На Слонімшчыне вяскоўцы выказалі свой пратэст уладам Беларусі ў вершах.
Гэты вершаваны ліст ад жыхароў вёскі ў рэдакцыю «ГС» прынесла ўраджэнка Партызанаўкі Наталля Уладзіміраўна.
У размове з карэспандэнтам «ГС» жанчына сказала, што вяскоўцы тут калектыўна выказалі свой клопат і боль пра далейшы лёс роднай вёскі.
Кажуць, наша вёска аджывае.
Толькі мы пра гэта слухаць не жадаем,
Бо ў нас ёсць усё, што так патрэбна людзям.
Ёсць магазін, ёсць школа і садок,
Куды ўсе вядуць сваіх сыноў, дачок.
Лазня ёсць, дзе можна нам памыцца,
ФАП, дзе можам пры патрэбе палячыцца.
Ёсць царква, дзе можна памаліцца.
Пошта ёсць, ёсць клуб, бібліятэка
Ды ўсё ў нас ёсць, што трэба чалавеку.
Толькі вось адна у нас турбота —
Каб заўсёды маладым была работа,
Працавалі каб — не бедавалі,
Што канцы з канцамі не супалі.
Тады патрэбы не было б журыцца,
Што за камунальныя няма чым разлічыцца.
Тады яны ад нас не выязджалі б
І хаты тут тады не пуставалі б,
Мо школу ў нас тады не закрывалі б?
…Дык пачакайце крышку, не грашыце,
Партызанаўку вы нашу не губіце.
Пад гэтым шчымлівым лістом-зваротам да ўладаў сучаснай Беларусі, здаецца, маглі б падпісацца сёння жыхары ўсіх беларускіх вёсак ды паловы так званых аграгарадкоў.