Не ўсё яшчэ сказана, напісана пра Палуту Бадунову - першую сучасную беларуску высокага палітычнага ўзроўню.
Першую народную сакратарку-міністарку. Адну з першых рэспубліканак. Першую незалежніцу.
У адвечным станаўленні, самапаляпшэнні, пошуку і сумненнях, Палута Бадунова — кабета, якая сталася піянеркай у асваенні беларускай публічнай незалежнай прасторы. Калі і сёння нас здзіўляе факт, што ў беларускай палітыцы не жаночае аблічча, дык сто гадоў таму кабетаў у нашай палітыцы не было зусім… за адным выняткам. Кажучы сучаснай мовай, яна распачала нашу сучасную гендарную палітычную гісторыю.
Дысідэнтка, апазіцыянерка, урэшце, рэпрэсаваная, яна пакінула шмат пытанняў, зачэпак з боку калегаў, а таксама з боку гісторыкаў. Яна пакінула да сёння і адзін сюрпрыз у выглядзе сшытку аповедаў, якія ніколі не друкаваліся: успрымаліся як малавартасныя, як спроба пяра. Да ўсяго яна — першая і адзіная ў сузор’і БНР, стагоддзе якога мы адзначаем сёлета.
Да стагоддзя БНР выдалі шмат кніг, але праз патрыярхальную нядбайнасць цалкам забылі Палуту Бадунову. Канешне, перавыдалі кнігу В. Лебядзевай, з’явіліся артыкулы пра Палуту ў незалежнай прэсе, але самі тэксты Палуты так і застаюцца ў друкапісу, у архівах і раскіданыя ў старой прэсе. Таму, акрамя аднаўлення важнай сімвалічна фемінісцкай спадчыны Бадуновай (першая міністарка Беларусі, адна з першых у свеце пасля Калантай), варта закрануць малавядомыя бакі творчасці дзяячкі — мастацкая літаратура, публіцыстыка, эпісталяршчына і пераклад.
Пісьменніца
Так, Палута Бадунова спрабавала стаць пісьменніцай — яна пакінула сшытак з аповедамі, напісанымі прыгожым настаўніцкім почыркам, якія датуюцца 1923-м годам. Маюцца на ўвазе тры аповеды: «Смяюцца… над сабою», «Думкі парабка» і «Смерць мачыхі». Усе тры не проста кур’ёзныя тэксты, а вартыя мастацкага — і нават палітычнага — аналізу, бо ілюструюць цэлую эпоху і станаўленне дзяячкі.
Важная і мова твораў, бо вядома, што паступова Палута Бадунова беларусізавалася і вылучала мову як важны элемент нацыі. Не адразу — праз адданасць сацыялізму перадусім — яна паставіла нацыю і мову на першае месца, тым не менш лісты, выказванні і цяпер яшчэ яе аповеды дэманструюць прынцыповы пераход аўтаркі на беларускую мову. Канешне, сучаснае чытацтва само павінна ацаніць яе не заўсёды роўныя тэксты. Але наперад дазволю пазначыць, што аповед «Смерць мачыхі» — гэта найлепшы тэкст цёткі Палуты. Эмацыйны, інтымны, гэта ў пэўнай ступені прыклад беларускага прыгожага і ў пэўнай ступені фемінісцкага пісьма.
Кавалак інтымнага дзённіка пра нешчаслівае каханне («Успаміны аб маім каханні») — гэта яшчэ адзін, няхай у моўным плане недасканалы тэкст, але ў плане мастацкім — ідэальны і смелы, на які ў беларускай прасторы не адважыўся ніводны мужчына-пісьменнік. Развагі пры гэтым не толькі лакальныя, інтымныя, яны скрыжоўваюцца з думкамі глабальнымі, турботамі пра лёс беларусаў, пра Беларусь. Яна не збаялася інтымнічаць, агаляцца і «апісваць тугу чалавечую» і «як можна кахаць да канца». У гэтых успамінах мы бачым рэальную Палуту Бадунову, якая смела адыходзіла ад свету ідэальнага, удала дэманструючы чалавечае і эмацыйнае ў палітыцы.
Не менш кур’ёзным з’яўляецца і яе адзіны вядомы дасюль верш, напісаны па-руску: «Белоруссия». Гарманічны, але і цалкам ідэалагічны — зноў жа ў ім уся цётка Палута: у адным вершы закадаваная цэлая эсэрская праграма і смелае крытычнае пасланне як у бок Польшчы, так і Расіі, а яшчэ і Літвы.
Перакладніца
Чытайце, дзеткі, чужыя казкі, дый не забывайцеся,
што ў вас ёсць і свае беларускія,
вельмі прыгожыя і вельмі цікаўныя.
Добры Карлік (1923).
Цікавая іншая яе іпастась — перакладніца. Як настаўніца, Палута Бадунова цудоўна разумела важнасць слова ў справе беларусізацыі, важнасць беларускага слова ў школках. Важнасць уласнай літаратуры і перакладу. А таму яна ўзялася за пераклад казак. Так, у 1923 годзе ў віленскім выдавецтве Б. А. Клецкіна з’явіліся «Ірландскія народныя казкі» ў перакладзе Добрага Карліка (псеўданім Бадуновай). І хоць перакладзеныя яны былі не з ірландскай і не з англійскай, а з рускай мовы, тым не менш, гэта істотна дапамагала ў пытанні беларусізацыі.
Казкі выйшлі лацініцай і кірыліцай і карысталіся моцным попытам, як сведчаць адгалоскі ў тагачаснай прэсе (напрыклад, веснавыя нумары «Голасу Беларуса» за 1924 год). Дый цікавая сама прадмова перакладніцы: у ёй уся Палута Бадунова — павучальная і нацыяцэнтрычная настаўніца. Падаецца, цётка Палута працягнула лінію, пачатую першай беларускай Цёткай (Алаізай Пашкевіч). Сёння ж, падаецца, гэтая лінія па развіцці дзіцячай літаратуры па-беларуску ў незалежнай Беларусі ўспрымаецца так жа скептычна, як і за царскім часам.
Публіцыстка
Іпастась публіцысткі, трыбункі дасюль застаецца найменш вывучанай спадчынай Бадуновай: многія нумары старой прэсы, дзе яна друкавалася, цяжка даступныя. Аднак якраз у артыкулах мы адкрываем сапраўдную палітычную дзяячку. З улікам таго, што яна не пакінула асобных палітычных тэкстаў, яе артыкулы («Радавы строй і яго значэнне для Беларусі», «Што лепей?», «Беларусь як гасударства») замяняюць іх і дазваляюць да ўсяго ацаніць яе палітычную эвалюцыю.
Эпісталярніца
Лісты Палуты Бадуновай спаткаў лепшы лёс — яны ўзгадваліся, друкаваліся ў розных кнігах (у шматстаронкавых «Архівах БНР», у «Падарожжы ў БНР» Сяргея Шупы, «Выбраным» Тамаша Грыба ці ў вядомай кнізе Валянціны Лебядзевай «Пуцявінамі змаганняў і пакутаў»), артыкулах («Любоў як рэвалюцыя ці “незважаючы на Грамшы” Палуты Бадуновай» Алены Гапавай), аднак вельмі частка менавіта ў лістах выкрываюцца і знаходзяцца спецыялістамі «жаночыя слабасці» дзяячкі. Наколькі суб’ектыўныя і інтымныя самі лісты, настолькі ж суб’ектыўныя сучасныя каментары і выкарыстанні яе лістоў. Пры гэтым у трактаванні эпісталяршчыны першай міністаркі выразна прысутнічае мізагінная прызма ці прызма патрыярхальная: многія чапляюцца да яе жаноцкасці, эмацыйнасці, закаханасці (напрыклад, у маладзейшага па гадах Тамаша Грыба), а яшчэ да часам слабай моўнай беларушчыны, як да слабасці.
Удалыя ці няшчасныя закаханасці мужчынаў-калегаў мала цікавілі ці ўражвалі, а вось каханні кабеты высокага палітычнага калібру былі і застаюцца пад пільным інтарэсам грамадства. Што да беларушчыны, то многія яе сучаснікі мужчынскага полу таксама слаба валодалі беларускай мовай, пісалі і выступалі па-руску, аднак чамусьці асаблівай зачэпкі заслужыла ў гэтым пытанні Палута Бадунова і яе «недасканалая беларуская мова». Зноў крайняя? Зноў адзіная вінаватая? У той (дый цяперашні) час вялізная частка публічных асобаў Беларусі выступалі па-руску: чаму гэта нікога не здзіўляе?
А яшчэ часцей, канешне, яе лісты проста замоўчваюцца, аніяк не прыгадваюцца, не аналізуюцца. Як не называецца, не аналізуецца паўнавартасна ўся складаная і цікавая спадчына цёткі Палуты.
Адзінае, у чым згодныя ўсе: яна — першая беларуская міністарка, першая рэспубліканка-незалежніца, якая смела даводзіла права беларусаў на незалежнасць і ўласную рэспубліку (не манархію). Палута Бадунова паказала шлях іншым і зрабіла звыклай для нас прысутнасць жанчыны ў палітыцы.
У лістападзе 2018 года ў Вільні нарэшце з’явіцца маленькі зборнік яе твораў, каб стрымана, але сімвалічна важна і паўнавартасна адзначыць стагоддзе БНР, беларускай дзяржаўнасці, створанай няўрымслівымі, смелымі і апантанымі мужчынамі і жанчынамі.
Уладзіслаў Гарбацкi, «Новы час»