Народныя грошы выдаткоўваюцца толькі для тактычнага «захоўвання на плыву».
Разам з раднёю пабыў у мясцінах свайго маленства і юнацтва. Завітаў у Слабаду, дзе нарадзіўся, памаўчаў ля ўрослай у дол бабулінай хаты ў Хоціне, пастаяў у Галях, у якіх упершыню сеў за парту, палюбаваўся з маста любімай Заходняй Дзвіною ў Вуле, пакланіўся магілам мамы і таты ў Глыбачцы.
Паклікалі мяне не «год малой радзімы», не каманда зверху, а душа і сэрца, бо яны гэта робяць пастаянна. Наш шлях пралёг па Ушацкім і Бешанковіцкім раёнах, да якіх цяпер належаць пералічаныя населеныя пункты. Бацька працаваў дырэктарам школ — толькі пабудуе адну, як пераводзяць у іншае месца, каб на пасляваенных папялішчах і там паўстала навучальная ўстанова. Разам з ім вандравала сям’я, у якой падрастала пяцёра дзяцей.
Выдатнейшы паэт Беларусі, зямляк і сябра Рыгор Барадулін у прадмове да маёй кнігі «Прысак часу» жартам напісаў: «Часта змяняўся адміністрацыйны падзел на карце Віцебшчыны. І ў выніку тры раёны спрачаліся, як за Гамера некалі гарады, за паэта — Бешанковіцкі, Вульскі, Ушацкі, бо вёска Слабада якраз на мяжы раёнаў. А перамог Ушацкі раён, Ушаччына стала роднай хатай першых і сталых вершаў паэта».
Рыгор — чараўнік роднай мовы, дасціпны фанат Ушаччыны — не мог не напісаць такіх вясёлых слоў. Але я ўдзячны кожнаму кутку віцебскай зямлі, які калісьці прытуляў нас, звёў з добрымі людзьмі…
Вандроўка падарыла невыказную радасць, светлы сум і трывогу. Мне вельмі шкада старых людзей у глухіх вёсках, якія пазбаўлены медыцынскіх устаноў, гандлёвых кропак. А на першы погляд — усё як быццам не так і кепска. Наўзбоч дарог ідзе доўгачаканае змаганне з лютым ворагам вяскоўцаў — невыводным баршчэўнікам, на палях заканчваюць уборку збожжа камбайны, нарыхтоўваецца кукурузны сілас.
Глыбінны край дыхае спакоем, цёплай цішынёю, упэўненасцю ў сабе. Шчодры на яблыкі год па-мастакоўску хораша ўпрыгожыў яго яркімі фарбамі. Вока цешаць не толькі гаспадарскія сады. Паміж вёсачак ля шляхоў стаяць нічыйныя красуні-яблыні, якія таксама прапануюць спелыя плады.
Бачна, што пад уплывам агульнага прагрэсу ў жывых вёсках расце культура быту. На звыклым фоне шэрага шыферу або замшэлай дранкі выбліскваюць стрэхі з металачарапіцы, ловяць тэлесігналы вялікага свету «талеркі», за акуратнымі платамі буяюць прыгожыя кветнікі.
У большасці хат, куды запрашалі і заходзіў, амаль няма затхласці, вечнага застарэлага духу бульбы-паранкі. Тут светла, чыста і ўтульна. У межах канкрэтнай заможнасці гаспадароў яны насычаны бытавой тэхнікай.
Але калі разглядаць развіццё вёскі маштабна і стратэгічна, то становіцца ясна, што яе асноўныя праблемы не вырашаюцца. Ад жанчын, што сядзелі на прызбе, пачуў слова, якое вынес у загаловак роздуму: «Цяпер, мужчынка, у нас хавас!»
Не адразу я зразумеў, што гаворка ідзе пра хаос. Ды рэчаіснасць сведчыць, што такімі тэрмінамі аперыруюць як палітыкі, эксперты, журналісты, так і простыя людзі, якія да канца не ўсведамляюць, што за імі стаіць. Занесенае з Грэцыі слова ў навуковым сэнсе азначае бясформенную сукупнасць матэрыі і прасторы, а ў бытавым — беспарадак, сумбур, бедлам. Пераробленае бабулькамі, яно загучала мякка, але не менш змрочна і грозна.
Хаос укручвае ў сваю арбіту як бытавыя дробязі, так і пытанні высокай палітыкі, прыводзіць да таго, што нават простыя праблемы не вырашаюцца. Напрыклад, марнуюцца тыя ж шчодрыя дары садоў. Яны спажываюцца ад сілы на 20 працэнтаў, бо яблыкі, грушы, слівы, якія, дарэчы, закупляюцца па смешным кошце, здаць амаль немагчыма, не наладжана іх перапрацоўка. Мясцовай садавіны мала на прылаўках цяпер, а зімою даводзіцца набываць імпартнае дарагое варэнне, павідла, джэмы.
Адштурхнуўшыся ад праблемы, што навідавоку, глянем глыбей. Пасля ўсталявання аўтарытарызму прыярытэтнымі галінамі ў нас сталі сельская гаспадарка і спорт, бо правіцель працаваў саўгасным дырэктарам і лічыць сябе вялікім спартсменам. Сюды ўбухваюцца каласальныя бюджэтныя сродкі.
На маю думку, народныя грошы выдаткоўваюцца толькі для тактычнага «захоўвання на плыву», хаатычна, неэфектыўна і не рашаюць стратэгічных задач. У вёсцы — гэта замацаванне маладых кадраў і атрыманне патрэбнай колькасці якаснай прадукцыі найменш затратнымі спосабамі, а ў спорце — прыцягненне здольнай моладзі, падтрымка айчынных школ у відах, якія прыносяць высокія вынікі. Пакуль што тут — адны «ўказілаўкі» і хістанні, скачкі з боку ў бок.
У кожнай краіне ёсць спецыфіка эканамічнага развіцця вёскі. На Захадзе таксама маюцца буйнатаварныя вытворцы, ды не яны дамінуюць. Няма там і аграгарадкоў, у якіх шмат людзей застаецца без працы. Еўропа зрабіла стаўку на сямейную гаспадарку, жыццё пацвердзіла правільнасць такога курсу. Гэта вырашае важныя задачы. Найпершыя з іх — захаванне ў вёсцы людскіх рэсурсаў, якасная і выніковая праца на зямлі, зберажэнне прыродных ландшафтаў.
Мне давялося жыць у вёсках Францыі, Швейцарыі, Германіі, Даніі, бачыць, як працуюць сем’і. Практычна ферма — гэта малое або сярэдняе таварнае сялянскае прадпрыемства. Дзяржава стварае ўмовы, каб зрабіць фермерскую дзейнасць прывабнай і камфортнай. У межах спецыяльных праграм даюцца беспрацэнтныя пазыкі, уведзены розныя льготы, прадукцыя, якая рэалізуецца без пасярэднікаў, не абкладаецца падаткам на дабаўленую вартасць. Для фермераў наладжана навучанне і перанавучанне. Спецыяльныя цэнтры забяспечваюць іх насеннем, дапамагаюць узнімаць узровень прадуктыўнасці жывёлы, праводзяць кансультацыі па любым пытанні.
Правы фермераў абараняюць прафсаюзы, гаспадаркі звязаны кааперацыяй, пастаўкай сваёй прадукцыі суседзям. Ствараецца таварыская, сумленная атмасфера, калі падмануць бліжняга — вялікі грэх.
У Францыі, якая з’яўляецца буйнейшым вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі ў Еўразвязе (23% ад агульнага аб’ёму), налічваецца 500 000 сямейных гаспадарак, у якіх 75% працы выконвае фермер і яго родзічы. Толькі адна ферма з дзесяці наймае працаўніка. У ФРГ, дзе 280 800 гаспадарак, адзін фермер корміць 155 чалавек. 100 000 фермаў Даніі могуць забяспечыць харчаваннем 15 мільёнаў чалавек, дзве трэці іх прадукцыі ідзе на экспарт.
Безумоўна, праблем хапае і ў еўрапейскай вёсцы, але яна вырашае іх без крыку і мітусні, ва ўсякім разе арганізацыйнага «хавасу» і «бітвы за ўраджай» там няма...
Стоячы на вуліцах родных вёсак, на беразе Заходняй Дзвіны, я не толькі ўспамінаў мінулае. Адсюль трывожна глядзець наперад. Аўтакраты ў Беларусі, Расіі і ў іншых краінах вышукваюць спосабы захавання абсалютнай улады, нагнятаюць «хавас», паводзяць сябе разбэшчана, разбураюць мараль, нішчаць будучыню народаў. У мутнай вадзе лягчэй лавіць «залатую рыбку» — бясконца сядзець на троне, прысабечваць грошы або захопліваць чужыя тэрыторыі. Карыстальнікі інтэрнэта пішуць: «Хаос в открытую (уже внутри страны) — как единственное решение задачи своего спасения».
Жарствою думкі зашуршаць, Пасыплюцца ў адным кірунку. Калі скалечана душа, Жыццю не будзе паратунку. Канца і краю не відаць Хістанням, Зменам недарэчным... І толькі мудрая вада Цячэ спакойна, Вольна, Вечна.
Мы не задумваемся над тым, куды рухаемся самі, куды ідзе чалавецтва. А дарма. Кропка незвароту набліжаецца, за ёй спыняць узброенае зло будзе позна.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com