Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на гэтым тыдні адпальвае.
Не паспелі мы развітацца з анлайнавым сэкандхэндам, які збіраюцца забараніць, як міністэрства нас зноў агаломшыла. На іхнім сайце для грамадскага абмеркавання размясціўся праект указа Лукашэнка.
Калі гэтая геніяльная прапанова будзе прынятая, то машыну ў “камісіёнках” і “аўтахаусах” можна будзе набыць толькі па безнаяўным разліку. Пасля такіх новаўвядзенняў па забароне продажу патрыманай вопраткі праз інтэрнэт і ўвядзенні абавязковага безнаяўнага разліку пры набыцці аўто некаторыя застануцца і без вопраткі, і без патрыманых аўтамабіляў.
Як варта было чакаць, беларускія ўлады гавораць, што указ уводзіцца дзеля нас. Во, дзякуй! Толькі нам такі клопат, як той казаў, патрэбны, як сабаку другі хвост. Праз іхні клопат цяпер і патрыманыя порткі не набудзеш праз інтэрнэт, і з’явяцца складанасці пра набыцці патрыманага аўто.
Ініцыятарам з’яўлення дакумента сталі органы ўнутраных справаў. Маўляў, такім чынам сумленных грамадзян хочуць абараніць ад крымінальных продажаў. Нібыта ў апошні час выраслі вЫпадкі продажу аўтамабіляў з падробленымі дакументамі ці перабітымі нумарамі рухавікоў, альбо машыны, якія знаходзяцца ў вобшуку. І таму, відаць, атрымалася, як у турме: вінаваты хтосьці адзін, а адказваюць усе. Чаму б у міліцыі нельга было праверыць, ці скрадзенае аўто. Дык не, безнаяўны разлік уводзяць. Затое міліцыя пазбавіць сябе лішняй працы.
Юлія Сівец, «Радыё Рацыя»