Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Нашчадкі Дамейкі прыехалі ў Горадню

10.10.2018 общество
Нашчадкі Дамейкі прыехалі ў Горадню

Нашчадкі Ігната Дамейкі прайшліся па цэнтры Горадні падчас падарожжа па мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём свайго сваяка.

Эпатажны малады мужчына стаіць пасярэдзіне пешаходнай вуліцы Горадні і, паказваючы пальцам, па складах чытае надпіс на шыльдзе шапіка з газэтамі. Тонкія вусікі Сальвадора Далі, каляровыя паласатыя шкарпэткі з-пад караткаватых штаноў, жывая манера трымацца на людзях вылучае яго сярод мінакоў, пiша «Радыё Свабода».

«Мы з Аўстраліі, я Джэймс», — мужчына элегантна падае руку на прывітаньне.

Гэта нашчадкі Ігната Дамейкі — нацыянальнага героя Чылі, які паходзіць з Горадзеншчыны. Яны падарожнічаюць па месцах, зьвязаных зь іхнім знакамітым продкам. Вандроўнікаў чацьвёра: прапраўнучка Ігната Дамейкі — Пас, і маладзейшае пакаленьне: Джэймс, Нікаляс, Паўліна.

Яны ўжо пагасьцявалі ў Менску, Наваградку, а з Горадні накіраваліся ў Кракаў і Варшаву.

«Мы толькі некалькі гадзін у Горадні. І я спрабую дасьледаваць культуру, мову, спэцыфічную мясцовую прыроду», — кажа Джэймс Дамейка.

«Ён шалёны музыка. А я пісьменьніца, напісала кнігу пра жыцьцё майго продка Ігната Дамейкі», — дадае ягоная бабуля Пас.

Горадня ёй спадабалася.

«Мне падабаюцца вуліцы. Будынкі ня надта высокія, са сваім уласным стылем. Мне падабаецца брук на вуліцах. Гэта той тып гораду, у якім я б жыла. Але я ніколі ня буду тут жыць, бо ўжо занадта старая», — кажа Пас, якой 81 год.

Джэймс дадае, што яны будуць прыяжджаць у госьці. Ён таксама застаўся пад добрым уражаньнем ад старога гораду, эўрапейскай архітэктуры Горадні. Яму, як і бабулі, спадабалася брукаваная пешаходная вуліца «з атмасфэрай вёскі».

«Мы закахаліся ў Беларусь. Я палюбіла лес, паветра, людзей. Ня ведаю, можа, гэта ў маёй крыві», — прызналася Пас.

Яна адзначыла, што беларусы дужа адрозьніваюцца ад аўстралійцаў сваім захаваньнем традыцый.

У гэты час Джэймс здымае заплечнік і пачынае эфэктна пазіраваць перад фотаапаратам. Дэманструе кідкія шкарпэткі, паварочваецца то адным, то другім бокам.

«Джэймс — Сальвадор Далі ў тэатры ў Аўстраліі, адсюль гэтыя вусікі», — тлумачыць Пас.

Джэймс імкліва дастае тэлефон і з захапленьнем скроліць відэа, якія пасьпеў наздымаць у Беларусі: дом аднаго зь ягоных продкаў, прыроду з вакна цягніка, каляровыя восеньскія лісты, раўнінныя пэйзажы, забаўных коцікаў, якія ідуць да рук. Пасьля выцягвае з заплечніка альбом, у якім вучыцца амаль каліграфічна пісаць літары кірыліцай.

«Дзякую. Да пабачэньня», — з ангельскім акцэнтам, але па-беларуску разьвітваецца прапрапрапрапраўнук Ігната Дамейкі Джэймс.

Ігнат Дамейка нарадзіўся ў маёнтку Мядзьведка Наваградзкага раёну Горадзенскай губэрні. У 1830 годзе Дамейка быў абраны ў горадзенскі соймік. Ён удзельнік паўстаньня 1830-31 гадоў і славуты чылійскі навуковец. Яго імем названыя вульканічны ланцуг у Андах, мінэрал, кветка, горад, унівэрсытэт і нават плянэта. У Горадні ёсьць вуліца імя Ігната Дамейкі, але на самым ускрайку.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]