Беларуская царква мела свой досьвед аўтакефаліі.
Сьвятар не зарэгістраванай у Менску Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч у інтэрвію «Радыё Свабода» вітаў навіны з Усясьветнага патрыярхату, які зрабіў чарговыя крокі да стварэньня самастойнай Украінскай праваслаўнай царквы.
Сынод Усясьветнага патрыярхату падчас сэсіі 9–11 кастрычніка ў Стамбуле вывеў Украінскую праваслаўную царкву з падпарадкаваньня маскоўскага патрыярхату і пацьвердзіў, што УПЦ будзе нададзеная аўтакефалія.
Томас украінскай царкве надасьць сіл беларускім прыхільнікам аўтакефаліі
«Канечне, трэба віншаваць украінскі народ і Ўкраінскую праваслаўную царкву з гэтым доўгачаканым паваротам да поўнай самастойнасьці. Больш за 300 год яны пакутавалі ад маскоўскіх цароў і імпэратараў, за савецкім, а цяпер і за пуцінскім часам, і вось сапраўды наблізіліся да аўтакефаліі», — кажа айцец Леанід Акаловіч.
Паводле сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, рашэньне, абвешчанае ў Стамбуле, надасьць сілы беларускім праваслаўным вернікам у змаганьні за сваю незалежнасьць ад Рускай праваслаўнай царквы.
«Тое, што завецца Беларускай праваслаўнай царквой, насамрэч ёсьць філіялам Маскоўскага патрыярхату, таму беларускім вернікам томас аб аўтакефаліі патрэбны гэтаксама, як і ўкраінскім. Мы толькі на пачатку гэтага шляху, можа яшчэ сто гадоў будзем па ім ісьці, але шлях вызначаны, ёсьць прыклад, і палёгка абавязкова будзе», — кажа айцец Леанід Акаловіч.
Беларуская царква мела свой досьвед аўтакефаліі
Сьвятар нагадаў, што ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя і ў часе Другой усясьветнай вайны Беларуская праваслаўная царква абвяшчала аўтакефалію, але ўтрымаць яе з розных прычын не ўдалося. На думку айца Леаніда, змаганьне за царкоўную аўтакефалію наўпрост зьвязанае са змаганьнем за сапраўдную дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.
«Быў час, калі беларускія праваслаўныя прыходы падпарадкоўваліся Кіеву, а не Маскве. Як пераходны крок гэта можна аднавіць, але галоўная мэта — дамагчыся самастойнай праваслаўнай царквы, якая, як іншыя памесныя цэрквы, будуе адносіны з Усясьветным патрыярхатам у Канстантынопалі. Але каб гэта ўдалося, патрэбная ня толькі падтрымка дзяржавы, якой у нас зусім няма, але і каб было больш прыходаў, каб да гэтага імкнулася больш вернікаў-ахвотнікаў. Патрэбна тое, што мае Ўкраіна, а мы толькі прыходзім да гэтага разуменьня. Але як будзе воля Божая, дык усё адбудзецца і ў нас», — спадзяецца айцец Леанід.
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква была зарэгістраваная ў 1922 годзе і афіцыйна дзейнічала ад 1927 году, а потым паступова перайшла ў падпольле, зазнала рэпрэсіі. Была адноўленая на тэрыторыі акупаванай Беларусі ў 1942 годзе і пасьля вызваленьня ад фашыстоўскіх захопнікаў зноў перайшла ў падпольле. У 90-х гадах мінулага стагодзьдзя ў Беларусі пачалі аднаўляцца прыходы БАПЦ. Адным зь першых зьявіўся прыход Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, у якім настаяцелем айцец Леанід.