Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Тадэвуш Кандрусевіч: Мяне ўразілі беларусы на сустрэчы з Папам у Літве

07.10.2018 общество
Тадэвуш Кандрусевіч: Мяне ўразілі беларусы на сустрэчы з Папам у Літве

Моладзь у Беларусі прагне Бога.

У каментарыі для польскай рэдакцыі Vatican News беларускі іерарх Тадэвуш Кандрусевіч расказаў пра першыя абмеркаванні на Сінодзе і пра тое, як Сінод можа памагчы каталіцкай моладзі ў Беларусі.

«Пачну крыху з гумару. Тут ёсць ліфт, але карыстаемся лесвіцай, бо мы маладыя (смяецца), бо гэта Сінод пра моладзь.

Святы Айцец у гаміліі на адкрыццё Сіноду выразна заклікаў біскупаў, каб зламалі тыя бар’еры, якія, магчыма, раздзяляюць Касцёл, аддзяляюць нас, біскупаў, духоўных асобаў, ад маладых людзей.

Моладзь — важная частка Касцёла, і яна мае права быць выслуханай. Перадусім мы павінны слухаць яе, каб не пайсці за стэрэатыпамі.

У бальніцы доктар, каб вылечыць хваробу, павінен спачатку пачуць, што непакоіць чалавека. Таксама і тут. Трэба паслухаць маладога чалавека: чым ён жыве, якая яго ўнутраная сітуацыя. Сёння моладзь жыве ў сваім свеце: адзін цікавіцца спортам, другі — тэатрам, а трэці — наркотыкамі... Трэба быць з моладдзю, каб адчуваць яе жыццё.

Біскупы з усяго свету расказвалі пра сітуацыю, у якой знаходзіцца моладзь у іх краінах. Вядома, яна вельмі розная ў залежнасці ад кантынента, эканамічнай, палітычнай і рэлігійнай сітуацыі ў свеце.

Моладзь у Беларусі прагне Бога

У некаторых краінах працэнт dominicantes (тых, хто ходзіць у касцёл), вельмі вялікі, у іншых вельмі малы. Мы засяроджваліся над прычынамі, каб зразумець, чаму так адбываецца. Указвалася таксама, што зноў вяртаецца праблема адносін навукі і веры.

У гэтай справе патрэбная новая катэхізацыя і новая евангелізацыя. Яшчэ св. Ян Павел ІІ казаў, што гэта два крылы, на якіх чалавек падымаецца ў пазнанні праўды.

Моладзь у Беларусі хоча не толькі таго, каб Касцёл быў зручным месцам для ўсіх, ёй недастаткова толькі такога гарызантальнага вымярэння, ёй патрэбна таксама вымярэнне вертыкальнае: суаднесенасць з Богам.

Мяне ўразілі беларусы на сустрэчы з Папам у Літве. Нас было па-над дзве тысячы чалавек, большая палова з якіх – моладзь. Але большасць абрала Каўнас, а не Вільню. Чаму? Таму што ў Вільні не было Імшы.

Эўхарыстыя для нас вельмі важная. Езус казаў: „Без Мяне нічога не зможаце зрабіць“. Так і ў фармацыі моладзі патрэбна дапамога Бога.

Я задаволены нашай моладдзю. Яна прагне Бога, актыўна ўдзельнічае ў пілігрымках. З іншага боку ёсць і цяжкасці. У нас мала святароў, мала касцёлаў. Няма дзе займацца душпастырствам моладзі. Але недахопу ініцыятыў няма.

Ведаю, што нам не пазбегнуць цяжкасцей, але хочацца, каб гэты Сінод ідэнтыфікаваў душпастырства моладзі. Хваля секулярызму, як вулканічная лава, знішчае ўсё. Трэба гэтаму супрацьстаяць».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]