Гарадзенскія ўлавды няведаюць, як паўздейнічаць на музыку і журналіста.
Адміністрацыйную справу пачала гарадзенская міліцыя супраць сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, музыкі Алеся Дзянісава, перадае racyja.com.
Па пошце ён атрымаў копію пратакола, дзе яго ўведамляюць, што ён парушыў артыкул 17.11 частка 2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (выраб і/або распаўсюджванне, а таксама захоўванне з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства).
Алесь Дзянісаў вось так каментуе дасланы яму пратакол:
– Не, гэта не крымінальная справа, хоць, па шчырасці, я не разумеў раней, бо з-за гэтых званкоў было няясна, што там і як, якую справу завялі. Маёй дачцэ падалося, што сказалі пра крымінальную справу, але самі ведаеце, калі дзіцё і не ўсё зразумела. Але зараз мы ведаем, што справа адміністрацыйная: распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі. Я зрабіў перапост са старонкі анархістаў у ВК.
Зараз гэтая старонка ў сацыяльнай сетцы, адкуль рабіў перапост Алесь Дзянісаў, заблакаваная і праверыць гэта немагчыма.
Таму напрошваецца пытанне: па якім фізічна існуючым факце супраць Алеся Дзянісава цяпер вядзецца справа?
Журналіст і музыка, здаецца, ведае адказ. – Можа быць, справа яшчэ трошкі развальваецца. І яны вырашылі завесці яшчэ адну. І каб апаратуру, якую трымаюць ужо трэці месяц, неяк канфіскаваць, больш-менш па законе. Вось яны зараз мяне і прызнаюць экстрэмістам, дадуць штраф і забяруць усю апаратуру – і гэта ўсё будзе паводле закона. У мяне такі прагноз. Я ўпэўнены, што ціск на мяне як на музыку не меншы, чым на журналіста. Прабачце, але не такі ўжо тут я важны журналіст.
Яшчэ два тыдні таму Алесь Дзянісаў адчуваў маральны ціск з боку міліцыянтаў, якія тэлефанавалі да яго сваякоў, а таксама яму асабіста з мэтаю атрымання інфармацыі пра парушэнне законаў. А ў ліпені канфіскавалі ўсю камп’ютарную тэхніку і носьбіты інфармацыі ў яго і яго калегі па працы Алеся Кайрыса.