Вось яно самае беларускае злачынства!
Першы намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама цэлую аперацыю арганізаваў, каб скрасці… Не, не карціну “Мона Ліза”. І не адноўлены крыж Еўфрасінні Полацкай. І нават не залаты запас Беларусі. Першы намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама цэлую аперацыю арганізаваў, каб скрасці бычка.
Вось яно самае беларускае злачынства! Як гэта яшчэ мех бульбы там не фігуруе. Вяртаючыся да гісторыі з ушацкім чыноўнікам. Для таго, каб скрасці бычка па загадзе чыноўніка, давялося набыць вакцыну для ўсыплення.
Пасля таго, як жывёлу ўсыпілі, бычка даставілі на прыватную фермерскую гаспадарку. У спецаперацыі па скраданні бычка ўдзельнічалі і іншыя супрацоўнікі сельгаспрадпрыемства. А менавіта: загадчыца фермы, якая падбірала бычка, ветэрынар, які ўсыпляў жывёлу, і кіроўца, які адвозіў тавар у патрэбнае месца.
Інтэрнэт-карыстальнікі з гэтай нагоды пажартавалі, што пасля такой спец-аперацыі ў ГРУ трэба было браць на працу першага намесніка Ушацкага райвыканкама са сваёй камандай, бо яны дакладна справіліся б са справай Скрыпаля.
Іншыя інтэрнаўты здзіўляюцца: для чаго такія складанасці, каб усыпіць бычка. На што іншыя адказваюць: каб не распавёў, хто яго скраў, і не знайшоў дарогу назад. Самае цікавае, што фінансавая міліцыя шукае яшчэ 70 галоў быдла, якія зніклі з гэтага ж сельгаспрадпрыемства. Уяўляеце: не два, не тры, і нават не 10. А семдзесят. То бок цэлы статак знік. Проста гісторыя для газеты “Сенсацыя”. Там бы дакладна напісалі, што 70 галоў быдла скралі іншапланетнікі, ці яны зніклі ў якім-небудзь бермудскім трохвугольніку, які з’явіўся на Ушаччыне.
Юлія Сівец, «Радыё Рацыя»