У несвабодным грамадзтве пісьменьнік вымушаны быць больш чым пісьменьнікам.
Госьць «Радыё Свабода» — сёлетні ляўрэат літаратурнай прэміі імя Гедройця Ўладзімер Арлоў. Ён заяўляе, што ніколі ня ўдзельнічае ў дыскусіях наконт выбару, зробленага журы, лічыць, што ў несвабодным грамадзтве пісьменьнік вымушаны быць больш чым пісьменьнікам, і заяўляе, што раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — гэта беларуская «Вайна і мір».
Я прымаю выбар журы і ў дыскусіях ня ўдзельнічаю
— Уладзімер, перш за ўсё віншую вас з атрыманьнем прэміі Гедройця за кнігу «Танцы над горадам». Можа, для пачатку размовы вы б самі патлумачылі нашым чытачам, пра што гэтая кніга і чаму яе варта прачытаць?
— Лепш, каб я пра сваю кнігу казаў ня сам (гэта было б нясьціпла), а адказаў цытатамі з рэцэнзіі нашай славутай літаратуразнавіцы, доктара філялёгіі Ганны Кісьліцынай. Тым больш што тая рэцэнзія мела падзагаловак «Чаму варта пачытаць новую кнігу Ўладзімера Арлова» і зьявілася ў верасьні на tut.by. Ганна піша:
«Кніга „Танцы над горадам“ — эстэцкая па ўсіх парамэтрах.
Для тых, хто адчувае час і прастору як непаразуменьне і ўмоўнасьць. Для тых, хто шануе сэксуальныя фантазіі. Для тых, хто любіць нясьпешнае гурманскае чытаньне. Для тых, хто любіць таямніцы — свае і чужыя.
Ну і, вядома, для тых, хто не баіцца танчыць на дахах у цёплыя травеньскія вечары».
Я магу дадаць, што назву гэтай кнізе дала аповесьць «Танцы над горадам», героі якой — самнамбулы. Удзень яны не знаёмыя паміж сабой, а ўначы, калі танчаць, утвараюць сваё таемнае брацтва, якое, безумоўна, ня вечнае. І потым лёсы маіх танцораў складаюцца вельмі па-рознаму, некаторыя зь іх пачынаюць танчыць ужо на дахах гарадоў іншага сьвету.
— Як заўсёды, пасьля ўручэньня Гедройця хапае камэнтароў і дыскусіяў, асабліва ў сацыяльных сетках, што зноў кагосьці абышлі. На гэты раз, улічваючы ваш аўтарытэт, мала хто ставіць пад сумнеў вашу перамогу, мала хто піша, што «зноў далі не таму». Але, тым ня менш, многія лічаць, што і іншыя заслугоўвалі перамогі. Як вы ставіцеся да такіх дыскусіяў? Яны вас чапляюць, кранаюць?
— Я прымаю выбар журы і ў такіх дыскусіях ня ўдзельнічаю. Сёлета была асабліва вострая канкурэнцыя — паверце мне як сябру журы прэміі Гедройця мінулых гадоў. Дарэчы, ніколі выбар журы ўсіх не задавальняў.
— Ці маеце вы сваю герархію ў сучаснай беларускай літаратуры? Хто ў ёй стаіць вышэй — у каго большыя наклады ці ў каго больш прэміяў, замежных перакладаў? Каго вы любіце і чытаеце, каго лічыце вартымі прачытаньня?
— Я хачу сказаць найперш, што лічу надзвычай цікавымі, таленавітымі і вартымі пісьменьнікамі ўсіх сёлетніх фігурантаў кароткага сьпісу прэміі Гедройця, таксама ўсіх ляўрэатаў мінулых гадоў. Мой сьпіс усіх, каго я люблю і чытаю, можа атрымацца занадта доўгі.
«Каласы пад сярпом тваім» — гэта беларуская «Вайна і мір»
— Вы неяк пісалі, што Беларусь пачалі адкрываць для сябе з Караткевіча. Я памятаю, як у канцы 80-х васьмітомнік Караткевіча на беларускай мове выйшаў накладам 70 тысяч асобнікаў. Ці можа сёньня пісьменьнік быць такім валадаром думак, як былі Караткевіч і Быкаў?
— Час зьмяніўся. Перада мной два тамы новага, 25-томнага збору твораў Караткевіча, у якіх зьмешчаны раман «Каласы пад сярпом тваім». (Зраблю тут невялікае адступленьне. Мы часам чуем з вуснаў вядомага ўсім «літаратуразнаўцы» — «Дайце мне „Вайну і мір“ беларускую». Вось, калі ласка, вазьміце гэты том і пачытайце. «Каласы» — гэта наша «Вайна і мір». Дык вось, сёмы том — якім, вы думаеце, накладам ён выйшаў? 2 тысячы асобнікаў. Іншыя тамы выйшлі накладам тысяча асобнікаў.
Магу ўзгадаць, што мая кніга гістарычнай прозы, «Міласьць князя Гераніма», выпушчаная ў 1993 годзе, мела наклад 40 тысяч асобнікаў.
У нашым несвабодным грамадзтве пісьменьнік вымушаны заставацца «больш чым пісьменьнікам». Калі адбываецца сустрэча з чытачамі, гучаць пытаньні ня столькі пра літаратуру, як пра сучасную сытуацыю ў краіне, стан мовы, гістарычнай памяці, падручнікі, школьныя праграмы. Я разумею, што пісьменьнік сёньня — не валадар думак, але ад яго чакаюць ня толькі кніг, але і адказаў на грамадзка-палітычныя пытаньні.
Я папрасіў падняць руку таго, хто ведае, што такое «скарб». Паднялося 5 рук
— Вы разам зь мінулагоднім ляўрэатам Гедройця Зьмітром Бартосікам абʼезьдзілі ўсю Беларусь зь лекцыямі і выступамі. Часам людзі скардзяцца, што дзеці цяпер не разумеюць беларускую мову, ня хочуць чытаць. А вашы ўражаньні ад гэтых сустрэчаў?
— Пра гэтыя сустрэчы я, магчыма, калі-небудзь напішу цэлую кнігу. У пэўным сэнсе такой кнігай ужо зьяўляецца мая кніга «Пакуль ляціць страла. Сто пытаньняў пісьменьніку», дзе я адказваю на самыя розныя пытаньні чытачоў.
Наконт таго, што дзеці не разумеюць беларускай мовы. Я ўзгадаю выступ у адной зь менскіх школаў, гэта была сёмая кляса. Я звычайна больш люблю сустракацца са старэйшымі клясамі, гэта мая аўдыторыя. Але выйшла мая кніга «Айчына», якая адрасаваная дзецям і падлеткам. І вось калі я выступаў, то гаварыў, як мы, полацкія хлапчукі, шукалі старажытныя скарбы. І я бачыў, што мяне большасьць не разумее. Я папрасіў падняць руку таго, хто ведае, што такое «скарб». Паднялося 5 рук. Я тады спрабаваў патлумачыць ім тое, што галоўны скарб для нас — гэта наша беларуская мова. Што мова бароніць межы дзяржавы лепш за любую армію.
— Вы паводле адукацыі гісторык, а гісторыкі, магчыма, трошкі па-іншаму глядзяць на падзеі, бо яны ведаюць, што «ўсё ўжо было». Звычайныя людзі не заўсёды могуць глядзець на час, у якім яны жывуць, з гледзішча вечнасьці. А як вы гледзіце з пункту гледжаньня гісторыі на наш час?
— Гісторыя, адрозна ад эканомікі, ня можа даваць дакладных прагнозаў, яна не прадказвае будучыні. Але веданьне гісторыі дае чалавеку шырыню сьветабачаньня, сьветаразуменьня і сьветаўяўленьня. І веданьне гісторыі, у прыватнасьці нашай, айчыннай, сьведчыць, што наша цяперашняя беларуская сытуацыя ня ёсьць нейкай непазьбежнай і бязвыйсьцевай, што перад намі могуць адкрыцца зусім іншыя шляхі.
У мяне зараз на стале ляжыць кніга «Кароткая гісторыя чалавецтва» Юваля Ноя Харары. У яго цэлы разьдзел там ёсьць «Сьляпая Кліо» (нагадаю, Кліо — муза гісторыі).
— Вы даволі шмат пісалі ў сваіх творах пра пэўныя свае біяграфічныя факты. Ці задумваліся вы пра пытаньні выпадковасьці і заканамернасьці ў сваім лёсе?
— Я тут узгадваю аднаго з улюбёных сваіх аўтараў — Мілана Кундэру, які казаў калісьці, што гісторыя безаблічная і няўцямная. Адзін з герояў маёй кнігі балядаў «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань» разважае, што гісторыя сапраўды забаўляецца непрадказальнымі сюжэтамі, што яна нястомна хлусіць, зьневажае, зьдзекуецца, часам жартуе. Заходзіцца ад рогату.
Я б сказаў, што гэта сказана і пра маю асабістую гісторыю. А наконт пытаньняў выпадковасьці і заканамернасьці ў маім лёсе — я думаю, што маё нараджэньне ў Полацку ў радзільні насупраць Сафійскага сабору запраграмавала мой лёс і маю справу жыцьця.
Атрымаўшы прэмію Гедройця, я быў удзячны маім дарагім танцорам і танцоркам і Полацку, дзе мы пачалі танчыць. Полацку, дзе мая альфа і амэга.