткова загадзя зрабіць рэзэрвацыю. Яшчэ раз дадам, што ўсё гэта зроблена на тэрыторыі, якая раней была цалкам занядбаная і пустая.
Пасьля гэтага мы едзем у порт на рацэ Одэр. Увесь порт заняты лодкамі, але мэр кажа, што іх і так менш, чым звычайна, бо сэзон ужо скончыўся. Тут кожнае судна можа падключыцца да вады і электрычнасьці. Побач, на пляжы, элегантныя лежакі для адпачынку. Гэта падарунак адной зь фірмаў з нагоды дзесяцігодзьдзя.
— Горад пабудаваў два турыстычныя караблі па 90 месцаў кожны. Гэтыя караблі плаваюць на адрэзку 200 км. Побач гатэль, фітнэс-клюб, рэстаран. Мы пабудавалі супрацьпаводкавы вал, аднавілі стары порт. Калісьці гэта была самая брыдкая частка гораду. За грошы Эўразьвязу мы гэта ўсё зьмянілі.
Побач Гара скаўтаў з уласным міні-амфітэатар і рэстаранам.
— Часам я не магу паверыць, што адбылася такая зьмена. Мы наўрад ці станем некалі турыстычным цэнтрам. Але ў суботу і нядзелю тут адпачываюць тысячы людзей.
Пытаюся ў Вадзіма Тышкевіча, у якім бок зьмяняецца колькасьць жыхароў Новай Сулі. Мэр кажа, што падае, але за кошт тых людзей, якія з гораду пераяжджаюць у навакольныя вёскі.
Мы, тым часам, едзем праз цэнтар.
Практычна ўсе старыя камяніцы ў горадзе адноўленыя. Мэр паказвае адну вуліцу, якая, паводле яго словаў, яшчэ 10 гадоў таму была ў жахлівым стане. Сёньня яна нагадвае вулачку ў баварскім мястэчку, з сонечнымі батарэямі на дахах дамоў.
— Мы даплачваем 30-40% ад сумы рамонту, а на рэшту Таварыства ўласьнікаў жыльля бярэ крэдыт у банку. Спачатку ахвотных было мала, але потым людзі пабачылі, як гэта працуе, і ад жадаючых не адбіцца.
Пры кожнай школе пабудаванае саліднае футбольнае поле.
Побач з вакзалам усё раскапана. Тут Вадзім Тышкевіч рэалізуе даўняе абяцаньне жыхарам гораду — басэйн за 6 млн даляраў.
Прамысловая зона пачынаецца ад кальца зь дзіўнай назвай Gedia. Мэр тлумачыць, што гэта назва аднаго з найстарэйшых інвэстараў гораду, які прыйшоў у Новую Суль у самы цяжкі час. Сёньня кампанія дае працу 1700 асобам.
Уздоўж дарогі ідуць роварныя сьцежкі і ходнікі. Кожныя некалькі хвілінаў мы абганяем раварыста, бегуна або хадакоў з кіямі для Nordic walking.
— Раней тут былі лугі з каровамі, а цяпер 100 гектараў фабрык. Аўтапрамысловасьць займае найбольшую плошчу. Але мы маем таксама адну з самых сучасных у Эўропе гутаў алюмінію. У нашай зоне робяць мэблю, упакоўкі, прадукты харчаваньня, касмэтыку, прамысловыя рухавікі.
Пасьля нашага інтэрвію я пераправерыў назвы кампаніяў, якія пабачыў у Новай Сулі. Гэта швэйцарскія, японскія, брытанскія, нямецкія, бэльгійскія інвэстары. Адна брытанская фірма робіць у горадзе азіяцкае харчаваньне для свайго рынку.
Мінаем тэхналягічны парк плошчаю 4 тыс. кв. мэтраў. Палову неабходных сродкаў на яго будаўніцтва даў Эўразьвяз. У парку працуюць кампаніі, якія падтрымліваюць прамысловасьць, частка зь іх стартапы. Для рабочых тут ёсьць нават свой мэдычны цэнтар. Сёньня парк належыць гораду, але як сапраўдны лібэрал Вадзім Тышкевіч ужо плянуе прадаць яго прыватніку.
— Як толькі я сплачу крэдыт за яго, то прадам. Горад на гэтым у чарговы раз заробіць. Ужо сёньня гэты парк каштуе 6 млн даляраў. Дзякуючы гэтаму мы атрымаем сродкі на нашыя чарговыя праекты, а людзі і так там будуць працаваць далей, проста зь іншым уласьнікам. Дарэчы, а вось нашая цалкам новая паліцэйская ўправа.
Пярэчу мэру, што практычна ўсё зроблена за грошы Эўразьвязу.
— Ніхто гэтых грошай проста так ня дасьць, патрэбны праект і ўласны грашовы ўклад. Такое ўдаецца далёка ня кожнаму. Але мы пра гэта яшчэ пагаворым.
Рэцэпт посьпеху ад аднаго з найлепшым польскіх мэраў
За паўгадзіны да цягніка мы ўсё ж пасьпяваем заскочыць у ратушу. Вадзім Тышкевіч паказвае свае ўзнагароды. Самая сьвежая — Прэмія «Ікона самакіраваньня» ад Польскага кангрэсу прадпрымальніцтва. За тыдзень да гэтага была ўзнагарода «Чалавек году» ад Smart City Forum у Варшаве, а яшчэ раней званьне «Чалавек году» ад часопісу Forbes. Двойчы Вадзім Тышкевіч займаў другое і трэцяе месца ў рэйтынгу польскіх мэраў часопісу Newsweek. Дзьве сьцяны ягонага кабінэту ва ўзнагародах. Ёсьць нават мэдаль ад паліцыі за затрыманьне п’янага кіроўцы, які зьбіў на сьмерць чалавека.
Цікаўлюся ў Вадзіма Тышкевіча сакрэтам пасьпяховасьці. Бо прамысловую зону можа, па-сутнасьці, стварыць кожны горад, прадаўшы інвэстару кавалак зямлі.
Мэр тлумачыць, што любы інвэстар, які хоча ўкласьці грошы ў Эўропе, выбірае 3 краіны і 50 месцаў. Туды ў выведку едуць прадстаўнікі кампаніі і ў выніку застаецца 20 лякалізацыяй. Потым прыяжджае другая група прадстаўнікоў і з 20 застаецца 5 месцаў. Самае галоўнае, кажа, Тышкевіч, трапіць у першую 50-ку. Дык яму гэта ўдаецца? Тышкевіч падыходзіць да мапы на сьцяне.
— Вось тут вы бачыце нашую новую паўднёвую прамысловую зону. Тут будуюцца фабрыкі. Я мог бы быць звычайным адміністратарам, які толькі падпісвае паперкі. Але калі я хачу быць пасьпяховым, то я мушу быць мэнэджэрам. У нас, напрыклад, ёсьць 100 гектараў неўжыванай зямлі: лес, поле, лугі. Я іду ў банк. Бяру крэдыт, напрыклад 6 млн. злотых і купляю за іх гэтую зямлю. Бо яна не належыць гораду, яе ўласьнік дзяржаўная казна або прыватная асоба. Дзякуючы крэдыту з банку я магу падаваць заявы на конкурсы датацыяў ЭЗ. Бо проста так ніхто грошай ня дасьць. Потым я будую дарогі, рыхтую зямлю для інвэстара. Прыходзіць першы інвэстар і купляе ў нас кавалак зямлі. Другі, трэці. Дзякуючы гэтым грашам я магу вярнуць банку крэдыт. Кожны чарговы інвэстар — гэта ўжо заробак чыстых грошай, бо ён плоціць падаткі.
Тышкевіч прызнаецца, што кожны такі праект гэта заўсёды рызыка. У Польшчы ёсьць шмат зонаў, дзе нічога не адбываецца. Яго сакрэт у тым, што дзякуючы стварэньню інфраструктуры за крэдыт з банку, зямля для інвэстара робіцца больш прывабнай. І гэта менавіта тая прычына, чаму інвэстар абірае Нову Суль. Апрача таго, пасьля будаўніцтва там дарог, цана на зямлю аўтаматычна расьце. То бок горад зарабляе на крэдыце яшчэ да таго, як інвэстар пачынае плаціць падатак.
— Першы год фірмы працуюць без падатку. Але проста вызваліць ад падатку — не мастацтва, бо сёньня так робяць усе. Першы год я гэта раблю без умоваў. А потым велічыня падатку залежыць ад колькасьці месцаў працы, якія стварае інвэстар і плошчы фірмы. Пасьля году кампанія плоціць па 50-60%, а праз 5 гадоў цалкам. Лепш мець гэты падатак праз 5 гадоў, чым ня мець увогуле.
Ня раз паляваньне на інвэстара заканчвалася паразай за крок да падпісаньня кантракту. Часам, як кажа Тышкевіч, даводзіцца абслугоўваць 10 інвэстараў, каб мог застацца адзін. Мэр сам вядзе зь імі перамовы, сам робіць прэзэнтацыі.
— Калі інвэстары бачаць, што сам мэр настолькі ангажуецца, то гэта ўплывае на іх выбар. Клімат для бізнэсу вельмі важны. Калі да нас прыяжджалі японскія інвэстары, то мы нават мэню ў рэстаране пераклалі на японскую мову. Для нас важная кожная дэталь, бо мы разумеем, што ад гэтых грошай залежыць рэалізацыя нашых мараў.
Адна з гэтых мараў ужо рэалізуецца, гэта новы басэйн. Падаткі з трох фірмаў цалкам аплоцяць гораду яго будаўніцтва і ўтрыманьне. Доўгае чаканьне басэйну было адной зь нямногіх рэчаў за якія жыхары гораду крытыкавалі мэра.
— Я тлумачыў, што мы ня можам браць лішніх пазыкаў, што мы пабудуем яго толькі тады, калі будзем мець грошы. Мне даводзілася нават рабіць відэаблогі для сацыяльных сетак, каб гэта тлумачыць. І вось, калі ласка, неўзабаве ў нас будзе басэйн безь ніякіх крэдытаў. Кіраваньне горадам — гэта як кіраваньне фірмай. Я перанёс многія бізнэс-мэханізмы на функцыянаваньне гораду.
Але гэты мэханізм быў бы немагчымы без сыстэмы мясцовага самакіраваньня, лічыць Вадзім Тышкевіч. Рэформу мясцовых уладаў ён лічыць самым вялікім посьпехам Польшчы пасьля падзеньня камунізму ў 1989 годзе. Яе сутнасьць простая — мясцовыя ўлады выбіраюцца людзьмі, і ад іх працы залежыць велічыня мясцовага бюджэту і выдаткі на канкрэтныя праекты. Мясцовая ўлада падпарадкоўваецца не ўраду ў Варшаве, а выбарцам.
Падказка беларусам
— Мясцовае самакіраваньне — гэта прыкмета заходняй цывілізацыі. Беларусь, у гэтым сэнсе, адносіцца, на жаль, да ўсходняй цывілізацыі. Два гады таму я быў у Рэчыцы, гасьцяваў у сваёй сястры. Я бачыў на ўласныя вочы, як усё гэта дзейнічае. Калі я перастаў займацца бізнэсам і стаў мэрам, то мая матэрыяльная пазыцыя пагоршылася. А ў Беларусі ўсё наадварот. Калі нейкі чалавек становіцца чыноўнікам, то ён раптоўна пачынае багацець. Дом мэру горада будуюць рабочыя дзяржаўнага прадпрыемства зь дзяржаўных матэрыялаў. Калі б я рабіў такое тут, то мяне б людзі за гэта вывезьлі з ратушы на тачцы.
Паводле Тышкевіча, Украіне, каб дагнаць Польшчу, трэба пару дзясяткаў гадоў, а Беларусі больш. Прычына, на яго думку, у тым, што ў Беларусі амаль усё дзяржаўнае і няма рэальнай мясцовай улады, якую б выбіралі грамадзяне.
— У Польшчы і ў Беларусі зусім розныя мэханізмы. У Польшчы людзі самі выбіраюць і самі вырашаюць свой лёс. Самакіраваньне — гэта аснова дзяржавы. Калі нехта вам скажа, што разьвіцьцё Польшчы зьвязанае з палітыкай ураду, то ня верце гэтаму. Гэта заслуга мясцовага самакіраваньня. Інвэстары ў нашым горадзе, якія ствараюць працоўныя месцы, і дзякуючы якім мы зьмянілі воблік гораду, ня маюць ніякага дачыненьня да ўраду. Гэта мы зь імі дамаўляемся, а не палітыкі ў Варшаве.
Палітыкаў у Варшаве, асабліва ўрад і кіроўную партыю Права і Справядлівасьць, Вадзім Тышкевіч крытыкуе пры кожнай магчымасьці. І штодзённа на сваім Фэйсбуку, і ў размове са мною.
— Слабым трэба памагаць, але дапамагаць праз працу, а не раздаваньне сацыяльнай дапамогі. Павінна існаваць эканамічная канкурэнцыя, каб людзі імкнуліся рабіць сваю працу як мага лепш. Я крытыкую ўладу, бо жыву ў дэмакратычнай краіне. Улада нічога мне за гэта ня можа зрабіць, бо гэта не яна мяне выбірае. Таму я жадаю беларусам перамагчы дыктатару і стварыць самакіраваньне па польскім узоры. Уладу павінны выбіраць людзі, і людзі павінны вырашаць яе лёс. Калі ўлада захоча неяк пакараць наш горад, то мы іх ужо не баімся. Ім нічога ня ўдасца, бо ў нас ужо амаль усё ёсьць.
Праз 30 хвілінаў я вяртаюся цягніком ва Ўроцлаў. Званок. «— Вітаю, пана. Гэта Тышкевіч. Як там дарога? Цягнік не спазьняецца. Пішыце, калі нешта станецца ў дарозе і вы не пасьпееце». Я разумею, што прычына посьпеху мэра Новай Сулі ня толькі ў тым, што ён умее рабіць прэзэнтацыі для інвэстараў.
Дзьмітры Гурневіч, «Радыё Свабода»